Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёлягі таксама сьведчаць, што расейцы перасталі лічыць адносіны сваёй краіны з Захадам добрымі.

Расейцы ўсё больш нэгатыўна ставяцца да заходніх краінаў і заходніх каштоўнасьцяў, усё менш хочуць зьяжджаць за мяжу на працу, вучобу ці ў сталую эміграцыю, паказала новае апытаньне расейскага «Левада-цэнтру».

Расейскі некамэрцыйны аналітычны цэнтар Левады правёў 2–5 кастрычніка 2015 году апытаньне, прысьвечанае ўзаемаадносінам Расеі з бліжнімі і дальнімі суседзямі сярод 1600 паўналетніх у 134 расейскіх паселішчах. Як сьцьвярджаюць аўтары, статыстычная хібнасьць складае 3,4%. Разам з вынікамі новага апытаньня прыводзяцца зьвесткі ранейшых.

Паводле Левада-цэнтру, цягам апошніх 12 гадоў расейцы ацэньваюць узаемаадносіны сваёй дзяржавы з Захадам як усё горшыя. Рэкорд «варожасьці» прыпаў на апытаньне год таму. Сёлета «варожасьць» крыху спала, больш людзей ацэньваюць стасункі з ЗША і Эўразьвязам як «напружаныя», «прахалодныя» ці «нармальныя». Тым ня менш за год колькасьць тых, хто называе стасункі з заходнімі краінамі «добрымі» альбо «сяброўскімі», упала да самага нізкага ўзроўню, 1–2% (у межы статыстычнай хібнасьці пазытыўныя адказы трапілі паміж сакавіком і верасьнем 2014 году).

У сёньняшняй Расеі ёсьць ворагі, кажуць 80% расейцаў, яшчэ па 10% ня бачаць ворагаў і ня могуць даць адказ. Год таму ворагаў бачылі 84%, два гады таму — 78%. Пагрозу ад зьнешніх ці ўнутраных ворагаў у жніўні бачылі 54%, хоць яшчэ ў верасьні — 63% апытаных.

Калі верыць вынікам Левада-цэнтру, у апошнія гады ў сярэднім каля дзьвюх трацін расейцаў ня лічаць Беларусь замежжам. Тое самае каля 60% расейцаў кажуць пра Ўкраіну, прычым канфлікт на ўсходзе Ўкраіны паўплываў на гэтыя погляды зусім нязначна.

Акрамя таго, у верасьні 2015 году 71% апытаных палічыў, што ЗША адыгрываюць адмоўную ролю ў сучасным сьвеце (у верасьні 2013 году такіх было 50%), яшчэ 19% назвалі ролю ЗША часам станоўчай, часам адмоўнай, толькі 4% назвалі яе станоўчай. Заходнія краіны ў апошнім апытаньні палічылі партнэрамі Расеі 17% (супраць 8% у 2014-м і 44 у 2010-м), а праціўнікамі Расеі — 75% (адпаведна, 79% у 2014-м і 44% у 2010-м).

Сёлета расейцы называюць адносіны з Кітаем часьцей нармальнымі (42%), добрымі (26%) ці сяброўскімі (19%). Зь Японіяй цяжэй: па 31% лічаць адносіны прахалоднымі альбо нармальнымі, па 11% — добрымі альбо напружанымі.

Расейцы па-ранейшаму лічаць, што дэмакратыя або не падыходзіць для Расеі (46% у 2015-м, 45% у 2014-м, 35% у 2008-м), або падыходзіць са зьменамі праз асаблівасьці краіны (36% у 2015-м, 39% у 2014-м, 44% у 2008-м).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG