Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП дамаўляецца пра супрацоўніцтва з ЛДПБ


Аляксандар Валчанін
Аляксандар Валчанін

Менская абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпісала дамову пра супрацоўніцтва з абласной арганізацыяй Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Пад дакумэнтам паставілі подпісы кіраўнікі абласных партструктураў Аляксандар Валчанін і Аляксандар Піліпчук.

«Мы дамовіліся сумесна працаваць у такіх галінах, як спорт, барацьба з наркаманіяй і алькагалізмам. Таксама мы вырашылі працаваць у грамадзкай радзе пры аблвыканкаме пад кіраўніцтвам Марыі Худой. Чаму там ня можа быць такая партыя, як АГП? Чаму мы павінны быць убаку, быць маргіналамі? Я прапанаваў чыноўнікам у аблвыканкаме разгледзець нашу прапанову, каб прадстаўнік АГП быў там. Адразу мне сказалі, што АГП — гэта буржуазная партыя і фінансуецца з Захаду. Але яшчэ раз кажу, што мяне не фінансуе ні Захад, ні Ўсход. Мы найперш хочам працаваць у галіне сацыяльнай палітыкі. Я лічу, што толькі ў дыялёгу мы можам да нечага прыйсьці», — патлумачыў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Валчанін.

Валчанін адзначыў, што ня бачыць нічога дзіўнага ў заключаным пагадненьні з ЛДП Беларусі,бо і раней АГП супрацоўнічала зь лібэрал-дэмакратамі. Ён мяркуе, што бальшыня сяброў рады Менскай абласной арганізацыі АГП падтрымае падпісанае ім пагадненьне.

«Гэта не палітычнае пагадненьне. Гэта не азначае, што я пабягу зьбіраць подпісы за Гайдукевіча альбо яны будуць зьбіраць за Лябедзьку. Кожны пойдзе зьбіраць подпісы за свайго», — адзначыў Аляксандар Валчанін. Ён сказаў, што старшыня АГП Анатоль Лябедзька успрыняў гэтую ініцыятыву стрымана, але «не даваў ніякіх указаньняў не супрацоўнічаць».

Паводле намесьніка старшыні АГП Льва Марголіна, каб гэта не разыходзілася са стратэгіяй і ідэалёгіяй АГП, рашэньне будзе прымаць абласная рада і палітрада партыі. «Галоўнае — гэта зьмест. У чым супрацоўнічаць? Калі разам будзем змагацца супраць п’янства, па якім Беларусь у лідэрах, то я тут нічога ня бачу дрэннага. Галоўнае, каб гэта не разыходзілася з нашай стратэгіяй. А наша стратэгія — вярнуць беларусам права выбару. А выбараў у нас пакуль што няма. Так што будзем глядзець, я яшчэ ня бачыў гэты дакумэнт».

ЛДПБ узначальвае спарынг-партнэр Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта 2001 і 2006 гадоў Сяргей Гайдукевіч. Ягоны сын Алег, які доўгі час узначальваў Фрунзенскі РУУС Менску і датычны да перасьледу апазыцыянэраў, цяпер намесьнік старшыні гэтай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG