Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паняцьце «грэў» ідзе з савецкіх лягерных часоў і азначае матэрыяльную падтрымку вязьню з волі. Бо арыштантам лягчэй сядзець, калі блізкія іх «грэюць» — шлюць за краты перадачы зь цёплымі рэчамі, ежай, цыгарэтамі ды гарбатай. Хай нават такія пасылкі невялікія ды прыходзяць рэдка. «Грэў» дазваляе зьняволеным выжываць, групавацца ў так званыя «сем’і» па некалькі чалавек і ў сваім маленькім асяродку дзяліць усё пароўну. Гэтак жыцьцё ў няволі робіцца лягчэйшым.

Аднак «грэў» мае ня толькі матэрыяльную вартасьць. Гэта і своеасабліваяа нябачная сувязь паміж тымі, каго разьвяла турма. Паводле маці палітвязьня Арцёма Пракапенкі, кожная перадача важная як для тых, хто яе атрымлівае, так і для тых, хто яе зьбірае, а потым перадае.

Юбілей за кратамі

Арцём Пракапенка

Арцём Пракапенка

27 ліпеня Арцёму, колішняму студэнту, а цяпер асуджанаму Магілёўскай калёніі, спаўняецца 25. Свой вырак — сем гадоў зьняволеньня — ён атрымаў за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску. Адседзеў ужо чатыры гады. Сёлета ўвесну Пракапенку адмовілі ў прэзыдэнцкім памілаваньні. Цяпер выглядае, што сядзець давядзецца «ад званка да званка» — яшчэ тры гады. Месяц таму хлопец атрымаў першыя віншаваньні ды падарункі ў сувязі зь юбілеем. Ад бацькоў. Арцём мае права на два працяглыя спатканьні ды дзьве перадачы ў год. Першую сёлета «працяглую» (каля сутак) сустрэчу з сынам дазволілі бацькам у чэрвені. Другая можа быць толькі праз паўгода — калі, зразумела, Арцёма зьнянацку не пакараюць нейкім ШЫЗА.

Віялета Пракапенка расказала «Свабодзе ў турмах» пра сваю з мужам апошнюю паездку да сына.

— Так, зьезьдзілі на так званы юбілей 25-гадовы.

— Як ваш настрой?

— Ну, вядома, увесь час узгадваеш, думаеш пра яго. Гэта такі боль, які ня пройдзе да таго часу, пакуль яго ня будзе тут, на волі. Але ж што рабіць?

— Арцём зьбіраецца ўвогуле неяк адзначаць гэты дзень? Ці ёсьць нейкае сяброўскае кола?

— Так. Звычайна яны самі робяць нейкі торцік. Пап’юць гарбаты-кавы, ды ўсё. Як яшчэ там можна нешта адзначыць?

— Аднак нешта прыйдзецца набываць у турэмнай крамцы?

— У іх там ёсьць нейкі шапік. Але, па-першае там кошты. Там нейкая нацэначная катэгорыя, як у рэстарацыях. Па-другое, ня шмат там і купіш. Гародніны ды садавіны там практычна не бывае. Улічваючы тыя цэны — што ён там можа купіць?

Зь ліста асуджанага К. да Людмілы Кучуры

«Прыяжджаў да нас з праверкай чалавек з ДВП. Я расказаў яму пра кошты ў ларку. Неўзабаве цэны зьнізілі, прычым істотна. Напрыклад: гарбата ліставая каштавала (цэны на канец ліпеня 2013-га) 23.000, стала каштаваць 17.000, кава „Жардын“ была 60.000 — стала 40.000, малы пачак зэфіру быў 8.000 — стаў 5.000, гарбата ў пакеціках была 21.000 — стала 16.000, алей быў 19.000 — стаў 15.000, журавіны, працёртыя з цукрам, былі 39.000 — сталі 36.000. Гэта асноўныя тавары, на астатнія цэны карэктуюцца».

— Акрамя сям’і, нейкая падтрымка яму ідзе звонку? Тыя ж грошы на рахунак?

— Не. Але ў ягоным выпадку я ня бачу нейкага сэнсу. Ён «злосны парушальнік», і ягоная атаварка ня можа быць большай за 360 тысяч. Тыя ж бабулі Арцёма хочуць унуку нешта пералічыць, але я кажу: навошта, каб грошы там проста так ляжалі? Мы дапамагаем — і дастаткова. Але падтрымка звонку ідзе ў іншай форме. У тых жа лістах.

— На юбілей вы, напэўна, адвезьлі адпаведную, юбілейную перадачу? Як прайшло спатканьне?

— Цяпер перадалі садавіну-гародніну. Гэта зьядаецца амаль адразу, дзеліцца зь іншымі. Тое ж самае — салодкае, сыры... Дарэчы, Арцём ня шмат есьць у сталоўцы. Не ўжывае ані рыбы, ані мяса... У асноўным — кашы ды бульбу. Напэўна, пад уплывам усходняй мэтодыкі цігун. Кнігу пра яе мы набылі яму па ягонай просьбе. Арцём такім чынам пазнае сябе... А так перад кожнай сустрэчай мы з бацькам хвалюемся. Спачатку наплачамся, потым ужо стараемся накарміць. Потым ужо пачынаем пра ўсё патроху гаварыць. Працяглае спатканьне, хоць у нас гэта меней за суткі замест належных трох, — гэта адзіная магчымасьць вось так паразмаўляць сам-насам. На кароткае сын нас просіць не прыяжджаць. Кажа: вам далёка ехаць, і калі няма перадачы, дык няма сэнсу. Бо праз шкло нічога такога асабістага ня скажаш — усё праслухоўваецца. Тое ж самае — тэлефанаваньне... Цяпер калёнія перагружаная, шмат вязьняў. І званкі скарацілі зь дзесяці хвілінаў недзе да шасьці.

— Як у Арцёма настрой, пасьля таго як яму адмовілі ў памілаваньні?

— Ну, нічога... Ён доўга ішоў на гэты крок. Не чакаў, што яму адмовяць... Тым больш што яму давалі зразумець, што пытаньне вырашыцца станоўча. Але ўспрыняў гэта нармальна: трэба жыць і ў тых умовах. Не скажу, што ён неяк азлобіўся...

— Як на вашу думку: тое, што «Свабода», іншыя СМІ расказваюць пра Арцёма — гэта шкодзіць яму там ці не?

— Па-рознаму. Калі нешта выносіцца ў СМІ — напрыклад, мы сказалі пра працу (дарэчы, цяпер Арцём працуе) і пра малыя заробкі, і ў яго пачаліся праблемы. Ён ня скардзіцца нам. Але ж я адчуваю. Кіраўніцтву калёніі не даспадобы, калі нейкая інфармацыя прасочваецца. Хаця, зь іншага боку, калі ў Арцёма былі праблемы з зубамі, а зубы там палячыць складана, гэтая інфармацыя, зьмешчаная на сайце, відаць трапілася на вочы некаму з ДВП. Арцёму ў выніку палячылі зубы, і, дарэчы, вельмі добра. Так што ў гэтым выпадку атрымаўся плюс.

«Зьбіраць паўнавартасныя перадачы ўсё цяжэй»

Як ні дзіўна, але лета (чэрвень-ліпень) многія зьняволеныя называюць галоднай парой. Новага ўраджаю яшчэ няма, а стары або згніў, або даўно зьедзены. Некаторыя вязьні пішуць дадому пра сталае пачуцьцё голаду, пра тое, што нават набіваць жывот сталоўскай ежай (пераважна гэта адна сечка) і розным фастфудам з турэмных шапікаў ані не памагае. Голад зьнікае, але зусім ненадоўга.

Традыцыйна на постсавецкай прасторы падтрымка вязьня ў турме — справа пераважна жаночая. Збор перадач у СІЗА ды калёніі ляжыць, як правіла, на плячах жанчын — маці, жонак, сясьцёр, дачок. Заўважана, што якраз жанчыны найчасьцей адпраўляюць з пошты пасылкі ды бандэролькі. І найчасьцей якраз іх можна ўбачыць зь непад’ёмнымі торбамі ля ўваходу ў папраўчыя ўстановы...

З размоваў гэтых жанчын можна пачуць і пра неймаверныя кошты прадуктаў, і пра тое, што з кожным годам зьбіраць паўнавартасныя перадачы ўсё цяжэй. А яшчэ ж і аплата адвакатаў, і пералічваньне грошай на разьліковы рахунак вязьня, каб той змог нешта набыць у шапіку. Вось невялікія інтэрвію на гэтую тэму, узятыя ля Івацэвіцкай калёніі

Магілёвец Юры цяпер бамжуе. У свой час адседзеў за кратамі сем гадоў за тое, што ў п’яным стане парнуў чалавека нажом. Прызнаецца: каб не перадачы з волі, ня вытрымаў бы выпрабаваньня турмой. Пасылкі сьведчылі, па-філязофску разважае бадзяга, што пра яго не забыліся. Асабліва, кажа, яны дапамагалі ў ізалятары, пакуль вялося сьледзтва. Даймалі думкі пра тое, што наперадзе, згадвае Юры:

«Самае цяжкое, калі няма з волі дапамогі. Ты ўчыніў злачынства і ўвесь час пра яго думаеш. Перажываеш. Тады дужа цяжка без падтрымкі з волі».

Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Былы заснавальнік «Плятформы» Міхаіл Жамчужны нядаўна быў асуджаны на шэсьць гадоў. Міхаіл, у мінулым вынаходнік, кандыдат тэхнічных навук, — чалавек самотны. Пакуль год утрымліваўся ў Віцебскім СІЗА, атрымліваў «грэў» (перадачы, грошы на рахунак, адвакацкія паслугі) ад «плятформаўцаў», таксама дапамагаў праваабарончы цэнтар «Вясна»,

Бліжэйшым часам былога заснавальніка «Плятформы» Міхаіла Жамчужнага этапуюць у адну з калёніяў для паўторна асуджаных. Згодна з законам дасылаць перадачы туды могуць толькі блізкія сваякі. Такіх у Міхаіла няма. Але перавесьці грошы на рахунак Міхаіла, каб ён нешта мог набыць у турэмным шапіку, мае права кожны.

Тэлевізар і радыё прынялі, але трымаюць у турэмнай капцёрцы

30-гадовы Раміз Мамедаў, які ўтрымліваецца цяпер у гарадзенскай турме№1, мае права на адну пасылку і адно кароткае (праз тэлефон) спатканьне ў год. Рамізу далі 24 гады і адзін месяц за забойства стрыечнай сястры. Яно здарылася ў верасьні 2003 году ў Лідзе. Сям’я ўпэўненая, што ён невінаваты. Сваякам удалося дамагчыся адмены прысуду. Аднак Гарадзенскі абласны суд, куды перадалі справу на новы разгляд, зноў яго зацьвердзіў.

Калі Раміз трапіў за краты, яму дапамагалі ўсёй сям’ёю. Але ўрэшце бацька ня вытрымаў, зьехаў. Сёньня вязьня падтрымліваюць дзьве жанчыны — маці і бабуля.

Галіна Варановіч і маці Раміза — Галіна Мамедава

Галіна Варановіч і маці Раміза — Галіна Мамедава

«Свабода ў турмах» сустрэлася зь імі ў Лідзе. Маці Раміза Галіна Леанідаўна восем год на пэнсіі, але працягвае працаваць. Яна апавядае:

«Адзін раз на год спатканьне і перадача. Цяпер ён у 121-й камэры, там 14 чалавек. Было спатканьне ў жніўні мінулага году, і зараз у жніўні павінна быць. Ён спадзяваўся, што дазволяць перадачу да Новага году, затым да дня нараджэньня 21 сакавіка абяцалі, але таксама не дазволілі. І цяпер вельмі сумуе. Прасіў, каб дазволілі спатканьне на месяц раней. Не дазволілі».

Акрамя спатканьня ды перадачы, застаецца такая камунікацыя, як ліставаньне. Але...

«Ягоныя лісты зьнікаюць, — кажа маці. — Я яму казала: паводле заканадаўства ў турмах не павінна быць скрынак паштовых. Нехта з адміністрацыі павінен забіраць у іх лісты. Калі аддаеш, ведаеш, каму і калі аддаў. А яму кажуць; не, кідай у скрынку. Вось ён кідае ў скрынку, а лёс іх далей няясны. Я атрымала пазаўчора ліст. Ён кажа, што гэта чацьвёрты ліст, які я табе адаслаў з гэтай новай камэры. А я атрымала толькі другі. Значыць, два ўжо невядома дзе».

Бабуля Галіна Ўладзіміраўна (1932 году нараджэньня) перадае дачцэ апошні ліст, які атрымала ад унука. Маці Раміза (яна яго называе Ромам) чытае:

«Бабуля, я табе пісаў ужо, што можна цяпер на 360 тысяч атаварвацца за месяц. Але дасылай, на колькі атрымаецца, і за гэта дзякуй. Табе, родная, я й так вельмі ўдзячны за ўсё. Ты ў мяне самая лепшая на сьвеце, я цябе вельмі люблю. Я ўжо хваляваўся за цябе, бо лістоў не было ні ад цябе, ні ад мамы. Баяўся, каб з табой нічога ня здарылася. Не хачу пра гэта нават і думаць. Ты павінна мяне дачакацца, ты ў мяне моцная. Дый Бога пастаянна малю, каб даў табе сілы і здароўя».

З Горадні да Ліды (дзе жыве бабуля) і да Мінойтаў (непадалёк ад Ліды) лісты ідуць доўга, мінімум два-тры тыдні, кажа Галіна Мамедава. Бабуля дадае: рэдка калі атрымаеш два лісты за месяц, звычайна толькі адзін.

Галіна Варановіч трымае турэмныя лісты ўнука Раміза

Галіна Варановіч трымае турэмныя лісты ўнука Раміза

Часопісы, газэты дасылаць нельга, кажа маці Раміза. Яна выпісвае за краты сыну тыя дзіцячыя выданьні, якія можа асіліць фінансава: «Стрекозу» і «Простые уроки рисования». Гэта каб ён даслаў іх потым дачцэ Рэнаце. Спачатку сам прачытае, потым адашле ёй, і ўжо ёсьць тэма для размовы: што ёй падабаецца, што не, кажа маці:

«Неяк з „Аргументов и фактов“ вырвала два аркушы з круглым сталом 27 траўня, даслала яму, але вярнулі назад — „толькі па падпісцы“. Нават дзьве старонкі нельга адправіць. А там менавіта пра тое, што датычыць яго. Там мой здымак, і я гавару пра ягоную справу. Я дасылала старонку зь „Лідзкай газеты“, дзе давала віншаваньне яго дачцэ з заканчэньнем навучальнага году, я так раблю ўжо пяць гадоў: яна пасьпяхова заканчвае, я дару ёй падаруначак і віншую. І гэтае віншаваньне ў газэце таксама вярнулася з канвэртам. Я яму выпісваю толькі дзіцячыя для дачкі, астатняе матэрыяльна складана».

Прынялі для яго тэлевізар, радыё з навушнікамі я купляла новае. Усё ў капцёра. Нічога не даюць

«Прынялі для яго тэлевізар, радыё з навушнікамі я купляла новае. Усё ў капцёра. Нічога не даюць. Піша заяву, піша, яны самі вырашаюць — хочуць дадуць, хочуць не. А ўзяць макасіны. Ён жа ня можа ў берцах хадзіць. Там шлёпанцы знасіліся, перадачы няма цэлы год. Я перадала б новыя, але як перадаць? І заяву не падпісваюць».

А зь лячэньнем зусім страшна, працягвае Галіна Мамедава:

«У Івацэвічах у сына пастаянна балеў жывот. Такі боль, што немагчыма. У яго язва пачалася, а ён пра гэта ня ведаў. Ноч ня сьпіць. Прыйдуць раніцай, дадуць ношпу. Усё, сьцішыўся боль. Ён скурчыўся, заснуў. Я падлічыла, у яго ў выніку дванаццаць пакараньняў за сон у неналежны час. То ён сьпіць на падлозе, накрыўшыся ручніком, то на спальным месцы, завесіўшыся ватнікам. Яго караюць, у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) саджаюць. Колькі ён зьвяртаецца, колькі піша — каб да доктара. Яго ж трэба завезьці туды, ці каб доктар сам прыйшоў. Не. Да таго часу, пакуль у яго не адкрываецца язва, кровацячэньне. Так, яна залечваецца, але не да канца. І пры такіх умовах жыцьця. Яшчэ сын набыў за кратамі прастатыт. Малады хлопец, а хваробаў цэлы букет. Ён лечыцца сам. Пачытаў літаратуру, дыягназ сабе сам паставіў. Я кажу: Рома, ты хоць раіўся з тэрапэўтам? Летась, калі яго бачыла, у вачах такая маркота, што глядзець нельга. Вось хутка, у жніўні, ізноў сустрэнемся».​

У адной з бліжэйшых праграмаў «Свабоды ў турмах» мы раскажам больш падрабязна пра гісторыю Раміза Мамедава і яго 11,5 гадоў за кратамі.

Прыбалтыйскія вязьні настальгуюць аб савецкіх перадачах

З развалам СССР і ўступленьнем у ЭЗ маладыя краіны Балтыі сталі першымі на постсавецкай прасторы, чые пэнітэнцыярныя ведамствы, згодна з агульнаэўрапейскімі стандартамі, забаранілі перадачы вязьням за кратамі Адначасна ў літоўскіх, латвійскіх ды эстонскіх турмах стаў істотна больш разнастайны рацыён харчаваньня, сама ежа стала больш збалянсаваная па суадносінах вітамінаў, тлушчаў, бялкоў ды вугляводаў. Адно што порцыі сталі меншымі. Затое турэмныя шапікі адкрытыя штодня.

Валер Савянкоў

Валер Савянкоў

Колішні жыхар Менску, а цяпер віленчук Валер Савянкоў, які зазнаў савецкія, беларускія ды літоўскія турмы, вядомы за кратамі як аўтар сотні (!) скаргаў у Мін’юст Літвы, а таксама ў эўрапейскія структуры на тое, што не выконваюцца правы вязьняў (у тым ліку нормы харчаваньня). Ён перакананы, што з адменай перадач усё болей літоўскіх зэкаў галадаюць. У якасьці адной з прычынаў, чаму перадачы вырашылі забараніць, Валер Савянкоў называе наступную: разам зь ежай у вязьніцы могуць трапляць і наркотыкі.

Паводле Валера Савянкова, многія зэкі былых рэспублік савецкай Прыбалтыкі шкадуюць аб адмене пасылак за краты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG