Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты: хто вышэйшы?


Фотаздымак, зроблены 13 траўня ў аграгарадку Александрыя прэс-службай кіраўніка Беларусі падчас нефармальнай сустрэчы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева
Фотаздымак, зроблены 13 траўня ў аграгарадку Александрыя прэс-службай кіраўніка Беларусі падчас нефармальнай сустрэчы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева

Асабістае жыцьцё чалавека ў дэмакратычных краінах ахоўваецца законам. Тое самае тычыцца і стану ягонага здароўя. Іншая справа — публічныя асобы, тым больш — кіраўнікі дзяржаваў — тут таямніцаў не застаецца.

Так, у Злучаных Штатах Амэрыкі рэгулярна публікуюцца вынікі мэдычнага абсьледаваньня прэзыдэнта, большасьць фізіялягічных парамэтраў знаходзяцца ў адкрытым доступе. У тым ліку — і рост.

Псыхолягі дыскутуюць адносна ўплыву чалавечага росту на ягоныя паводзіны і самаацэнку, аднак наўрад ці рост чалавека можа неяк істотна ўплываць на ягоныя палітычныя здольнасьці ці ступень ягонага дэмакратызму. Так, Уінстан Чэрчыль і Ўладзімір Пуцін былі прыблізна аднолькава росту (168 і 170 адпаведна), як і Барыс Ельцын (188) і Фідэль Кастра (190), а Напалеон і дэ Голь істотна розьніліся (168 і 196). Затое ступень даступнасьці гэтай інфармацыі можа сьведчыць і пра дэмакратычнасьць кіраўніка ці ягоных афіцыйных прадстаўнікоў.

І калі прэсавая служба прэзыдэнта Малдовы Нікалае Цімафці адразу назвала рост свайго патрона (176), дык даведацца дакладны рост прэзыдэнтаў Армэніі, Таджыкістану і Ўзбэкістану нам не ўдалося. Меркаваць пра гэта даводзіцца з суб’ектыўных ацэнак калег-журналістаў («Рост Саргсяна як у Мядзьведзева», «Карымаў выглядае аднаго росту з Назарбаевым», «Аліеў такі як Лукашэнка, можа крыху вышэйшы», «Рахмон прыблізна такі, як Лукашэнка»).

Між іншым, рост Аляксандра Лукашэнкі таксам афіцыйна не падаецца — мы скарысталіся дадзенымі агенцтва Інтэрфакс.

Паводле розных крыніцаў, рост расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева — каля 162 сантымэтраў.

А вось на фотаздымку, зробленым 13 траўня ў аграгарадку Александрыя прэс-службай кіраўніка Беларусі падчас нефармальнай сустрэчы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, выглядае, што абодва лідэры амаль аднолькавага росту.

На ранейшых фотаздымках розьніца ў росьце выглядае больш выразнай...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG