Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лядовая арэна ў Шклове — даўгабуд на радзіме прэзыдэнта


Уезд на будаўнічую пляцоўку

Уезд на будаўнічую пляцоўку

У Шклове спынілася будаўніцтва лядовай арэны. Чыноўнікі абяцалі, што ў красавіку яна прыме першых наведнікаў. Узводзіць яе пачалі ў другой палове 2010 году.

Паводле жыхароў райцэнтру, працы па ўзьвядзеньні лядовай арэны спыніліся месяцы тры таму. Цяпер на аб’екце ні душы. Будыніна арэны, не тынкаваная, з закратаванымі ўваходамі, сіратліва высіцца на беразе Дняпра. Пашпарт аб’екту з тэрмінамі яго здачы і зьвесткамі пра арганізацыі, якія адказныя за будоўлю, ня вывешаны.

Жыхары райцэнтру мяркуюць, што зноў скончылася фінансаваньне, таму працы і спыніліся.

«Чатыры гады будуюць. Калі б грошы былі, то, відаць, гэты аб’ект на радзіме прэзыдэнта ў першую чаргу скончылі б, — кажа сталага веку жыхар Шклова, дом якога месьціцца каля будаўнічай пляцоўкі. — Нехта тады хацеў выхваліцца перад прэзыдэнтам. Лепш бы для моладзі сямідзесяцікватэрны дом збудавалі. Найперш патрэбны кут, а потым забавы. Для такога гораду, як наш, лядовая арэна — дужа вялікая раскоша».

Будынак лядовай арэны ў Шклове

Будынак лядовай арэны ў Шклове

Узводзіць лядовую арэну ў Шклове пачалі ў другой палове 2010 году. Праз год абяцалі аб’ект здаць у эксплюатацыю. Напачатку будаўніцтва ацэньвалася ў больш як сто мільярдаў рублёў. Але цягам чатырох гадоў яно то спынялася, то аднаўлялася. Летась кіраўніцтва райвыканкаму пасьля аднаўленьня будоўлі заяўляла: да красавіка 2015 году арэна прыме першых наведнікаў.

На будаўнічай пляцоўцы

На будаўнічай пляцоўцы

Малады жыхар Шклова Яраслаў Фяско сумняваецца, што завершыць будоўлю ўдасца за два месяцы. Бо чыноўнікі абяцалі хуткую здачу аб’екту, каб супакоіць жыхароў райцэнтру, на вачах якіх не адзін год марнуюцца сродкі:

«Да лета лядовую арэну не дабудуюць, а магчыма, і да канца гэтага году. Ня знойдуць яны грошай. Па дробязі нешта будуць там рабіць, а напоўніцу брацца ніхто ня будзе».

Від будоўлі з Ганчарнай вуліцы

Від будоўлі з Ганчарнай вуліцы

Два гады таму Яраслаў разам зь сябрамі сабраў каля сотні подпісаў, каб прысьпешыць будаўніцтва арэны. Тады моладзь ахвотна падпісвалася. Неўзабаве пасьля здачы подпісаў у райвыканкам будаўніцтва арэны аднавілася. Цяпер зноў прастой. Яраслаў адзначае, што шклоўская моладзь хоча мець лядовы палац — такі, як у Магілёве, Бабруйску ці Горках:

«Калі зыходзіць зь меркаваньня „няхай будзе“, то няхай будзе. Аднак, калі браць эканоміку Шклова, то ўкладаць грошы ў нерэнтабэльны праект — гэта ж глупства».

Лыжаролерная траса некалі была з асьвятленьнем. Цяпер сьвяцільні павыдзіраныя. Ні сьнегу, ні лыжнікаў

Лыжаролерная траса некалі была з асьвятленьнем. Цяпер сьвяцільні павыдзіраныя. Ні сьнегу, ні лыжнікаў

У шклоўскім райвыканкаме атрымаць камэнтар пра чарговае прыпыненьне працаў на лядовай арэне не ўдалося. У прыватных гутарках службоўцы запэўнівалі: як толькі будзе фінансаваньне, будоўля адновіцца.

Павільён пракату базы. Мусіць працаваць, але зачынены

Павільён пракату базы. Мусіць працаваць, але зачынены

У 2012 годзе будаўнікі не хавалі, што выдзеленыя на арэну грошы змарнаваліся праз высокую інфляцыю.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG