Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкі дальнабойшчык год судзіцца зь міліцыяй за «Пагоню» на аўто


На ягоным аўто ёсьць надпісы «Дзякуй Богу за перамогу 8. IХ.1514» у гонар бітвы пад Воршай, «На Майдан» зь бел-чырвона-белым і жоўта-блакітным сьцягам і герб «Пагоня».

25 сакавіка будзе год, як жыхар Ліды, 40-гадовы «дальнабойшчык» Валеры Мінец судзіцца зь міліцыянтамі. Супрацоўнікі ДАІ пазбавілі яго правоў кіроўцы a— нібыта за перавышэньне хуткасьці. Сам кіроўца сьцьвярджае, што міліцыя рэагуе на ягоныя налепкі. Міліцыянты заяўляюць, што дзейнічаюць выключна «ў рамках закону», але іхнія рашэньні сыстэматычна адмяняюцца судамі розных узроўняў.

«Дзе раней зараблялі 500 даляраў, цяпер зарабляюць 150»

Валеры Мінец — патомны жыхар Ліды. З роднага горада выяжджаў, толькі калі вучыўся ў Менску ў Політэхнічнай акадэміі і калі служыў у войску. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, паводле спэцыяльнасьці інжэнэра-тэхноляга не працаваў ні дня — у Лідзе працы няма, кажа Валер:

«Працы было вобмаль заўсёды, але апошнім часам у нашым горадзе працы няма зусім. Амаль не засталося прадпрыемстваў, якія працуюць. А тыя, якія працуюць, скарачаюць людзей, скарачаюць працоўны тыдзень і нават дзень. Нават чыгуначнае дэпо, якое заўжды было сярод гарантаў працоўнай стабільнасьці — нават там пачалі пісаць заявы на дадатковыя выходныя за ўласны кошт. Там, дзе некалі зараблялі беларускі эквівалент у 500–600 даляраў, цяпер зарабляюць па 150–200. У пераважнай бальшыні заробак складае 3–4 мільёны рублёў. Ну як на такія грошы можна пражыць? А жанчына ў 35–40 гадоў калі знаходзіць працу на 2–2,5 мільёна рублёў, то гэта вельмі і вельмі добра. Вось таму доўгі час я працаваў як індывідуальны прадпрымальнік — рамантаваў аўтамабілі, а пасьля стаў грузаперавозчыкам».

Валеры Мінец

Валеры Мінец

«Антытэхагляд — на знак пратэсту супраць пабораў»

Ліда — невялікі горад, і маю машыну, аблепленую чырвона-белымі значкамі, не заўважыць было нельга. Акрамя таго, некаторы час я прынцыпова не праводзіў тэхагляд машыны. Я ня супраць тэхагляду, я гатовы і згодны яго прайсьці. Але я не хачу плаціць дадатковы падатак — і так дастаткова іх плачу — гэта мая прынцыповая пазыцыя і пратэст супраць пабораў.

Міліцыянты — супрацоўнікі ДАІ — яны ў большасьці прыстойныя людзі: калі бачылі, што няма тэхагляду, то перапытвалі, чаму, выслухоўвалі, пагаджаліся. Праз чырвона-белыя налепкі запытвалі, ці не БНФавец я. Я казаў, што не: звычайны «жэстачайша адмарожаны» — яны сьмяяліся і адпускалі.

Разам з паплечнікамі на мітынгу да дня Чарнобыльскай аварыі

Разам з паплечнікамі на мітынгу да дня Чарнобыльскай аварыі

Але калі на мяне распачалося паляваньне, то я «здаваўся» ўжо сам: калі бачыў машыну ДАІ, то адразу спыняўся, бо ведаў, што зараз уключаць чырвоныя маячкі і пачнуць даганяць. За адсутнасьць тэхагляду правы забраць ня мелі права, а штрафы я плаціў, як і належыць.

Правы ў мяне забралі, як толькі зьявілася нагода — за перавышэньне хуткасьці: 25 сакавіка мы вельмі сьпяшаліся ў Менск на Дзень Волі. Супрацоўнік ДАІ гэтак «накасячыў», што і дату паблытаў, і нумар машыны ня мой напісаў. Больш за тое, нават за стырном у той момант быў ня я. Паводле юрыдычных нормаў начальнік ДАІ мусіў гэты пратакол адправіць на дапрацоўку. Але ён, пэўна, гэтак абрадаваўся, маўляў, ага — гэтага ж злавілі — і адразу прыняў рашэньне пазбавіць мяне правоў кіроўцы на 9 месяцаў. З гэтым я зьвярнуўся ў Гарадзенскае абласное ДАІ, і пастанову Лідзкага ДАІ адмянілі.

«У гэты момант я выразна адчуў, што апынуўся ў 37 годзе»

Неўзабаве мяне выклікалі ў ДАІ: як я думаў — скончыць гэтую справу. А там трое чалавек — адзін вядзе допыт, другі паказвае «кіно», а трэці піша пратакол.

На відэа машына робіць нейкія незразумелыя манэўры. Гэта было 22 траўня 2015 году, а відэа паказвалі ад 2012 году — трохгадовай даўнасьці — калі гэтая машына мне яшчэ нават не належала. Мы набылі яе пазьней, і цяпер гэтая машына таксама належыць ня мне, а маёй маці. Хто за стырном быў на тым відэа — тым больш было невядома.

Але мне кажуць: вось ваша машына, створаная аварыйная сытуацыя, і вы пазбаўляецеся правоў на 18 месяцаў. Я кажу — няма пра што размаўляць, таму бывайце здаровыя.

Але мне не далі магчымасьці нават з кабінэта выйсьці — фізычна: перагарадзілі дарогу і прыгразілі, што прыменяць да мяне фізычную сілу, а яшчэ зьвінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. У гэты момант я выразна адчуў, што апынуўся ў 37 годзе: «тройка», прысуд і выкананьне.

«Законным шляхам даказаць сваю правату ў Беларусі немагчыма»

Пазбавіўшы правоў, мяне пазбавілі працы. Амаль год не магу займацца грузаперавозкамі — асноўнай крыніцай даходаў для маёй сям’і. А ў мяне яна зь пяці чалавек: акрамя нас з жонкай, трое дзяцей — дзьве дачкі-студэнткі і школьнік-сын. Не кажу ўжо, чаго гэта варта для сям’і — застацца бяз сродкаў для існаваньня.

Усю гэтую сытуацыю я ўспрыняў з адпаведнай сур’ёзнасьцю, таму даў у нашу прыватную газэту «Прынёманскія весьці» абвестку са сваім тэлефонам з просьбай тэлефанаваць тым, хто пацярпеў ад неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ. Я даведаўся гэтак шмат, што сам гэтага не спадзяваўся.

Напрыклад, што на паляваньні знайшлі забітага лася, у якім знайшлі кулю, затым зброю, зь якой забілі жывёліну. Яна належала лідзкаму міліцыянту, і гэтага міліцыянта пазбавілі ліцэнзіі на паляваньне цягам году за тое, што ён нібыта пакінуў стрэльбу без нагляду. І пакуль адлучаўся па сваіх патрэбах, нехта гэтую стрэльбу ўзяў, забіў лася і зьнік.

Можна такое ўявіць зь якім-небудзь іншым чалавекам? Сядзеў бы ня менш за тры гады!

Ёсьць выпадкі, калі закрывалі справу аб перавышэньні хуткасьці: чалавек ехаў больш за сто кілямэтраў на гадзіну ў межах гораду, але гэта быў адзін з гарадзенскіх чыноўнікаў.

Шмат прыносілі папераў, якія сьведчаць толькі пра адно: над людзьмі чыніцца сапраўды гвалт. І мы, грамадзяне, у рамках закону і Канстытуцыі ня ведаем, што гэтым зрабіць.

«Я беларус і хачу, каб у Беларусі добра жылі мае дзеці»

Ніводзін чалавек, якому я прапаноўваў змагацца — зьвяртацца ў суды, пракуратуру — не адважыўся пайсьці супраць гэтай сыстэмы. Толькі дзякуючы гэтаму страху — быць перасьледаванымі — гэтая сыстэма жыве і квітнее. Бо чыноўнікі ўпэўненыя: што б ні чынілі зь людзьмі — ніякай адказнасьці за гэта яны несьці ня будуць. Я праводжу адназначную аналёгію з 37 годам: з чалавекам можна рабіць што хочаш, калі ты служыш уладзе, а не народу.

Я асабіста не магу жыць інакш — перадусім гэта мая грамадзянская пазыцыя. Пакуль мы будзем пакорліва трываць беззаконьні, яны ніколі ня скончацца. Я не магу мірыцца з гэтай сыстэмай таму, што ў мяне ёсьць дзеці. Я не жадаю, каб мае дзеці жылі ў такой краіне, у якой жыву я. Я не хачу, каб мае дзеці ехалі вучыцца за мяжу і заставаліся за межамі Беларусі. Бо я беларус і патрыёт Беларусі. Я хачу добра жыць у сваёй краіне, і каб у сваёй краіне Беларусі добра жылі мае дзеці.

«Я б на вашым месцы пачакаў месяц, а пасьля ўсё цалкам і апублікаваў бы».

Начальнік ДАІ Лідзкага раёну Аляксандар Швакель, у сваю чаргу, перакананы ў законнасьці, праўдзівасьці і справядлівасьці сваіх дзеяньняў. Свабодзе ён сказаў пра Валерыя Мінца:

«Ён зьвяртаўся ў Гродна, зьвяртаўся і да намесьніка міністра — куды ён толькі не зьвяртаўся — засталося толькі да журналістаў. Суды адмянялі рашэньне аб пазбаўленьні правоў і накіроўвалі на перагляд — вось у пятніцу я зноў вынес чарговую пастанову, і ў яго застаецца дзесяць дзён на абскарджаньне. Як суд вырашыць — так і будзе.

Што тычыцца налепак, то на машынах увогуле нельга нічога наклейваць, ёсьць толькі рэкляма. Што там наклеена — сьцяг ці што — ня мае значэньня. Усе ў Лідзе езьдзяць без наклеек. І хто наклейку наклейвае — адназначна прыцягваецца да адказнасьці і зьдзірае яе».

«Але Валерыя Мінца пазбавілі правоў не за налепкі, а за, нібыта, парушэньні правілаў дарожнага руху, прычым праз тры гады пасьля нібыта ўчыненага правапарушэньня».

«Ён сам прызнаўся, што сам ехаў на той машыне тры гадзіны таму, а ня тры гады. Ён вам хлусіць, бо яму трэба пазьбегнуць адказнасьці. Але пакуль суд не завершыцца — ці адменіць маё рашэньне і закрые справу, ці пакіне маё рашэньне ў сіле — я нічога не казаў бы. Я б на вашым месцы пачакаў месяц, а пасьля ўсё цалкам і апублікаваў бы».

Як паведаміў Валеры Мінец, цяпер ён рыхтуецца чацьвёрты раз абскардзіць у судзе пастанову лідзкага ДАІ аб пазбаўленьні яго правоў кіроўцы, а таксама мяркуе выступіць з адкрытым зваротам да міністра ўнутраных спраў Шуневіча.

Час вымушанага беспрацоўя Валеры Мінец прысьвяціў грамадзкай дзейнасьці: разам з аднадумцамі, у рамках дзейнасьці Таварыства беларускай мовы, стварае ў Лідзе грамадзкае аб’яднаньне «Спадчына».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG