Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абдоймах вады: легендарныя беларускія астравы


Таямнічы востраў Ду. Тут і далей — Фота Сяргея Плыткевіча, PlanetaBelarus.by
Таямнічы востраў Ду. Тут і далей — Фота Сяргея Плыткевіча, PlanetaBelarus.by

Дзе шукаць найвялікшы востраў краіны? З чаго жылі астраўляне Браслаўшчыны? Чаму людзі пакінулі абжыты востраў на возеры Мядзель? Як расьце востраў-прывід? Пакуль ваду не скаваў лёд, наша аўтарка Яна Шыдлоўская запрашае ў падарожжа на беларускія астравы.

1. Таямнічы востраў Ду

Найвялікшы востраў Беларусі плошчай 5 квадратных кілямэтраў трэба шукаць на Асьвейскім возеры, вялікім, плыткім, улетку — цёплым, з вялікай колькасьцю рыбы і ракаў. Старажытную кароткую назву Ду востраву пакінулі фінавугорскія плямёны, што ў перакладзе на сучасную мову азначае «возера», а ў нашым выпадку — азёрны востраў. Па іншай вэрсіі, на востраве існавала балцкая вёска Ду (што перакладаецца як «два») з уласным прыходам і царквой Раства Багародзіцы. Ляндшафт вострава ўпрыгожваюць дзьве гары — Гарадок і Пярунка. Паводле легенды, у апошнюю заўсёды бʼе Пярун, а на Гарадку ёсьць вялізная яміна, куды нібыта праваліўся пастушок. Там ён сустрэў мітычных Бабу і Дзеда з сабакам, якія далі хлопцу золата і дапамаглі выйсьці наверх. Суседзі, даведаўшыся, як узбагаціўся пастушок, паслалі на гару двух іншых хлопцаў, але тыя скарбаў не адшукалі і дамоў ужо не вярнуліся.

На сучасных картах найбуйнейшы востраў краіны пазначаны імем Востраў. Такую назву мела і астраўная вёска, што налічвала больш за паўсотні двароў з крамай, фэрмай, уласным клюбам і дызэльная падстанцыяй. Дабірацца да вострава можна было на лодках, пешшу альбо на санях па лёдзе, а пасьля вайны — на пароме. Рэшткі падстанцыі, старыя вясковыя могілкі, дзічкі былых пладовых садоў цяпер нагадваюць пра часы, калі на востраве жылі людзі. Ён зрабіўся бязьлюдным у 1970-м. Цяпер Востраў прызнаны заказьнікам, дзе жывуць ваўкі і ласі, ды добрым месцам для назіраньня за птушкамі. Магчыма, на востраве зьявяцца адмысловыя месцы для фотапаляваньня, адкуль можна будзе злавіць у абʼектыў белагаловага арлана альбо белую чаплю.

2. Востраў-прывід Асьвейскага возера

Плывучы востраў, як напамін аб рамане Жуля Верна, — другая цікавостка Асьвейскага возера. Не замацаваны да дна, ён паволі перасоўваецца па возеры з сярэдняй, у залежнасьці ад ветру, хуткасьцю 1-1,5 кілямэтры ў гадзіну. Структурай востраў, які мясцовыя жыхары называюць Гаспадаром, нагадвае гняздо. Замест глебы — пераплеценыя водарасьці, карані, гальлё. Хадзіць па іх можна, але небясьпечна. Найбольш верагодна — узімку, калі Асьвея пакрываецца лёдам. З расьліннасьці на востраве — гнуткія дрэўцы і хмызьняк, якія аблюбавалі тутэйшыя птушкі. Штогод востраў павялічваецца ў памерах, бо падчас заплыву зьбірае ўсё на сваім шляху і разам з іншымі, але больш дробнымі плывучымі астравамі спрыяе забалочваньню возера. Праз некалькі сотняў гадоў востраў з прароцкаю назвай мае шанец стаць сапраўдным Гаспадаром Асьвеі. Рыбакі, відаць, у адплату за загубленыя сеткі, далі востраву назву Прывід. Кажуць, па насьціле з гальля ўначы ходзіць бязважкая і даволі нэрвова здань, што крыкамі і стогнамі пужае людзей і рыбу. Як сьцьвярджаюць рыбакі, рыба каля плывучага вострава, сапраўды, не клюе. Больш прагматычна настроеныя асьвейцы перакананыя, што ролю здані на Гаспадары выконваюць андатры.

3. Востраў Чайчын на возеры Струста

На Браслаўшчыне налічваецца больш за сотню азёрных і рачных астравоў — гэта значная частка ад усіх астравоў краіны. Ды і само мястэчка, верагодна, калісьці было востравам. На карце Полацкай зямлі 1579 году картограф Станіслаў Пахалавіцкі паказаў Браслаў на акружаным вадою востраве. Браславу наканавана было заставацца невялікім паселішчам — росту мястэчка перашкаджалі навакольныя азёры.

Другое месца па велічыні займае адзін з найпрыгажэйшых астравоў краіны — Чайчын у цэнтры вялікага і маляўнічага возера Струста на Браслаўшчыне. Да паніжэньня ўзроўню вады ў 30 гады ХХ стагодзьдзя яго паўночная частка была самастойным востравам Юркоў. Чайчын, Юркоў і суседні востраў Шова ўтваралі невялікі архіпэляг, дзе існавала вёска Востраў Струста. У 1931 годзе тут было 6 хат, у якіх жыло і 27 чалавек. Цяпер архіпэляг незаселены. Прыгажосьці Чайчыну надае пакручастая палоска берага з глыбокімі затокамі, вузкімі перашыйкамі і пясчанымі пляжамі. На востраве ёсьць невялікае ўнутранае возера, здаўна багатае на карасёў. Пагоркі на Чайчыне зьмяняюцца нізінамі, парослымі хваёвым лесам, ядлоўцам 3-4 мэтры ў вышыню і бярозавым гаем, дзе сустракаецца нетыповая для Беларусі карэльская бяроза.

4. Востраў Турмас на возеры Снуды

Возера Снуды на Браслаўшчыне лічылася адным з самых рыбных — асаблівым попытам карысталіся шчупакі, сьняток і сялява. Да канца ХІХ стагодзьдзя тут лавілі вялікую колькасьць ракаў, якія на калёсах даяжджалі аж да Прусіі. Прыезду гандляроў ракі чакалі ў пабудаваных на мелкаводзьдзі зрубах. У адзін з сэзонаў на пачатку ХХ стагодзьдзя па невядомай прычыне буйны заказ купцы не забралі. Сапсаваны тавар кінулі ў возера, і з тае пары ракі на Снудах амаль што зьніклі.

Рыбацкім промыслам займаліся і на востраве Турмас, што на возеры Снуды. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя 13 жыхароў астраўной вёскі насілі прозьвішча Шаркялі. Тры сямʼі жылі ў дзьвюх хатах, да вялікай зямлі дабіраліся на лодках, узімку — па лёдзе. Часам у міжсэзоньне па тонкім лёдзе да іншага берага дабрацца было немагчыма, і астраўляне ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў заставаліся без сувязі з берагам.

Браслаўскія астраўляне з большага займаліся рыбалоўствам і земляробствам, аднак былі і такія, што абіралі іншыя рамёствы. Так, Крыжовы востраў на возеры Бужа ў 20-30 гг. ХХ стагодзьдзя адкупіў Антон Матуль. На 6 гектарах зямлі ён займаўся сельскай гаспадаркай, а ў вольны час шыў вопратку, і быў неблагім майстрам. Спачатку кліенты перапраўляліся да шаўца на лодках, а потым для зручнасьці заказчыкаў гаспадар збудаваў пешаходны мост.

Астравы Чайчын і Турмас, а таксама 7 астравоў возера Струста і 11 — на возеры Снуды можна пабачыць з аглядальнай вежы гары Маяк.

5. Востраў Замак на возеры Мядзель

Найбуйнейшы з васьмі астравоў возера Мядзель вядомы пад назвай Замак. Старажытны горад на востраве, які балты назвалі Мядзель, што ў перакладзе азначае лясны ці драўляны, узьнік на востраве, верагодна, у Х-ХІ стагодзьдзях. Атачалі яго высокія драўляныя сьцены, якія праз некалькі сотняў гадоў па загаду Гедыміна замянілі каменнымі, каб трымаць абарону ад крыжацкіх нападаў. Паселішча было добра ўмацаванае і ў часы небясьпекі прымала да сябе жыхароў іншых астравоў, якія, кінуўшы дамы і гаспадарку, маглі заставацца ў Мядзелі некалькі месяцаў. Аднак, у першай палове XV стагодзьдзя пакінуць квітнеючы астраўны горад людзей прымусіла чума, што на 50 гадоў пазьней за эўрапейскую эпідэмію патрапіла на востраў разам з замежнымі купцамі. Мядзель пачалі будаваць зноў. Гэтым разам — на вялікай зямлі.

Зьвязаны востраў і з імем каралевы польскай і вялікай княгіняй Літоўскай Боны Сфорцы, якая атрымала тутэйшыя мясьціны разам з возерам у падарунак ад свайго мужа Жыгімонта Старога. Згодна легендзе, сучасны Мядзель калісьці атачалі тры велічныя палацы-замкі, кожны з якіх стаяў на асобнай высьпе. Называліся яны Мядзель, Нарач і Мястра. Апошні, кажуць, быў пастаянным месцам жыхарства каралевы.

6. Востраў Замак на возеры Дрысьвяты

На беразе возера Дрысьвяты стаіць аднайменная вёска з драўляным Петрапаўлаўскім касьцёлам, спраектаваным архітэктарам Лявонам Вітан-Дубейкаўскім. А на самім возеры абарончым валам узвышаецца востраў Замак. У ХІ-ХІІІ стагодзьдзях на гарадзішчы ўзводзяцца ўмацаваньні Полацкага княства, а побач — невялікі пасад з насельніцтвам каля 400 чалавек. Востраў і замак на ім неаднойчы ўзгадваліся і ў пісьмовых крыніцах XV-XVI стагодзьдзяў — як умацаванае паселішча Вялікага княства Літоўскага. Каля замка ляжаў панскі двор, мястэчка з рынкам, трыма вуліцамі і касьцёлам. На вялікі бераг з вострава вялі два масты. У замку прыпыняўся падарожнік Жыльбэр дэ Лянуа і вялікі князь Аляксандар Ягелончык з жонкай Аленай. У XVII стагодзьдзі плян вострава Замак на возеры Дрысьвяты нанясе на карту вядомы польскі картограф Юзаф Нарановіч-Нароньскі. На той час ад замка застануцца рэшткі драўляных сьцен і тры вежы без дахаў. Гаспадар тутэйшых мясьцін гетман Сапега загадае астраўлянам пераехаць на вялікую зямлю.

На востраве Замак шмат гадоў працавалі археолягі, вывучаючы культурны пляст паселішч пэрыяд Полацкага княства і часоў ВКЛ, доўгі час пахаваныя пад гаспадарчымі надзеламі. Цікавыя знаходкі, сярод якіх праселка з надпісам і крыжы-складні ХІ-ХІІІ стагодзьдзяў, пісала, шахматная фігурка захоўваюцца ў Браслаўскім музэі. Там жа можна даведацца аб старажытным рыбалоўстве Беларусі, пачынаючы ад жалезнага веку.

7. Востраў Замак на возеры Іказьнь

Астраўныя ўмацаваньні на возеры Іказьнь пачаў закладаць браслаўскі староста Ян Сапега, які набыў мястэчка на беразе разам з возерам за 200 капеек «грошаў шырокіх» у апошні год XV стагодзьдзя. Абарончыя сьцены замка з каменя і цэглы ў тэхніцы паласатай муроўкі, гліняныя валы з драўлянымі канструкцыямі і дзьве вежы ўзвышаліся над драўлянай забудовай мястэчка — у XVI стагодзьдзі замак быў цэнтрам вялікіх уладаньняў Сапегаў на Браслаўшчыне. Значную частку вострава займаў абнесены земляным валам падзамак. Ля сьцен замка быў выкапаны штучны ставок для рыбы, што пратокай злучаўся з возерам. З берагам востраў быў злучаны наплаўным мостам на спэцыяльных чаўнах, які ў выпадку небясьпекі хутка разьбіраўся, а чаўны прытапліваліся. Замак быў разбураны ў пачатку XVIII стагодзьдзя падчас Паўночнай вайны. Існуе паданьне, што непрыяцель доўга не мог авалодаць замкам і ўжо зьбіраўся зьняць аблогу, як раптам на востраў па прытопленым мосьце перайшла карова. Усьлед за каровай на востраў уварваліся і ворагі. Другая легенда кажа аб тым, што на дне возера недалёка вострава ляжыць ня знойдзены дагэтуль скарб XVII стагодзьдзя.

8. Востраў Манастыр, альбо Кляштар на возеры Несьпіш

Яшчэ на пачатку ХІХ стагодзьдзя на востраве ў паўднёва-ўсходняй частцы возера Несьпіш на Браслаўшчыне гучалі званы і адбываліся ўрачыстыя набажэнствы. Браслаўскі мужчынскі манастыр з царквой і жылымі будынкамі пабудавалі на востраве ў XV стагодзьдзі. Існаваў ён за кошт уласнай гаспадаркі і ахвяраваньняў. Шчодра адарыла манастыр жонка Аляксандра Ягелончыка княгіня Алена. Манастыр стаў уладальнікам возера і шэрагу навакольных паселішчаў. З 1635 года манастыр становіцца ўніяцкім. З берагам востраў лучыўся двума мастамі, каля галоўнага з якіх для падарожнікаў працавала аўстэрыя, альбо заезны двор. Паломнікі прыяжджалі на востраў, каб пакланіцца абразу Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў і апякунцы ўсёй Браслаўшчыны, які лічыўся цудадзейным. З-за вялікай колькасьці людзей набажэнствы адбываліся ў полі, акурат на беразе возера. У 1832 годзе на высьпе здарыўся страшны пажар, які не пашкадаваў манастырскіх будынкаў. А вось абраз ацалеў. Паводле паданьня, яго знайшлі на суседнім востраве Сьвятым, дзе ад пачатку існаваньня манастыра быў устаноўлены крыж. З вострава Сьвятога па-ранейшаму цудадзейны абраз перанесьлі ў алтар Браслаўскага касьцёла, дзе яго можна ўбачыць і цяпер. 24 жніўня ў Браславе адбываецца вялікае сьвята — ушанаваньне Маці Божай Валадаркі Азёраў.

9. Востраў на Князь-возеры

Возера Чырвонае на Палесьсі, якое ў розныя часы называлася Князь-возера, Жыценскае альбо Жыд-возера, шырока ахутана легендамі і паданьнямі. Захаваліся цікавыя гісторыі і пра азёрныя астравы. Так, жыў у мястэчку Жыткавічы ў ваколіцах возера габрэй, што ўтрымліваў уласную карчму. Адзін з князёў — ці то з роду Радзівілаў, ці то з Вітгенштэйнаў, ці то з Ягелонаў — закахаўся ў дачку карчмара і загадаў пабудаваць для габрэйскай прыгажуні на адным з пяці астравоў возера велічны замак. Лепшыя майстры Случчыны выконвалі загад князя, аднак вясеньняя паводка не пашкадавала іх працы, разбурыўшы магутныя муры. З тае пары возера атрымала назву Жыд. Па іншай легендзе, у замку быў зьняволены адзін са слуцкіх князёў Алелькавічаў, якім належала Князь-возера. Старэйшы брат узьненавідзеў малодшага і замкнуў яго на востраве. Вязень загінуў ад той жа паводкі, што ўвесну разбурыла замак.

10. Востраў Стэфана Баторыя і Бэрнардынскі востраў на рацэ Дзьвіне

Умацаваны некалі востраў, з якога пачалася гісторыя мястэчка Дзісна, ляжыць на сутоцы Заходняй Дзьвіны і Дзісны. У часы Полацкага княства ён называўся Капец, альбо земляныя ўмацаваньні. У другой палове XVI стагодзьдзя будаўніцтва магутнага замка на востраве распачынае кароль Стэфан Баторый. Востраў сталі называць Старым Замкам — уздоўж вострава вырасла ўмацаваная крэпасьць, якую абаранялі высокія валы з дзевяцьцю вежамі. Дзісьненскі замак выконваў абарончую функцыю падчас войнаў XVI-XVIII стагодзьдзяў, быў мытняй, дзе адбываўся дагляд тавараў. На высьпе былі і гандлёвыя склады: дзісьненьскія гандляры везьлі ў Рыгу сала, хлеб, воск, мёд, рыбу. Перажыўшы вайну 1812 году, замак быў канчаткова разбураны пажарам 1882-а. Цяпер ад велічнага фарпосту на востраве Стэфана Баторыя засталіся толькі парослыя хмызьняком руіны. Дарэчы, акурат ля вострава, на сутоцы рэк знаходзіцца сярэдзіна Заходняй Дзьвіны.

Яшчэ адзін маляўнічы востраў, які называюць Бэрнардынскім, знаходзіцца на Заходняй Дзьвіне ў межах мястэчка Друя насупраць былога кляштара бэрнардынцаў, заснаванага ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Востраў належаў манахам, дзе яны, узьвёўшы гаспадарчыя пабудовы, займаліся земляробчымі працамі. Паводле аднаго з паданьняў, кляштар і востраў злучаліся падземным ходам. Другая назва вострава Царкавішча — кажуць, на ім уфундавала храм Перамяненьня Гасподняга княгіня Вольга.

Фота Сяргея Плыткевіча, PlanetaBelarus.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG