Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўчан: «Лекар раптам сказаў, што гэта ранейшыя пераломы»


Андрэй Моўчан
Андрэй Моўчан

Зьбіты міліцыянтамі актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан па-ранейшаму знаходзіцца ў шпіталі «Хуткай дапамогі».

«Лекар, які назірае за мною, раптам сказаў, што ўсе мае пераломы — ранейшыя. Я яму кажу, што ў мяне дагэтуль ніколі не была зламаная сківіца. А ён адказвае, што нічога пра гэта ня ведае», — заявіў Моўчан «Свабодзе».

«Тады я спытаў, дык што, мяне будуць выпісваць, і калі? Лекар адказаў: можа, і заўтра. Але ў мяне па-ранейшаму баліць галава. Ды і з вокам невядома што, усё заплыло. Акуліст прыйшла, выпісала нейкія кроплі. Вось пакуль і ўсё» — дадаў зьбіты актывіст «Эўрапейскай Беларусі».

Ён таксама паведаміў, што ўчора ўвечары да яго тэлефанавалі з міліцыі: «Спыталіся, дзе я зараз знаходжуся? — Я адказаў, што ў „Хуткай дапамозе“. — Тады мы самі да вас прыедзем».

Пакуль, кажа, міліцыянты не прыходзілі.

19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ва Ўруччы на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі. Паводле папярэдняй высновы лекара, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

Палатны доктар Моўчана — Аляксандар Кудзіч


Шпіталь “Хуткай дапамогі“ набыў вядомасьць, у тым ліку і за межамі Беларусі, пасьля выпадку з былым кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым.

Менавіта ў гэтую лякарню 19 сьнежня 2010 году быў дастаўлены зьбіты Ўладзімер Някляеў.

Тагачасны галоўны хірург Віктар Сірэнка сказаў, што ў Някляева няма траўмаў, несумяшчальных з жыцьцём, і прапанаваў пакінуць лякарню.

Праз пэўны час Віктар Сірэнка пайшоў на падвышэньне. Яго прызначылі кіраўніком камітэту аховы здароўя менскага гарвыканкаму.

Цяпер Сірэнка ўваходзіць у “чорны сьпіс“ чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG