Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня


Аргкамітэт па стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня прыняў рашэньне сабраць пакет дакумэнтаў, неабходных паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь для рэгістрацыі ўнівэрсытэту.

Гэта адбылося на паседжаньні 23 лістапада.

Большасьць сябраў аргкамітэту выказаліся на паседжаньні за тое, што ўнівэрсытэт павінен быць зарэгістраваны ў Беларусі, хоць некаторыя і перакананыя, што гэта немагчыма.

«Цяжка ўявіць, што ўлада лёгка пойдзе на такі крок, але спрабаваць трэба і трэба ставіць гэтае пытаньне, — заявіў у інтэрвію Свабодзе сустаршыня аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч. — Таму што, я думаю, і ва ўладзе многія людзі разумеюць, што трэба, каб былі людзі ня толькі высока адукаваныя для рэформаў, неабходных у Беларусі, але і яшчэ і зь Беларусьсю ў сэрцы. То бок з нацыянальнай сьвядомасьцю, адчуваньнем сваіх каранёў, веданьнем культуры — гэта вельмі важна. Хто гэтага не разумее, той, у той ці іншай ступені, спрыяе пранікненьню сюды „русского мира“».

Акрамя дазволу ўлады, мяркуе Мілінкевіч, вельмі важная воля грамадзянскай супольнасьці Беларусі, людзей культуры і навукоўцаў.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Я лічу якраз, што ідэя стварэньня ўнівэрсытэту (яшчэ невядома, ці будзе ён, хоць я веру, што шанцы добрыя ёсьць) шмат каго аб’яднала — нават тых людзей, якія ня мелі паміж сабой добрых адносінаў. Нельга сказаць, што беларуская дэмакратычная супольнасьць дэманстравала часта аб’яднанасьць, а вось тут яна ёсьць. І гэта, на мой погляд, адзін з найбольш важных момантаў. Прытым цяпер для Беларусі вельмі важныя ня проста чарговыя праграмы падтрымкі дэмакратыі. Самае важнае — гэта стратэгічныя доўгатэрміновыя праекты, і Нацыянальны ўнівэрсытэт менавіта такі. Бо, ведаеце, мы кажам, што перашкода ўсяму — аўтарытарны рэжым, і гэта сапраўды сур’ёзна. Але ўявім сабе, што заўтра няма гэтага аўтарытарнага рэжыму. А ці ёсьць дастаткова людзей, якія ведаюць досьвед суседніх краінаў, як яны рабілі рэформы, якія маюць сучасную гуманітарную адукацыю? Інжынэраў-праграмістаў мы рыхтуем добрых, а ёсьць вялікія праблемы з гуманітарнай адукацыяй, якая застаецца архаічнай, савецкай і прарасейскай», — лічыць сустаршыня аргкамітэту.

Сустаршыні аргкамітэту па стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту — Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Колас і Алег Трусаў. У лік сяброў аргкамітэту ўваходзяць Лявон Баршчэўскі, Ірына Дубянецкая, Павал Церашковіч ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG