Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛДП хоча далучыцца да кангрэсу ў абарону незалежнасьці


Алег Трусаў

Алег Трусаў

Кангрэсам у абарону незалежнасьці Беларусі, які плянуецца правесьці ў Менску 21 сьнежня, зацікавілася Лібэральна-дэмакратычная партыя. Кангрэс рыхтуюць Рада беларускай інтэлігенцыі і Таварыства беларускай мовы.

Мэта арганізатараў — прыняць «Маніфэст у абарону незалежнасьці Беларусі», абнародаваць яго праз інтэрнэт і зьбіраць пад ім подпісы грамадзянаў.

Паводле старшыні ТБМ Алега Трусава, гэта робіцца, «каб паказаць сьвету, што Беларусь у шапку спаць ня будзе і сваю незалежнасьць будзе бараніць любымі сродкамі, якія дазваляе Канстытуцыя».

З палітычных партый і рухаў ідэю падтрымала Партыя БНФ.

«На гэтым падтрымка ад партый і рухаў скончылася. А сябры Аляксандра Мілінкевіча прыдумалі такую казку, што нібыта мы там будзем вылучаць Алену Анісім, а ніякай незалежнасьці бараніць ня будзем. Тым ня менш праца аргкамітэту пайшла, у яго ўвайшлі вядомыя людзі: Мечыслаў Грыб, Радзім Гарэцкі, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Колас і іншыя. Самую вялікую ролю адыграў Міхаіл Пастухоў. Мы распрацавалі і надрукавалі праект маніфэсту. 21 сьнежня плянуем сабраць першую сэсію нашага кангрэсу, які павінен быць пастаянна дзеючай грамадзянскай ініцыятывай», — сказаў Алег Трусаў.

Ён патлумачыў цікавасьць Лібэральна-дэмакратычная партыі да ініцыятывы:

«На днях яны нам прыслалі такую паперу, што кіраўніцтва ЛДП абмеркавала і згоднае далучыцца. А сёньня мы ім паслалі адказ, што мы вам дасылаем тэкст маніфэсту, і спачатку вы падтрымайце асноўныя ідэі маніфэсту ў сваёй партыі, а потым мы будзем гаварыць з вамі далей. Таму што мы зьбіраем прыхільнікаў незалежнасьці. Цяпер паглядзім, што яны нам адкажуць. Сказаць так, што ўся партыя прыйдзе на наш кангрэс, каб яго заваліць ці яшчэ нешта, гэта крыху сьмешна. Мы людзі вопытныя. І для нас галоўнае, што любы грамадзянін, ня важна якой партыі і рэлігіі, калі ён ідэю маніфэсту падтрымлівае, то ён прыходзіць толькі дэталі абмеркаваць, нешта палепшыць ці дадаць. А калі ён ідэю маніфэсту не падтрымлівае, то няма чаго яму на наш сход і прыходзіць. Няхай едзе ў Расею ці яшчэ куды, дзе яго чакаюць даўно».

Мы не зьбіраем прыхільнікаў партый, а грамадзян, якія згодныя з гэтым маніфэстам

Паводле Трусава, у сваім лісьце ЛДП ухваляе ідэю і нават гатова падтрымаць фінансава:

«Але фінансавай падтрымкі ня трэба. Рашэньне такое, што група грамадзянаў вылучае свайго прадстаўніка і фінансуе яму праезд да Менску ў абодва бакі. Нікому нічога мы аплачваць ня будзем. А для таго, каб заплаціць за сядзібу, пэўную суму мы маем. Ніякіх фуршэтаў мы рабіць не зьбіраемся. І калі чалавек — прыхільнік незалежнасьці, я думаю, ён не пашкадуе сваіх грошай. І гэта першая праверка чалавека на ідэйнасьць».

Трусаў тлумачыць цікавасьць ЛДП да кангрэсу піярам:

«Так пра іх усе маўчалі, а тут яны выйшлі на арэну. То бок з пункту гледжаньня палітычнага піяру яны зрабілі ўсё правільна. А цяпер вось мы ім напісалі. Калі вы гэты маніфэст за аснову прымаеце, то тады далучайцеся шляхам збору подпісаў грамадзян. А ня тое, што партыі прызначаць, і яны прыйдуць. Мы не зьбіраем прыхільнікаў партый, а грамадзян, якія згодныя з гэтым маніфэстам».

Вылучэньне на кангрэс пачалося, аднак пакуль невядомае месца яго правядзеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG