Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Успамінаючы СБМ: Мы ня ведалі, што мы беларусы. Мы пры немцах адчулі


У Саюзе Беларускай Моладзі, арганізацыі, створанай падчас акупацыі, налічвалася больш за 10 тысяч чалавек. Многія з тых маладых людзей прайшлі турмы і лягеры. Толькі за сам факт удзелу ў СБМ. Але чым насамрэч займаліся чальцы гэтай арганізацыі? Пра гэта ў нашым чарговым «Падарожжы Свабоды».

Кудавічы, Наваградзкі раён

У Кудавічах, маленькай, паміраючай вёсачцы непадалёк ад возера Сьвіцязь, жывуць дзьве старыя жанчыны. Надзея Зьмітраўна Раманчык і Людміла Феафанаўна Лопух. Жывуць звычайным пэнсіянэрскім жыцьцём. Чакаюць гарадзкіх унукаў. Даглядаюць свае гароды. Але гэтыя дзьве жанчыны вельмі адрозьніваюцца ад сваіх суседак. Па-першае, выглядам. Іх можна назваць і пані, і лэдзі, і фраў. Падцягнутыя, у акуратных сукенках. Іх лёгка можна ўявіць хоць на высокім прыёме, хоць на парыскім ходніку. Па-другое, нацыянальнай сымболікай, якая ўпрыгожвае іх жытло, і вялікай колькасьцю беларускіх кніг, якія яны чытаюць. Надзея і Людміла — самыя ўдзячныя кліенткі мясцовага бібліёбуса, бібліятэкі на колах. Па-трэцяе, іх адрозьнівае бездакорная беларуская мова.

Але ёсьць яшчэ адно адрозьненьне. Ужо паміж самімі жанчынамі. Надзеі Раманчык 85 гадоў. А Людміле Лопух — 90. Гэтая розьніца сёньня амаль не заўважаецца. Але яна каштавала Людміле два гады турмы. Таму што ў 1943-м ёй было 18. А яе сяброўцы — толькі 13. А гэта ўжо розьніца лёсавызначальная. Людміла, навучэнка Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, брала ўдзел у працы Саюзу Беларускай Моладзі ў той час, як Надзея Раманчык вучылася ў школе. Людміла Лопух паступіла ў сэмінарыю восеньню 42-га, калі немцы спалілі іхнюю вёску.

Людміла Лопух
Людміла Лопух

— 14 кастрычніка спалілі нашу вёску. Праўда, нікога не забілі. Мы зь сяброўкаю ў той год паехалі вучыцца. І празь некаторы час арганізаваўся СБМ. Клясны сказаў, што арганізуецца Саюз Беларускай Моладзі. Усе, хто вучыцца, павінны ўступіць у гэты саюз. Ясна, што нам адкрылі вочы і на бел-чырвона-белы сьцяг, і на гісторыю Беларусі.

У недалёкім Альбярціне была, кажучы сёньняшняй моваю, школа маладых лідэраў. Чым жа там займаліся СБМаўцы?

— У 1943 годзе некалькі хлопцаў і дзяўчат паслалі ў Альбярцін на курсы дружыновых. Маршыравалі там, песьні сьпявалі. Памятаю, нашай наваградзкай групе давалі нейкую гістарычную тэму, і нехта павінен быў выступіць на гэтую тэму.

— У вас былі нейкія размовы пра Гітлера?

— Я ня памятаю. Бо немцы да нас дачыненьня ня мелі. Настаўнікі былі тыя, што і ў гімназіі выкладалі.

А вось Надзея Раманчык, школьніца ваенных гадоў, памятае, як спрабавалі нямецкія ўлады прышчапіць беларускім дзецям вірус расавай выключнасьці.

Надзея Раманчык
Надзея Раманчык

— Я пры немцах скончыла пяты, шосты і сёмы кляс. Нават у пасьведчаньні адны адзінкі. Гэта значыць — выдатніца была. Бо лепшая адзнака была «1». Падручнікі былі ўсе нашыя. Гісторыя старажытнага сьвету з багамі голымі, мы ўсё, памятаю, сьмяяліся. Грамадазнаўства. Там прывазносілі сваю расу. Трэба было ведаць, як малітву: «Мы арыйцы. У нашых блакітных жылах цячэ чыстая алая кроў». Думаеце, мы ўспрымалі тое іх вучэньне нямецкае? Сьмяяліся. Але адказвалі. Бо трэба было адзнакі мець. І вельмі было шмат урокаў нямецкай мовы. Кракаў быў такі настаўнік зь Вільні. Пасьля быў перакладчыкам у немцаў. Сядзеў. Прыйшоў зь лягера вельмі хворы. Казаў, што Надзея Раманчык можа па-бытавому зь любым немцам паразумецца. Я любіла мовы. Мне даваліся лёгка. Потым немцы сябе паказалі. Але спачатку гаварылі, што «вы — гэта ня рускія». Казак такі настаўнік быў. Вельмі бальшавікоў не любіў. Ён і пры Польшчы нас вучыў, і пры Саветах вучыў, той Казак. Нешта пра партызан. «Ідзе, брыдзе злачынец». Далі мне вывучыць верш гэты. А Казак сказаў: «Ня трэба». Яшчэ данясуць партызанам. Сям’я пацерпіць. Ня трэба табе тога верша вучыць«. А я ўжо думала з такім імпэтам прачытаць прыгожа. «Ідзе, брыдзе зладзюга». Нешта такое.

Вясёлыя студэнцкія гады. Пяяньне беларускіх песень. Знаёмства зь беларускай паэзіяй. Як гэта ўсё цяжка сумяшчаецца са спаленымі вёскамі і забітымі суседзямі! Забітымі толькі за тое, што ў іх жылах ня тая кроў. Слова пані Людміле.

— Ярэміцкіх нашых яўрэяў пастралялі глухой восеньню 42-га. Ад нашага будынка школы праз вуліцу было гета. Мы амаль усіх ведалі. Са мной вучыўся Лейба Гершовіч, Іцка Шыльман. Мы ідзем у школу, а яны за дротам. І восеньню сказалі, што будуць «жыдоў страляць». І мы бачылі, як іх сагналі на плошчу, пастроілі. І пагналі пад Нёман. А там ужо была падрыхтаваная яма. Там іх пастралялі. Прыйшлі на заняткі. Селі і пачалі плакаць. Настаўнік, Зінові Майсеевіч Бразоўскі, нам нічога не сказаў.

— І якое стаўленьне пасьля ўсяго гэтага ў вас было да немцаў?

(Людміла) Партызаны ў лесе былі. Усе нашы сябры.

(Надзея) Гэта ў вас была партызанская зона. А ў нас нэўтральная. Але да немцаў мы ставіліся з апаскай. Жадалі канца вайны.

— А СБМ вы не лічылі нямецкай арганізацыяй?

— Не-не-не! Барані Бог! Мы віталіся «Жыве Беларусь!».

— І вы не маглі ўявіць, што савецкія органы будуць трактаваць СБМ як...

— Ні ў якім выпадку.

У маіх руках стары фатаздымак. Групавы партрэт тузіна вясёлых маладых людзей пад старым дрэвам. Некаторыя дзяўчаты ў купальніках. Некаторыя юнакі аголеныя па пояс. Некаторыя ў паўвайсковай уніформе. Бачна, што маладым людзям на здымку вельмі радасна жыць. Кожная ўсьмешка, кожная пара вачэй проста выпраменьваюць радасьць жыцьця. Гэты фотапартрэт можна прыняць за здымак даваенных скаўцкіх часоў. А можна падумаць, што гэта нейкі студэнцкі будатрад у бесклапотных 60-х гадах. Але гэта вясна 1943-га. Альбярцін. Школа дружыновых Саюзу Беларускай Моладзі. Высокая вясёлая прыгажуня ў вайсковай пілётцы, якая прыхінулася да дрэва, цяпер сядзіць перада мною. Гэта Людміла Феафанаўна Лопух.

— Гэта наша наваградзкая група. Але ня ўсе. Дзяўчат было болей.

— Такое адчуваньне, што здымак зроблены не падчас вайны.

— Ведаеце, у нас быў нейкі настрой прыўзьняты ў сэмінарыі. Мы вывучалі творы Багушэвіча, Багдановіча. Літаратуру выкладалі Натальля Орса, Анішчык. Ён праводзіў конкурсы красамоўства. Мы ні пра што ня думалі. Нам расказвалі пра Беларусь, і нейкае было жыцьцё бурнае. Хоць і вёска была спаленая. Хоць мы і жылі вельмі цяжка.

Вось што пісаў пра СБМ у сваёй кнізе «Саўдзельнікі ў злачынствах», выдадзенай у 1964-м годзе, публіцыст Васіль Раманоўскі:

«Члены «СБМ абавязаны былі ня толькі выяўляць савецкіх патрыётаў, падпольшчыкаў і паведамляць аб гэтым гітлераўскім карным органам, але і даносіць аб паводзінах і размовах сваіх таварышаў і радні».

Насамрэч сябра СБМ Людміла Лопух, чый родны брат быў расстраляны немцамі за супрацоўніцтва з партызанамі, а стрыечны брат, будучы пісьменьнік Уладзімір Калесьнік, актыўна партызаніў, ня толькі не зьбіралася ні на кога даносіць, але і вучыцца ў настаўніцкай сэмінарыі прадоўжыла, бо параіў савецкі партызан.

Людміла Лопух
Людміла Лопух

— У 44-м годзе зімою пайшла пагалоска, што партызаны расклеілі ўлёткі, каб ня ехалі вучыцца ў сэмінарыю. Мы зь сястрою не паехалі пасьля зімовых канікул. Можа, зь месяц мы праседзелі дома. Нас ужо выкрасьлілі зь дзёньнікаў. Прыходзіць нейкі партызан Арцюх. Знаёмыя партызаны часам заходзілі да нас. Тым больш што майго брата расстралялі немцы, Калесьнік Уладзімір — мой стрыечны брат. Як адступленьне было, яны зьбіралі зброю. Нас ведалі партызаны. І прыходзіць гэты партызан і кажа: «А чаго вы ня вучыцеся?» Мы кажам пра гэтыя ўлёткі. «Вы што! Хутка савецкая ўлада прыйдзе. Франты рухаюцца! Нам жа настаўнікі патрэбныя будуць! Хто ў школах будзе працаваць? Едзьце!» І нас бацька зь сястрою павёз назад у Наваградак. А каб я не паехала, можа, мяне б не арыштавалі. Уладкавалася ў вясковую школу, трэці кляс мне далі. Прыехалі арыштоўваць, а я зь дзецьмі. Пасьміхаюся. Можа, якая праверка. «Вы былі ў СБМ?» — «Была». Што ж буду цямніць? Усе былі. Усе, хто вучыўся.

Напэўна, каб зразумець гэты час, трэба толькі перажыць яго самому. Час, у якім перапляліся такія несумяшчальныя рэчы, як сьмерць блізкіх, навучаньне ў сэмінарыі, спаленая вёска, адкрыцьцё беларускай гісторыі і культуры, сяброўства з партызанамі і паездкі ў Аўстрыю. За свой удзел у СБМ людзі пасьля вайны плацілі гадамі турмаў і лягераў. Людміле, можна сказаць, пашанцавала. Яна адседзела два гады. У Беларусі.

— Часы СБМ вы ўспамінаеце як...

— Як нешта сьветлае. Што адкрыла вочы на ўсё тое, чаго мы ня ведалі. Усе настаўнікі хацелі нам тую беларускасьць паказаць, прывіць. «Штандар наш бел-чырвона-белы пакрыў сабой народны рух». «Беларусь, Беларусь дарагая. За цябе, за цябе мы ідзём». «Сьпявалі „Беларусь дарагая?“» — пыталі ў нас сьледчыя. — «Сьпявалі».

— Ці былі зьдзекі на допытах?

— Вялікіх зьдзекаў не было. Казалі, што пары дзяўчат заехаў па твары сьледчы. Мяне нейкі Крукін і Шарапаў арыштавалі. Адразу завезьлі ў МГБ. І гэты Крукін дапытваў. «Была ў СБМ?» — «Была ў СБМ». — «Дружыновай?» — «Дружыновай». — «На курсы езьдзіла?» — «Езьдзіла». Я ж яшчэ на экскурсію ў Аўстрыю зьезьдзіла. Мяне паслалі. Нас дзьвёх ад Наваградзкага СБМу. Нас завезьлі ў Менск, і там сабралася група з усёй Беларусі. Цягніком езьдзілі ў Грац, у Лінц. Праяжджалі празь Вену. Тры ці чатыры тыдні мы былі на гэтай экскурсіі. Напрыканцы чэрвеня вярнуліся. 44-га.

Слухаючы Надзею Раманчык, якая падчас акупацыі, нагадаю, была школьніцай, я адчуваю ўдзячнасьць да тых актывістаў і настаўнікаў, якія выкарысталі акупацыйны час для таго, каб працавала беларуская школа. Вынікі іхняй працы дарэмнымі не былі.

— Мову мы ведалі дзякуючы віленскім гімназістам. У нас была Ганна Парфенаўна Хацяновіч, яны скончыла на «выдатна» Віленскую гімназію. І нас вучыла. Мы цалкам «Новую зямлю» чыталі, вязалі, шылі. А якія пастаноўкі былі! Неслухоўскі, Багушэвіч, Багдановіч. Аляхновіч, а як жа! Якія ў яго п’есы сьмешныя былі! І ўсё беларускае. Я нікога не пабаюся, скажу праўду. Мы ня ведалі, што мы беларусы. Мы пры немцах адчулі сябе беларусамі. Дзякуючы гэтым віленскім настаўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG