Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў пацьвердзіў, што жыхары рэспублікі служаць у Сырыі ў складзе батальёну вайсковай паліцыі Міністэрства абароны Расеі. Пра гэта ён напісаў у сваім «Інстаграме».
Раней Кадыраў абвяргаў паведамленьні аб адпраўцы ў Сырыю чачэнскіх вайскоўцаў.
У пачатку сьнежня «Весткі» і «Коммерсант», спасылаючыся на свае крыніцы ў Мінабароны, паведамілі аб адпраўцы двух батальёнаў «чачэнскага спэцназу» для аховы сырыйскай авіябазы Хмэймім, дзе дысьлякаваныя расейскія войскі і авіяцыя. Праект «Кавказ. Реалии» апублікаваў аматарскае відэа, на якім, як мяркуецца, байцы спэцназу рыхтуюцца да адпраўкі ў Сырыю з расейскай базы ў Ханкале.
Пазьней «Новая газета» паведаміла са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, што ўладам Чачні даручылі сфармаваць два батальёны для адпраўкі ў Сырыю, а адказным за гэта прызначылі дэпутата Дзярждумы Адама Дэлімханава. У пачатку студзеня газэта апублікавала навучальныя брашуры пра Сырыю для чачэнскіх вайскоўцаў з рэкамэндацыямі на час сухапутнай апэрацыі.