Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойца расейскага дэпутата памёр у бальніцы ў Кіеве. Сьледзтва кажа пра расейскі сьлед


Месца забойства Дзяніса Вараненкава
Месца забойства Дзяніса Вараненкава

Сьледзтва ў справе пра забойства ў Кіеве былога дэпутата Дзярждумы Расеі Дзяніса Вараненкава разглядае дзьве асноўныя вэрсіі — зьнішчэньне сьведкі ў справе былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і ў справе пра «кантрабанду, арганізаваную ФСБ пад прыкрыцьцём расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна».

«Сёньня ў цэнтры Кіева адбылася расправа над палітычным апанэнтам Крэмля, які даваў паказаньні супраць Крамля і супраць Януковіча, як іхнага прыслужніка», — заявіў сёньня на брыфінгу генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка.

Паводле яго, у выніку дзеяньняў целаахоўніка расейскага экс-дэпутата кілер атрымаў два раненьні ў вобласьць грудзіны і галавы. «Скразны стрэл у галаву выключае зараз сьледчую працу зь ім. Кілер на мяжы сьмерці. Ён некантактны ў дадзены момант», — дадаў ён. І праз пэўны час пасьля гэтай заявы Юрыя Луцэнкі стала вядома, што нападнік памёр у шпіталі.

Генэральны пракурор Украіны таксама паведаміў, што ў кішэні забойцы былі знойдзеныя дакумэнты, якія сьведчаць пра ягонае ўкраінскае грамадзянства. «Але мы зараз правяраем гэтыя дакумэнты на сапраўднасьць і пакуль не называем ягонага імя», — удакладніў ён.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на тэрміновай нарадзе зь сілавікамі заявіў: «Падступнае забойства ў цэнтры Кіева Дзяніса Вороненкова — гэта акт дзяржаўнага тэрарызму з боку Расеі, якую ён быў вымушаны пакінуць з палітычных меркаваньняў».

«Гэта відавочны почырк расейскіх спэцслужбаў, які раней неаднаразова выяўляўся ў розных эўрапейскіх сталіцах. Вараненкаў быў адным з галоўных сьведкаў расейскай агрэсіі супраць Украіны і ў прыватнасьці ролі Януковіча аб увядзеньні ва Ўкраіну расейскіх войскаў. Лічу невыпадковым, што забойства адбылося ў адзін дзень з дывэрсіяй ў Балаклеі на Харкаўшчыне», — заявіў Пятро Парашэнка.

Дзяніса Вараненкава сёньня застрэлілі ў цэнтры Кіева, на вуліцы Пушкінскай каля гатэлю «Прэм’ер-палац». Да эміграцыі ва Ўкраіну і атрыманьня ўкраінскага грамадзянства ён прадстаўляў фракцыю Кампартыі Расеі ў Дзяржаўнай Думе Расеі.

Былы расейскі дэпутат накіроўваўся ў гатэль на сустрэчу са сваім былым калегам Ільлём Панамаровым, калі невядомы адкрыў агонь у кірунку яго і ягонага целаахоўніка. Апошні пасьпеў стрэліць у адказ і параніў нападніка.

За месяц да гэтага забойства кіраўнік Цэнтру вывучэньня грамадзкіх прыкладных праблем (Расея) Аляксандар Жылін на сваёй старонцы ў Facebook распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што нібыта Служба бясьпекі Ўкраіны рыхтуе забойства Дзяніса Вараненкава і ягонай жонкі Марыі Максакавай: «Цяпер іх вядуць на пік інфармацыйнай вяршыні. Як толькі задача будзе выкананая, гэтую неразумную парачку спэцыяльна навучаныя людзі з СБУ заб’юць».

Дзяніс Вараненкаў эміграваў ва Ўкраіну разам з жонкай у кастрычніку 2016 года, а ўжо ў сьнежні атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Ад сярэдзіны лютага 2017 году знаходзіцца ў расейскім фэдэральным вышуку, з 27 лютага — у міжнародным вышуку па абвінавачаньні ў незаконным адчужэньні маёмасьці.

Ва Ўкраіне грамадзянская супольнасьць неаднойчы патрабавала прыцягнуць Дзяніса Вараненкава да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з тым, што ў часе свайго дэпутацтва падтрымаў анэксію Крыму Расеяю.

Нядаўна Генэральная пракуратура Ўкраіны дапытвала Дзяніса Вараненкава ў справе пра дзяржаўную здраду былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і лічыла яго ключавым сьведкам у працэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG