Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маракоў: Праўда пра Катынь не паўплывала б на расклад сілаў


Леанід Маракоў
Леанід Маракоў

Рассакрэчаныя Нацыянальным архівам ЗША дакумэнты сьведчаць, што адміністрацыі прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта было вядома пра расстрэл у красавіку 1940 году супрацоўнікамі НКВД афіцэраў Войска Польскага ў Катынскім лесе пад Смаленскам.

Гэтыя зьвесткі фактычна пацьвярджаюць ранейшыя падазрэньні гісторыкаў, што Вашынгтон папросту не хацеў псаваць адносіны з фармальным саюзьнікам Ёсіфам Сталіным, таму заплюшчваў вочы на фактычны самасуд.

Ці зьмянілася б геапалітычная сытуацыя, каб кіраўніцтва ЗША зрабіла факт расстрэлу польскіх ваеннапалонных, значную частку якіх складалі этнічныя беларусы, здабыткам галоснасьці?

Дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў лічыць, што на тле чалавечых стратаў, якія пачала адлічваць ІІ Усясьветная вайна, праўда пра трагедыю Катыні наўрад ці магла паўплываць на расклад сілаў:

«Дык ня толькі Злучаныя Штаты ведалі. І брытанцы ведалі, і немцы, і шмат хто іншы ведаў. Але нічога тут ужо не зьмянілася б, гэта ўжо было не галоўнае. Забівалі мільёнамі, а тут некалькі дзясяткаў тысяч — у такой вайне, як ні цынічна гучыць, гэта ня мае практычна ніякага значэньня. Калі загінулі некалькі дзясяткаў мільёнаў — па меншай меры гаворка ідзе пра 50 мільёнаў чалавек — то ў дадзеным выпадку гаворка пра некалькі дзясяткаў тысяч. У той жа час у канцлягерах загінулі сотні тысяч людзей. Неяк выдзяляць Катынь, зноў жа, не выпадае. Што Катынь? Такіх Катыняў у Сталіна былі сотні. Зразумела, Катынь бліжэйшая да нас у многіх сэнсах, але ж яшчэ ёсьць Смаленск, Горадня, Берасьце, Менск, яшчэ шмат месцаў, дзе людзей расстрэльвалі. У Менску нашмат больш пастралялі, чым у Катыні. Паўсюль Сталін выразаў, выразаў і выразаў сваіх „ворагаў“. Як пісаў паэт Грахоўскі, яму сказалі: знайдзі аднаго мысьлячага і адпусьцім пяць нямысьлячых...»

Усяго ў Катыні было расстраляна больш за 20 тысяч афіцэраў Войска Польскага, якія былі захопленыя ў палон Чырвонай Арміяй у верасьні 1939-га. У наступныя дзесяцігодзьдзі Масква ўскладала віну за гэтае злачынства на нямецкіх нацыстаў, але ў 1990 годзе тагачаснае кіраўніцтва Савецкага Саюзу прызнала, што расстрэламі займаўся НКВД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG