Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі супраць Расеі — беларускі рубель абясцэніцца яшчэ на 10-15%


Леанід Заіка

Леанід Заіка

Як будуць адбівацца санкцыі Захаду супраць Расеі на беларускай эканоміцы? Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка патлумачыў карэспандэнту Свабоды:

«Тут сытуацыя даволі цікавая, бо расейскае эмбарга, як адказ на санкцыі ЭЗ, спрацавала на карысьць Беларусі. Практычна дало магчымасьць больш пасьпяхова прадаваць харчовыя тавары. Хаця ў цэлым у крызіснай сытуацыі казаць пра пасьпяховасьць даволі складана. Другі момант.

Расея страціла магчымасьць займаць крэдытныя рэсурсы на эўрапейскім і амэрыканскім фінансавых рынках, і гэта паменшыла актыўнасьць укладаньняў, інвэстыцыйных праграм расейскага бізнэсу. То бок гэта нэгатыўна адбілася на Беларусі. Паменшыліся ўжо апэтыты купляць беларускую ўласнасьць. Тут у некаторай ступені захоўваецца магчымасьць абмежаванага эканамічнага сувэрэнітэту з гледзішча захопу ўласнасьці расейскім капіталам.

А ў цэлым санкцыі, эмбарга вядзе да канцэнтрацыі эканамічных сувязяў паміж Расеяй і Беларусьсю, што замыкае пэўную эканамічную прастору. Але дагэтуль асабліва пазытыўнага эфэкту не было. Расейская і беларуская эканомікі павінны прайсьці фазу крызісу адноснай перавытворчасьці. Хутчэй за ўсё, працяг санкцый ужо на існую сытуацыю не паўплывае».

Паводле спадара Заікі, сёньня Расеі выгадна дэвальваваць расейскі рубель, які ўзмацніў пазыцыі расейскага бізнэсу ўнутры краіны.

«То бок пры дапамозе дэвальвацыі была зроблена ў значнай ступені зачыстка расейскага рынку ад імпартэраў — канадзкіх, францускіх, нямецкіх і іншых кампаній. Беларусы гэтак жа трапляюць у сытуацыю зачысткі гэтага рынку. Але калі Беларусь будзе сынхронна дэвальваваць свой беларускі рубель, то тады зможа пратрымацца, не дапусьціць правалу на сваіх экспартных апэрацыях. Я думаю, што расейскі рубель дойдзе да суадносін 1 даляр = 60 расейскіх рублёў. І недзе на 10-15% трэба будзе дэвальваваць беларускі рубель».

Пры гэтым спадар Заіка адзначыў, што прычыны беларускіх крызісных працэсаў знаходзяцца ўнутры самой Беларусі:

«Гэта вынік нерэфармаванай эканомікі і непрафэсіяналізму. І куды ні плыві на дзіравай лодцы, на поўнач, на захад ці на ўсход, — лодка застанецца дзіравай. І Лукашэнка што з усходнім вяслом, што з заходнім падвесным маторам у гэтай лодцы наўрад ці далёка даплыве».

17 чэрвеня Эўразьвяз узгадніў працяг санкцыяў супраць Расеі да канца студзеня 2016 году

XS
SM
MD
LG