Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр акцыі грузаперавозчыкаў Сяргей Штода арыштаваны на 15 сутак


Пра гэта паведамляе сайт ucpb.org.

Перад прызначанай на 4 лютага акцыяй грузаперавозчыкаў ля Дома ўраду дырэктар фірмы міжнародных грузаперавозак Сяргей Штода накіраваўся на сустрэчу зь віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Ён спадзяваўся дамовіцца пра скасаваньне штрафаў за нібыта парушэньні правілаў перавозак грузаў у рамках сыстэмы BelToll.

Пасьля таго як Сяргей Штода накіраваўся ў Саўмін, сувязь зь ім абарвалася.

Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную ім амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll.

Для невялікіх арганізацыяў і прадпрымальнікаў фактычна запушчаная працэдура банкруцтва, на вуліцы рызыкуюць апынуцца тысячы людзей.

На раніцу 4 лютага ля Дому ўраду быў прызначаны збор падманутых перавозчыкаў.

Арганізатарам кампаніі пратэсту стаў кіраўнік менскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што не зьбіраецца аплачваць незаслужаны штраф. А калі справа дойдзе да спробы канфіскаваць «прылады злачынства» — грузавыя аўтамабілі, ён першы спаліць іх перад вокнамі Дому ўраду.

Паводле прыватных грузаперавозчыкаў, сыстэма BelToll была ўведзена без належнай падрыхтоўкі, у выніку перавозчыкі страцілі дзясяткі тысяч эўра.

XS
SM
MD
LG