Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька нагадаў менчукам пра палітзьняволеных і зьніклых апазыцыянэраў


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў акцыю салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі і сваякамі зьніклых палітыкаў.

Падзея адбылася ў рамках збору подпісаў за вылучэньне кандыдата на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі на адным зь пікетаў каля ГУМа ў цэнтры Менску.

Анатоль Лябедзька разам з аднапартыйцамі прыйшлі на пікет у майках з надпісамі: «Свабоду палітвязьням Беларусі», «Свабоду Мікалаю Статкевічу», а таксама з партрэтамі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага, Ігара Аліневіча. Да мінакоў, якія неўзабаве сабраліся каля пікета, Анатоль Лябедзька зьвярнуўся праз мэгафон з прамовай:

«У Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, але ёсьць палітычныя вязьні, ёсьць выкрадзеныя: Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Анатоль Красоўскі — мы памятаем пра іх. Ці чулі вы пра зьніклых і палітвязьняў празь дзяржаўнае тэлебачаньне? І сказаць пра іх мы маем магчымасьць толькі раз на пяць гадоў. Дваццаць гадоў ніхто ня лічыць вашы і нашы галасы. Дваццаць гадоў на тэлебачаньні адзін твар, адны вусы. У нас не павінна быць людзей, якія жывуць на адзін паверх вышэй за Бога. Усе павінны падпарадкоўвацца законам».

Анатоль Лябедзька таксама заявіў пра адсутнасьць незалежных судоў і свабоды слова, пра шматмільённыя крэдыты дзяржавы, будаўніцтва спэцпаліклікнік, бескантрольнасьць і беспакаранасьць улады, эканамічны заняпад. Ягоную прамову слухалі каля двух дзясяткаў мінакоў, якія адначасна падыходзілі і падпісваліся.

Усіх прысутных фільмавалі супрацоўнікі сілавых структураў, пераапранутыя ў цывільнае. Шмат пераапранутых сілавікоў, у тым ліку з кіраўніцтва менскай міліцыі, знаходзіліся побач.

Лідэр АГП прамаўляў, стоячы побач зь пікетам за Аляксандра Лукашэнку, які праходзіў пад чырвона-зялёным і савецкім сьцягамі. Палітыку не перашкаджалі выказвацца, але па заканчэньні да Анатоля Лябедзькі і Віктара Карняенкі, які таксама ўдзельнічаў у акцыі, падышлі двое чалавек, адзін зь якіх назваўся намесьнікам старшыні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну Менску Барысам Кручковым, і зрабілі заўвагу за выкарыстаньне партрэтаў зьніклых і палітвязьняў. Анатоль Лябедзька распавёў Свабодзе, як ён адказаў на гэта:

«Мы далі яму Выбарчы кодэкс і папрасілі назваць артыкул, які забараняе стаяць з партрэтамі палітвязьняў, а толькі са сваім партрэтам. Натуральна, што такой спасылкі няма, на гэтым яны і сышлі. Ім добрага дня і нам посьпехаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG