Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі адбылася дэманстрацыя ў падтрымку сыноў Кадафі


Суд над паплечнікамі Кадафі, 28 ліпеня 2015 г.

Суд над паплечнікамі Кадафі, 28 ліпеня 2015 г.

У лібійскім горадзе Бэнгазі прайшла першая з моманту зрынаньня Муамара Кадафі дэманстрацыя, арганізаваная яго прыхільнікамі. Паведамляе агенцтва Reuters.

Пратэстоўцы выступалі супраць «Ісламскай дзяржавы», а таксама патрабавалі вызваліць сыноў забітага дыктатара.

Паводле мясцовых СМІ, маніфэстанты прайшлі па цэнтральных вуліцах горада, выкрыкваючы лёзунгі «Ня — „Ісламскай дзяржаве“, не — Братам-мусульманам». Таксама натоўп скандаваў «Толькі Бог, Муамар і Лібія!». Актывісты трымалі ў руках старыя зялёныя сьцягі лібійскай Джамахірыі часоў Кадафі.

Пратэстоўцы таксама патрабавалі вызваліць сыноў Кадафі — Саадзі і Сейфа аль-Іслама. Першы знаходзіцца пад вартай у Трыпалі, а другога лібійскі суд асудзіў да расстрэлу. Ён утрымліваецца за кратамі ўдзельнікамі былой групы мяцежнікаў з горада Зінтан. Яны выступаюць супраць ураду Трыпалі і адмаўляюцца вызваляць Саіфа аль-Іслама.

41-гадовы Саіф аль-Іслам быў арыштаваны на поўдні Лібіі ў лістападзе 2011 году атрадамі былых паўстанцаў з горада Зінтан. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць лібійскага народа, учыненых падчас «рэвалюцыі 17 лютага» ў 2011 годзе. Міжнародны крымінальны суд беспасьпяхова дамагаецца выдачы сына Кадафі і абвінавачвае яго ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Што тычыцца другога сына Кадафі, Саадзі, які зьяўляецца трэцім па старшынстве, то падчас знаходжаньня бацькі ва ўладзе ён займаўся бізнэсам і быў прафэсійным футбалістам. У канцы верасьня 2012 году Інтэрпол абвясьціў Саадзі ў вышук па падазрэньні ў незаконным захопе чужой уласнасьці з ужываньнем сілы і збройнага шантажу ў пэрыяд, калі ён быў капітанам зборнай Лібіі па футболе.

Саадзі, які ўцёк зь Лібіі ў Нігер за месяц да забойства бацькі ў кастрычніку 2011 году, быў экстрадаваны на радзіму ў сакавіку 2014 году. Напярэдадні зьявілася відэа, якое сьведчыць, што Саадзі катавалі.

XS
SM
MD
LG