Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька ў Берасьці: Многім «палатнікам» ужо сказалі «Дзякуй, да пабачэньня»


Анатоль Лябедзька (справа) і яго намесьнік Уладзімер Вуек на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці

Анатоль Лябедзька (справа) і яго намесьнік Уладзімер Вуек на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці

Лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў Берасьце, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі бізнэсу, раздаваў улёткі на рынку ды даў прэсавую канфэрэнцыю.

На прэсавай канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька распавёў пра пляны на будучую парлямэнцкую кампанію:

«АГП заўсёды гаварыла, што мы ўдзельнічаем ва ўсіх выбарчых кампаніях. Але на кожную мы выпрацоўваем свой сцэнар. У часе апошняй парлямэнцкай кампаніі ў нас была магчымасьць агітаваць за байкот. І гэта было правільна, кампанія засталася ў памяці. Сёньня ж сытуацыя такая, што байкот забаронены юрыдычна, а нам трэба мець камунікацыю зь людзьмі. Наша рашэньне адназначнае — мы ў фармаце кааліцыі правага цэнтру ідзем на выбары да канца, працуем з нашымі сацыяльнымі групамі — прадпрымальніцтва, жанчыны, моладзь.

І мы плянуем адказваць на пытаньне, што рабіць пасьля выбарчай кампаніі. Мы мяркуем стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў, ці „народны парлямэнт“, з тых, хто прымаў удзел у кампаніі і працаваў зь людзьмі».

Палітык кажа, што ня мае ілюзіяў наконт магчымасьці для апазыцыянэраў трапіць у парлямэнт, але лічыць, што Палата прадстаўнікоў будзе значна абноўленая:

«Дэпутатаў ужо прызначылі, мы атрымліваем інфармацыю ад дзейных «палатнікаў», што многім ужо сказалі «Дзякуй, да пабачэньня».

Я думаю, што ратацыя палаты будзе досыць вялікая, Лукашэнка імкнецца гуляць з Эўропай з чыстага аркуша. Многія кажуць, што ім паведамілі, каб не разьлічвалі на месца. Гэта значыць, што сьпісы ўжо ёсьць — калі дзейнаму дэпутату кажуць: „Вы вольныя“».

Анатоль Лябедзька не выключае, што эканамічныя праблемы могуць вывесьці людзей на вулічны пратэст нават у часе парлямэнцкіх выбараў:

«Сёньня Плошчу робіць не апазыцыя, а ўлады.

Калі ўлады даюць людзям меней за 200 даляраў заробку, то пры чым тут мы? Таму я не выключаю, што, магчыма, людзі абурацца пасьля выбараў і выйдуць да выканкамаў. Цалкам можа быць. Я думаю, што той судовы канвэер, які ўлады запусьцілі, — гэта якраз барацьба ня столькі супраць нейкіх пэрсаналіяў, як супраць таго, каб людзі не глядзелі на вуліцу. Каб яны сядзелі ў сябе на кухнях».

У часе візыту ў Берасьце Анатоль Лябедзька сустрэўся з прадстаўнікамі бізнэсу, зь якімі абмеркаваў акалічнасьці супрацы. Лідэр АГП апавёў, што ад партыі будуць вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту каля 15 прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу. Палітык кажа, што Абʼяднаная грамадзянская партыя ў траўні будзе ладзіць у Берасьці рэгіянальную канфэрэнцыю па праблемах прадпрымальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG