Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі пасол Лешак Шарэпка і яго дачка Магда прадставілі «Прыгоды коціка-Грукоціка»


Лешак Шарэпка, архіўнае фота

Лешак Шарэпка, архіўнае фота

У Менску ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы адбылася прэзэнтацыя дзіцячай кніжкі амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі «Прыгоды коціка-Грукоціка». У арыгінале, на польскай мове кніга называецца «Przygody kotka Łomotka».

Гэта, напэўна, першы выпадак у гісторыі незалежнай Беларусі, калі амбасадар замежнай краіны апублікаваў кнігу для дзяцей па-беларуску.

Першы вершык пра ката Ламотка амбасадар Шарэпка напісаў на польскай мове для сваіх дзяцей, а дакладней — для старэйшай дачкі Магдаліны, калі ёй было тры гады. Маленькая Мэгі натхніла тату напісаць вершык, прызнаўся на прэзэнтацыі аўтар:

«Магда была такой маленькай коткай-ламоткай, якая ўсё ламала і разьбірала на часткі. Але гэта нармальна, калі дзіця разьвіваецца, — распавёў тата пра сваю музу. — І сёньня гэты верш я прысьвячаю абаім маім дзеткам — дачушцы Магдзе і сыну Мікусю».

Самы першы верш пра коціка быў выдадзены на польскай мове ў форме кніжкі. Зрабіла гэта невялікім накладам жонка амбасадара Марта Ярашэвіч і падаравала кніжку мужу на дзень народзінаў. Ілюстрацыі зрабіла беларуская мастачка Аксана Aракчэева, якая прызналася, што спачатку кот павінен быў быць шэры, але гэта ёй падалося сумным. І яна зрабіла ката памаранчавым.

Фота znadniemna.pl

Пераклад з польскай зрабіў вядомы беларускі паэт, кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч. Выступаючы перад публікай на прэзэнтацыі, польскі дыплямат Лешак Шарэпка адзначыў, што сучасныя дзеці вельмі мала чытаюць, і таму важна, каб мы самі чыталі сваім дзецям хоць некалькі хвілін у дзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG