Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін і «Дажынкі» у Талачыне


Бюст Леніна ў Талачыне, фота газеты «Наша Талачыншчына»
Бюст Леніна ў Талачыне, фота газеты «Наша Талачыншчына»

Месяц таму анансавалася, што ў райцэнтры зладзяць прамую тэлефонную лінію, каб вывучыць думку мясцовых жыхароў наконт пераносу помніка Леніну з цэнтральнай плошчы ў іншае месца. І што канчатковае рашэньне пасьля шырокага абмеркаваньня грамадзкасьцю празь месяц прыме сэсія райсавету.

Месяц прамінуў. Але да адной думкі шараговыя талачынцы і раённыя ўлады так і не прыйшлі.

Помнік Леніну прапанаваў перанесьці райвыканкам — гэта зьвязана з падрыхтоўкай Талачына да сёлетніх «абласных Дажынак". Улады вызначылі для яго новае месца — сквэрык каля плошчы. Аднак талачынцы не падтрымалі гэтую ініцыятыву.

Паводле вынікаў тэлефоннай лініі, дзе званкі жыхароў прымаў сёлета прызначаны на пасаду старшыні райвыканкаму Сяргей Ягораў, многія талачынцы ня хочуць пераносу. Раённая газэта «Наша Талачыншчына» надрукавала справаздачу наконт тэлефонных гаворак па гэтай праблеме.

Нехта зь мясцовых жыхароў прапануе не перанесьці, а зьнесьці помнік увогуле. Шмат хто зьвяртае ўвагу кіраўніцтва на тое, што на перасоўваньне помніка няма лішніх сродкаў.

Старшыня райвыканкаму, адказваючы на тэлефанаваньні, казаў, што плян рэканструкцыі цэнтральнай плошчы ўжо ёсьць, аднак неабходна выканаць яшчэ адну фармальнасьць — пацікавіцца думкамі жыхароў Талачына. Што да сродкаў на перанос, то гэта невялікія выдаткі, лічыць старшыня райвыканкаму, затое плошча «вызваліцца дзеля правядзеньня масавых мерапрыемстваў тых самых «Дажынак», а помнік Леніну «будзе аформлены клюмбамі, каля яго паставяць лавачкі, з усіх бакоў да яго будуць падыходы» і «падчас шэсьця сьвяточных калёнаў з нагоды ўрачыстасьцяў у краіне, або Дня гораду, мы будзем у гэтым месцы прыпыняцца, ускладаць вянкі і кветкі».

У размовах з гараджанамі Сяргей Ягораў выказваў уласную пазыцыю — тую, што трэба шанаваць гісторыю і «рэвалюцыю, якая прывяла да пераўладкаваньня сьвету».

Але ў Талачыне ёсьць нямала тых, хто ня лічыць, што да Леніна ў нашы дні трэба ставіцца з такой самай пашанай, як у савецкія часы. У камэнтарах на сайце раёнкі http://www.natal.by/2015/02/10/%D0%BE%D0%B1%D1%81%D1%83%D0%B4%D0%B8%D0%BC-%D0%B8-%D0%BF%D0%BE%D0%B4%D1%83%D0%BC%D0%B0%D0%B5%D0%BC-%D0%B2%D0%BC%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B5-%D0%BF%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D1%82%D0%BD%D0%B8%D0%BA%D1%83-%D0%BB людзі пішуць, што помнік ужо аджыў сваё, што яго можна зьнесьці або пераўсталяваць дзесьці далей ад цэнтру — прыкладам, каля музэю. Толькі ня ў сквэры, які варта «пакінуць дзецям для гульняў».

Хто-ніхто прапануе ўвогуле спыніць абмеркаваньні, бо яны непажаданым чынам абвастраюць палітычную сытуацыю ў грамадзтве. А многія і ўвогуле ня вераць, што іхная думка паўплывае на канчатковае рашэньне ўладаў аб пераносе помніка. Тым больш што старшыня выканкаму спадар Ягораў даў зразумець: плян рэканструкцыі плошчы ўжо зацьверджаны, так што помнік «пераедзе» абавязкова. І менавіта ў тое месца, якое вызначаць улады — у сквэр.

Але афіцыйных высноваў так і не чуваць. Замест вынікаў абмеркаваньня раёнка разьмясьціла хіба толькі... абвяржэньне http://www.natal.by/2015/03/16/%D0%BF%D1%80%D0%B8%D0%BD%D0%BE%D1%81%D0%B8%D0%BC-%D0%B8%D0%B7%D0%B2%D0%B8%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%B8%D1%8F-%D0%B7%D0%B0-%D0%BD%D0%B5%D0%BF%D1%80%D0%BE%D0%B2%D0%B5%D1%80%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D1%8B%D0%B5 наконт інфармацыі пра помнік. Яно тычыцца ня сутнасьці праблемы, а таго, што месяц таму паведамлялася, нібыта пытаньне пра перанос помніка Леніну было абмеркавана на сэсіі райсавету. Аказваецца, не на самой сэсіі, а «па-за рамкамі парадку дня». Нібыта гэта — самае істотнае ў дадзеным пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG