Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Злотнікаў пра чарговы расейскі крэдыт: Мы ідзём па шляху Грэцыі


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

У пятніцу ў Маскве было падпісанае пагадненьне пра выдзяленьне Беларусі крэдыту памерам 760 мільёнаў даляраў тэрмінам на 10 гадоў. Паступленьня грошай чакаюць бліжэйшымі днямі.

«24 ліпеня ў Маскве міністэрствы фінансаў Беларусі і Расейскай Федэрацыі падпісалі міжурадавае пагадненьне аб узычэньні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту. Пагадненьнем прадугледжана выдзяленьне фінансавых рэсурсаў у расейскіх рублях на суму 760 мільёнаў даляраў, тэрмін — 10 гадоў, уключна з 4-гадовым ільготным пэрыядам», — паведамляецца на сайце мінфіну Беларусі.

«Мы трывала ідзём па шляху Грэцыі», — пракамэнтаваў навіну эканаміст Леанід Злотнікаў. Паводле экспэрта, рэсурсы Беларусі па пакрыцьці раней узятых крэдытаў імкліва зьніжаюцца, што можа прывесьці да такога ж фінансавага крызісу, які перажывае Грэцыя.

«Гэтыя грошы пойдуць адразу на пагашэньне крэдытаў, якія раней узялі ў Расеі. Расейцы толькі напішуць, што выдзелілі, а нашы ім напішуць, што заплацілі ў лік даўгоў, якія мусілі аддаць. А краіна гэтых грошай фактычна і ня ўбачыць.

Значыць, справы ідуць дрэнна, калі мы ня можам аддаць грошы за ранейшыя крэдыты і зноў пазычаем. А наступны крэдыт ў 1,5 мільярда даляраў мы мусім вярнуць ужо ў жніўні ў Эўропу — цяпер за нашы аблігацыі, якія мы 5 гадоў таму выпусьцілі на рынку эўрабондаў. Там былі ўмовы, што цягам 5 гадоў мы плацім па працэнтах, а тады гасім ужо самі аблігацыі. Штогод мы плацілі па працэнтах як мае быць, гэтых працэнтаў мусілі сплаціць недзе на 450 мільёнаў даляраў, але цяпер трэба сплаціць усе 1,5 мільярда, якія пазычылі пад аблігацыі. Гэты тэрмін — жнівень».

Адкуль краіна возьме грошы на пакрыцьцё гэтых даўгоў? Леанід Злотнікаў пэўна называе толькі адну крыніцу — гэта золатавалютныя рэзэрвы, якіх засталося, паводле экспэрта, «на адзін раз на пакрыцьцё даўгоў».

«Магчыма, яшчэ ўдасца штосьці хутка прадаць, прыватызаваць якое вялікае прадпрыемства, ці зноў з Расеяй дамовіцца, але часу вельмі мала. Ведаю, што з Расеяй вядуцца перамовы пра яшчэ адзін крэдыт, у 3 мільярды даляраў, але да жніўня, відаць, не пасьпеюць. Таму я і кажу, што мы трывала ідзём па шляху Грэцыі, вось толькі невядома, хто нас будзе ратаваць, як цяпер Эўропа ратуе Грэцыю. Мы бясконца бяром адны крэдыты, каб вярнуць ранейшыя крэдыты, але рабіць гэта ўсё складаней. Вось у першым квартале году не атрымалася. Мы аддалі па працэнтах за ранейшыя крэдыты 1,7 мільярда даляраў, а новых крэдытаў узялі толькі 1,2 мільярда. Амаль паўмільярда даляраў у дэфіцыце, і гэтая розьніца будзе павялічвацца», — мяркуе Леанід Злотнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG