Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне з дармаедзтвам? Актывісту адмовілі ў працаўладкаваньні 40 разоў


Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў, актывіст партыі БНФ, страціў працу ў 2008 годзе — яго скарацілі пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся. З тае пары ён зрабіў каля 40 спробаў уладкавацца на працу, у тым ліку з дапамогай мясцовага цэнтру занятасьці. Усе яны былі безвыніковыя.

Апошні раз яму адмовілі ў працы ўжо пасьля абвешчанай на на дзяржаўым узроўні «вайны з дармаедзтвам».

«Я хачу працаваць, і я гатовы працаваць!» — з такім лёзунгам Леанід Аўтухоў жыве ўжо восьмы год. З гэткай думкай ён мінулай восеньню чарговы раз наведаў Гарадоцкі цэнтар занятасьці і нарэшце атрымаў веру ў станоўчы вынік — яго накіравалі на навучаньне пэрспэктыўнай спэцыяльнасьці, на курсы падвышэньня кваліфікацыі кіроўцаў да катэгорыі «Е»:

«Гэта ўжо сапраўды можна ўладкавацца туды, дзе ёсьць машыны з прычэпамі! Запатрабаваная прафэсія. Курсы такія ў Віцебску, я вучыўся за дзяржаўны кошт, а каштавала навучаньне 4 мільёны 180 тысяч. І яшчэ мне аплочвалі квіткі, што я езьдзіў на заняткі. Я атрымаў катэгорыю „Е“, здаў іспыты ў ДАІ. А больш як палова „курсантаў“ так і не здалі, дарэчы. Але ж я як сумленны грамадзянін, за якога дзяржава заплаціла грошы, сапраўды вучыўся і стараўся...»

Пасьля курсаў Леанід Аўтухоў зноў зьявіўся ў цэнтар занятасьці. І атрымаў накіраваньне ў гарадоцкую філію ляспрамгасу, дзе была вакантная пасада кіроўцы. Але езьдзіць, як высьветлілася, там няма на чым, працягвае спадар Аўтухоў:

«Пайшоў, сустрэўся з кіраўніком прадпрыемства, мне паказалі аўтамабіль. Ен стаіць ня першы год на вуліцы, разабраны, у глыбока непрацоўным стане. Я сказаў, што тут патрэбны не кіроўца, а аўтасьлесар. Але не адмаўляюся ад пасады кіроўцы — толькі спачатку заключыце са мной дамову, каб я аднаўляў машыну як аўтасьлесар. Толькі так, бо пакуль машына лічыцца ў рамонце, кіроўца атрымлівае толькі мінімальны заробак, 2 мільёны. А калі працуе на машыне — ад трох да пяці. Кіраўнік адмовіўся ад такога катэгарычна».

Праз тэлефон у філіі гарадоцкага леспрамгасу, гэта Леанід Аўтухоў адмовіўся ад працы:

«Вакансія ў нас ёсьць, гэта ён адмовіўся. Яму паказалі машыну, яна вымагае рамонту, і ён адмовіўся. У нас дзьве такія машыны, якія стаяць няспраўныя. Іншых машын няма. А гэтыя трэба рамантаваць перш чым езьдзіць».

Абураны Леанід Аўтухоў пайшоў у райвыканкам, каб высьветліць: як можа быць такое, каб прадпрыемства абвяшчала вакансію, калі няма рэальнай працы:

Людзі ходзяць і ходзяць па такіх вакансіях, якіх няма

«Гэта закранае маю годнасьць! Калі тры такія адмовы, то зь мяне могуць спагнаць грошы за навучаньне, і такія судовыя працэсы ў Гарадку ўжо ёсьць! Цэлыя 4 прызначаны на гэтым тыдні! Я ж не адмаўляўся! Няхай бы напісалі, што няма вакансіі, дый усё! У райвыканкаме спэцыяліст па ахове працы, Валянціна Конанава, са мной пагадзілася: якое дачыненьне я маю да рамонту машыны, які мусіць рабіць адмысловец-аўтасьлесар 4-га разраду! А людзі ходзяць і ходзяць па такіх вакансіях, якіх няма! Дык я й пытаўся: куды зьвяртацца і што з гэтым рабіць?»

Паводле Леаніда Аўтухова, кіраўнік сацыяльнай службы, спадар Прасолаў, абрынуўся на яго з папрокамі — маўляў, няма чаго скардзіцца, цэнтар занятасьці можа даць новае накіраваньне. Аднак у тэлефоннай гутарцы з гэтай службай высьветлілася, што і яны не гарантуюць наяўнасьці вакансій:

«Мы даём накіраваньне на вакансіі, якія ў нас ёсьць, а калі яны зьнікаюць, то зьнікаюць Гэта жыцьцё!»

Пра тое, як вакансіі «зьнікаюць», Леанід Аўтухоў добра ведае: пасьля ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе яго скарацілі зь мясцовай структуры ЖКГ. І з тае пары пагалоска пра тое, што на працу хоча ўладкавацца апазыцыянэр, бяжыць паперадзе яго самога:

«Толькі прыходжу, як мне заяўляюць: вакансіі больш няма, вось толькі што ўзялі чалавека. Так было 32 разы, потым я ўжо перастаў лічыць! Дзяўчатам з цэнтру занятасьці казаў: не называйце прозьвішча! Не называлі. Тэлефаную: „Ёсьць вакансія?“ Адказваюць: „Так, ёсьць, дужа трэба“. Прыходжу, на мяне глядзяць і кажуць: „Выбачайце, вось толькі што прыйшоў іншы чалавек“».

Такіх фактаў на Віцебшчыне мноства — што заўважанаму ў апазыцыйнай дзейнасьці чалавеку, тым больш скарочанаму з працы, уладкавацца потым цяжка, а бывае, што й немагчыма. Але ж напрыканцы году на дзяржаўным узроўні была абвешчана барацьба з дармаедзтвам. Дык пачынаць яе варта не з саміх «дармаедаў», якія не заўсёды становяцца такімі па ўласнай волі, перакананы Леанід Аўтухоў:

«Я зьвярнуўся ў сакратарыят, пакінуў запіс у кнізе прапановаў у райвыканкаме. А назаўтра напісаў заяву ў пракуратуру. Няхай разьбіраюцца, як гэта так: дзяржава змагаецца з дармаедзтвам, а тут на працу ніяк не ўладкавацца!»

Якраз у першыя дні новага году былы старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, прызначаны кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, гаварыў пра неабходнасьць дэбюракратызацыі ў працы са зваротамі грамадзянаў — каб па кожнай, нават прыватнай, праблеме грамадзяне атрымлівалі вычарпальныя адказы і дапамогу. Гарадоцкі актывіст чакае адказу на свае пытаньні, якія лічыць пытаньнямі агульнадзяржаўнага маштабу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG