Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: «Ня нада цыкліцца на мацір’яльным, дзеці — наша багацьце!»


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Паважаны таварыш Адзіны!

Зьвяртаюся да вас як мужчына і бацька шасьці, а мо і сямі дзяцей, цяпер ня помню, як у метрыках запісана.

Папярэджваю, што на выбарах разам з жыхарамі нашага канца вуліцы я і браценнік мой не падкачаем. У нас так усё добра арганізавана, што нікуды і хадзіць ня трэба. Усё зьдзелаюць как нада і дажа лучшэ. Так што мы давольны, бо у нас тутака няма вайны, шкада толькі, што дзірку ў плоце напроціў пошты залаталі, бо так карацей было ў краму бегаць. Але яна хутка ізноў развалілася, так што жыві ды радуйся!

Але у гэты мамент хачу звярнуцца да вас з асабістай просьбай як бацька да бацькі. Пытаньне ў мяне пра сямейную палітыку, якая пакуль яшчэ ня стала дзяржаўнай, гэта значыць не прыраўняная да службы з усімі належнымі выплатамі і даплатамі.

Узяць, напрыклад, мой выпадак. Шэсьць дзяцей зрабіў! Ці нават сем. А якія мае правы і прывілеі?

Дзіва, што дземаграфія вакол пахерана, бо мала такіх, як я сазнацельных хлапцоў. У сувязі з чым, прашу ўраўняць усіх шматдзетных бацькаў у правах з маткамі. А мяне з маёй жонкай, каторая на развод падаўшы, распанела да крайняга. Ёй і пакет прадуктовы і бальшое чалавечаскае спасіба ад нашага дэпутата Пузевіча і пенсію ў 50-гадоў! А я не заслужыў?

Усё жыццё на гэтую справу паклаў!

А яшчэ, таварыш прэзідэнт, давядзіце план па дзіцях, каб усе суседзі па шасьцёра гадавалі і пальцамі на мяне не паказвалі. А каму дзяцей лянота рабіць, няхай і па другому разу служыць ідзе. Ведама, дзе трое, там і сямёра, так і так паўзаробку вылічаць. Як граматна гаворыў дэпутат райсавета Пузевіч: «вабшчэ не нада цыкліцца на мацір’яльным, дзеці — наша багаства».

Вось я ўсё самае каштоўнае жонцы і пакінуў! Ёй жа іх прасцей глядзець, яна ж на заводзе пазьменна працуе: і днём, і ноччу. А плявузганням, быццам я ўсю дарогу сям’ю аб’ядаю і ніякага толку з мяне няма, ня верце! Бабы — яны не мужыкі!

Хаця ж не дадумайцеся ім мацярынскі капітал даваць, як у Расіі. Распусцяць на абы-што! Лепш бацькам тыя грошы выплочваць. Але гэта вы без мяне ведаеце, і нават яшчэ лепш.

А як грошай няма, дык можна той капітал прадуктамі аддаваць. Віном недарагім, кансервамі. І эканоміка на пад’ём, і ў магазін хадзіць ня трэба.

Канечне, многа хто наракае, што многа разводаў. Я выкажу свой пункт гледжання. Каб зменшыць разводы, трэба спачатку зменшыць шлюбы. Узялі моду — не паспела дзіця нарадзіцца, адразу ў загс. А ты не спяшайся, нарадзі пяць-шэсць, тады падумай.

Бо сям’я — гэта сьвятое. Нават у гэты складаны час я сваім дзіцям апошняе аддаю. Сыну большаму, на мяне пахожаму, абнову справіў — прынёс кашулю нейлонавую, пад пахамі шчэ цэлая. Сумесна нажытым блізнятам — чупа-чупс, адзін на дваіх, каб эгаістамі не раслі. А калі меньшы, каторы радзіўся, як бульбу капалі, украў у мяне два «Ролтаны», дык я ўчастковаму не жаліўся! Хоць у сваім бацькоўстве і сумняваюся, бо на той момант пражываў у матчынай хаце барачнага тыпу.

Шмат год я раблю ў канцылярскім аддзеле грузчыкам на паўстаўкі, пасля таго, як з усіх прадуктовых аддзелаў выперлі. Цераз увесь магазін цягаю сшыткі па 12, а бывае і па 18 аркушоў, што канешне сказваецца на здароўі. Але, нягледзчы на аліменты, на спарціўны касцюм я сабе заробіў, у прафесіі састаяўся, больш мне тамака рабіць няма чаго.

На заканчэнне ліста прапаную да выбараў увесьці якое-небудзь званне за заслугі ў дэмаграфіі. Як маці, дык гераіня, а бацька? Ну няхай ня кожны тут герой, бо яшчэ разбярыся, ад каго тыя дзеці, калі п’еш без выходных, але хоць бы разрад прысвойвалі. За кожна дзіцёнка павышалі класнасць і аплату згодна з тарыфнай стаўкай.

Бо чым болей галасоў будзе за, тым больш мойнай будзе наша будучыня!

Хаця ж пра пенсію ў 50 гадоў для бацькоў-адзіночак не забудзьцеся. Са свайго боку абяцаю, як граматна гаварыў наш дэпутат Пузевіч: «павышаць дземаграфію», там, дзе возьмуць у прымы.

Шматдзетны бацька шасьці дзяцей. Ці сямі.

Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org

XS
SM
MD
LG