Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька ў Ганцавічах, Караткевіч — у Сьветлагорску, Лукашэнка — ва Ўфе


Анатоль Лябедзька ў Нясьвіжы каля зацягнутай звыш тэрмінаў будоўлі радзільні

Анатоль Лябедзька ў Нясьвіжы каля зацягнутай звыш тэрмінаў будоўлі радзільні

Ці праводзяць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта сустрэчы з выбарцамі? Што найбольш хвалюе зараз жыхароў Беларусі? Адказваюць прэтэндэнты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 7 ліпеня праехаў па маршруце Нясьвіж — Клецак — Ганцавічы:

«Кілямэтраж паездак ужо досыць багаты. Геаграфія самая розная. Гэта і абласныя цэнтры — Берасьце, Горадня, Гомель, і досыць буйныя гарады — Баранавічы, Бабруйск, Ворша, і невялічкія — такія, як Іўе.

Сёньня наш маршрут пралягае праз тры рэгіёны: Нясьвіж, Клецак і Ганцавічы. Фармат камунікацыяў розны. Напрыклад, у Ганцавічах будзе наўпроставая тэлефонная сувязь з жыхарамі рэгіёну, якую арганізоўвае рэдакцыя газэты „Ганцавіцкі час“. У Клецку і Нясьвіжы — сустрэчы з актывістамі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Тут мы яшчэ пабывалі на рынках, дзе ёсьць прадпрымальнікі (а гэта нашая мэтавая група) і звычайныя людзі.

Менавіта тут чэрпаеш самую разнастайную інфармацыю. Так, у Іўі мы, на вялікі жаль, знайшлі ў суботу толькі шэсьць гандляроў і купку пакупнікоў. Чаму так мала? Няма за што купляць, скарачаюцца працоўныя месцы. І гэта робіць нашу партыйную праграму „Мільён новых працоўных месцаў“ настолькі актуальнай, што не было ніводнага рэгіёну, дзе б не адчувалася актуальнасьць гэтай тэмы цяперашнім часам. Так што паездкі былі, ёсьць і будуць».

Кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на найвышэйшую ў Беларусі пасаду Юрыя Шульгана Павал Канавальчык кажа, што сустрэчы з выбарцамі яшчэ толькі пачынаюцца:

«Сустрэчы, ясная справа, адбываюцца. Бо мы цяпер фармуем ініцыятыўную групу. І трэба хутка здаваць матэрыялы ў ЦВК на рэгістрацыю.

Аднак па-сапраўднаму мы разгорнемся ўжо тады, калі дакумэнты будуць на рэгістрацыі. Ня хочам асабліва сьпяшацца, каб не было фальстарту. Таму сустрэчы пакуль, можна сказаць, праходзяць больш-менш кулюарна. У нас заплянаваныя паездкі ў рэгіёны. Але мы вырашылі пачакаць, каб ехаць туды ўжо ў нейкім статусе, а ня проста так».

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін сказаў Свабодзе, што ён заўжды сустракаецца зь людзьмі, незалежна ад таго, праводзяцца ў нейкі канкрэтны год выбары ці не:

«Я — публічны чалавек, палітык. І таму я правожу сустрэчы незалежна ад выбараў. Але цяпер сустрэчы з выбарцамі, скажам, у статусе патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта мы не праводзім. У рэгіёнах я бываю, але як старшыня партыі.

Людзей паўсюль непакоіць сацыяльная сфэра. Гэта адсутнасьць неабходнага заробку, немагчымасьць забясьпечыць на пэнсію альбо сацыяльную дапамогу нармальнае жыцьцё сабе і сям’і. Сюды ж дадаюцца і адсутнасьць пэрспэктываў як на добры заробак, так і на ўладкаваньне на працу наагул, пагрозы звальненьня. Вось вакол гэтага і вядуцца цяпер усе размовы».

Прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч сёньня ў Сьветлагорску. А на Гомельшчыну наагул яна накіравалася ў панядзелак, 6 ліпеня:

«Цяпер я ў Сьветлагорску. Тут будуць адбывацца мае сустрэчы са шматдзетнымі сем’ямі, а таксама з прадпрымальнікамі ды іншымі жыхарамі гораду.

Тацяна Караткевіч размаўляе зь людзьмі ў Горадні

Тацяна Караткевіч размаўляе зь людзьмі ў Горадні

Учора я была дзень у вёсках. І тут найбольш гаварылі пра ровень жыцьця ў рэгіёнах, наколькі і чым ён адрозьніваецца ад гарадзкога. Хацелася на месцах спраўдзіць, наколькі дзяржава выконвае свае абавязкі, якія тычацца сацыяльнай аховы і абароны. Сустрэлася з жудаснымі фактамі. Напрыклад, невялічкая вёска Прудзішча, што ў Рэчыцкім раёне, ужо месяц застаецца без вады. Месяц яе жыхары ня могуць ні памыцца, ні прыгатаваць ежу, ні паліць агарод. І ўлада нічога не зрабіла. Аднак цяпер мы падымем гэтую праблему, і спадзяёмся, што яна будзе вырашана.

Сёньня ў мяне яшчэ некалькі сустрэч. І на кожнай зь іх я запрашаю людзей уступаць у маю ініцыятыўную групу».

Аляксандар Лукашэнка 8 ліпеня едзе ў расейскі горад Уфа госьцем на саміты Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШОС) і БРІКС.

Сьпісы сябраў сваёй ініцыятыўнай групы патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта мусяць здаць у Цэнтральную выбарчую камісію не пазьней за 17 ліпеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG