Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тыдзень таму вы маглі паказаць беларускі рубель? Не! Цяпер у нас зьвілася тое, што называецца рублём»


Хлеб каштуе 80 капеек, кіля добрай сьвініны — 10 рублёў, пляшка гарэлкі — 7, піва — паўтара рубля. Кошты ў першы дзень пасьля дэнамінацыі, як сказалі ў крамах, не падняліся. Цяпер проста няма чатырох нулёў.

У крамах — новыя цэньнікі. Вялікімі лічбамі пазначаныя кошты новымі грашыма, а малымі лічбамі — старымі, да дэнамінацыі. Праўда, бальшыня разьлікаў па старой памяці вядзецца паводле старых коштаў. У гіпэрмаркеце «Гіпа» касірка называе суму ў тысячах, новых грошай у краме зранку яшчэ не было, і ніхто з пакупнікоў пакуль таксама не разьлічваўся новымі.

«У нармальнай эканоміцы грашовая адзінка ня можа раўняцца 10 тысячам у адносінах да даляра»

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што цяперашняя дэнамінацыя — гэта і ягоная асабістая заслуга, бо ён даўно, гадоў 10 таму прапаноўваў беларускаму кіраўніцтву прыбраць лішнія нулі.

Спадар Заіка перакананы, што скасавалі цалкам правільную колькасьць нулёў — 4:

«Ва ўсясьветнай эканоміцы мера вартасьці — адзін даляр, які адлюстроўвае і вытворчасьць працы, і прыбыткі, і ўсё, што хочаш. У нармальнай эканоміцы грашовая адзінка ня можа раўняцца 10 тысячам у стасунку да даляра. Праўда, былі такія 3-4 краіны ў сьвеце — Віетнам, Сан-Тамэ і Прынсыпі, Сьера-Леонэ, Беларусь.

Прадпрымальнікі ня рады дэнамінацыі: баяцца фальшывак, а касавыя апараты давядзецца замяніць

Таму трэба было рабіць дэнамінацыю. Многія прапаноўвалі проста закрэсьліць тры нулі. Вы памятаеце, прадпрымальнікі на рынках калі-нікалі казалі, напрыкладу, не 30 тысяч, а 30 рублёў. Мне даводзілася тлумачыць, што тры нулі і дурань зможа закрэсьліць».

«Расея таксама павінна адважыцца на дэнамінацыю»

Пачуцьця гумару спадару Заіку ні ад каго пазычаць ня трэба. Ён хоча пераканаць і Расею зрабіць дэнамінацыю, каб даляр каштаваў не 65 рублёў, як цяпер, а 65 капеек, як у савецкі час. А прыклад Беларусі можа падштурхнуць кіраўніцтва пайсьці на такі крок:

«Каб падштурхнуць кіраўніцтва Беларусі да дэнамінацыі, я жартам расказваў гісторыю, як Аляксандар Рыгоравіч прыяжджае ў Крэмль і пытаецца Пуціна: „Уладзімер Уладзімеравіч, колькі ў цябе каштуе даляр?“ — „65 рублёў“, — адказвае Пуцін. Тады Лукашэнка пытаецца ў Назарбаева — той адказвае, што ў Казахстане даляр каштуе 338 тэнге. „А ў мяне ў Беларусі 1 даляр каштуе 2 рублі. Дык якую будзем рабіць адзіную грашовую адзінку?“ Вось гэты жарт, відаць, усё і вырашыў.

Расея таксама павінна адважыцца зрабіць дэнамінацыю».

У Беларусі вытворчасьць працы цалкам адпавядае сярэдняму заробку 300 даляраў

Леанід Заіка кажа, што цяпер суадносіны беларускага рубля і амэрыканскага даляра паказваюць прыкладныя суадносіны вытворчасьці працы. Тое, што людзі атрымліваюць 600 рублёў (гэта значыць 300 даляраў) — гэта вынікае з узроўню вытворчасьці працы ў Беларусі, і гэта важна разумець.

«Тут усё дакладна — адзін да двух. Людзі вяртаюцца ў матрыцу заробкаў і коштаў, якія адпавядаюць нармальнай сьвядомасьці — у нармальны лягарытмічны множна-дзялільны працэс. Цана на ўсе рэчы цяпер псыхалягічна кангруэнтная. Пляшка гарэлкі — 6 рублёў, дзясятак яек — 1 рубель 40 капеек, хлеб — 80 капеек. Усё, ніякіх тысяч. Тыдзень таму вы маглі паказаць беларускі рубель? Не! Яго не было. Цяпер у нас зьявілася тое, што называецца рублём».

Гэта важна і з пункту гледжаньня псыхалёгіі паводзінаў, ня кажучы ўжо пра тэхнічную значнасьць: разьлікі, паказьнікі, тлумачыць Леанід Заіка.

На пытаньне, ці хутка людзі прывыкнуць да новых коштаў, ён адказаў так:

«Я думаю, што перажыве народ. Пасапе тыдзень-другі, пералічваючы, а 12 верасьня 2016 году ўсе ўжо забудуць пра дэнамінацыю — ніхто ўжо і ня ўспомніць пра мільёны.

А цяпер вельмі важна — максымальна стымуляваць выкарыстаньне электронных грошай. Чым хутчэй мы пяройдзем цалкам да электроннага абароту грошай, карыстаньня карткамі, інтэрнэтам, тым прасьцей будзе. І банкі ня будуць патрэбныя.

Ці падымуцца кошты пасьля дэнамінацыі?

Ужо з пачатку году інфляцыя «зжэрла» 7% даходаў насельніцтва. Рэальныя прыбыткі ўпалі на 7% — гэта дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Што да дэнамінацыі — могуць ісьці толькі акругленьні. А кошты павышаліся і будуць павышацца і без дэнамінацыі, кажа эканаміст Леанід Заіка:

«Я скажу народу: цэны заўсёды павышаюцца. Няхай народ ведае: цаны на ўсясьветных рынках, куды Беларусь прадае прадукцыю, упалі на 20%. І калі нейкі чыноўнік кажа, што ў нас інфляцыя — 7%, то гэта азначае, што з кішэні спажыўца забралі 13% за кошт зьніжэньня ўсясьветных цэнаў».

Але ў першы дзень пасьля дэнамінацыі карэспандэнту Свабоды ўдалося знайсьці адзін тавар, які пасьля дэнамінацыі патаньнеў: гэта газэта «Народная Воля». Да дэнамінацыі ў шапіках «Белсаюздруку» «Народная Воля» каштавала 4500 рублёў, цяпер — 44 капейкі. То бок, на капейку патаньнела. Праўда, эквівалент савецкай 1 капейкі — карабок запалак — пасьля дэнамінацыі стаў каштаваць 4 капейкі.

XS
SM
MD
LG