Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: Вызваленьне палітвязьняў можа стаць першым крокам да адмены візавага рэжыму з Беларусьсю


Латвія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, заклікала афіцыйны Менск вызваліць палітвязьняў да травеньскага саміту праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Вызваленьне палітвязьняў да Рыскага саміту Ўсходняга партнэрства ў траўні гэтага года можа стаць для Беларусі першым крокам на шляху да бязьвізавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу. Пра гэта паведаміў 12 студзеня партал EUObserver са спасылкай на кіраўніцтва МЗС Латвіі, якая з пачатку гэтага года старшынюе ў Радзе ЭЗ.

На мінулым тыдні кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Эдгарс Рынкевічус заявіў аб наяўнасьці пэрспэктыў у супрацоўніцтве з Беларусьсю. У той жа час пачатак перамоваў аб бязьвізавым рэжыме будзе ўвязаны з праблемамі грамадзянскіх свабодаў у краіне, адзначыў ён.

Паводле слоў дзяржсакратара МЗС Латвіі Андрэйса Пілдэгавічса, вызваленьне палітвязьняў зьяўляецца ключом да вырашэньня пытаньня:

«Мы ня будзем пераглядаць сваю пазыцыю па палітвязьнях. Яны павінны быць вызваленыя, на дадзены момант іх за кратамі застаецца трое. Мы працягваем аказваць ціск на Беларусь для іх вызваленьня. Тое ж тычыцца абароны правоў меншасьцяў».

Як адзначыў Андрэйс Пілдэгавічс, маючыя адбыцца восеньню гэтага года прэзыдэнцкія выбары будуць важнымі для Аляксандра Лукашэнкі з пункту гледжаньня канкурэнтнай барацьбы і захаваньня міжнародных стандартаў:

«Спадзяюся, да траўня мы ўбачым пэўны прагрэс. Доўгія 20 гадоў на ўзроўні ЭЗ у нас быў нулявы прагрэс — гэта горш за сьпячку», — сказаў дзяржсакратар МЗС Латвіі.

Паводле яго слоў, праз некалькі месяцаў пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Беларусь усё больш зацікаўлена ў паляпшэньні адносін з ЭЗ, перш за ўсё ў эканамічнай сфэры. Тым не менш эўрапейская дыпляматыя настойвае на вырашэньні спачатку праблем у галіне правоў чалавека.

Латвійскі дыплямат Юрыс Пойканс, які займаецца супрацоўніцтвам з былымі рэспублікамі СССР у рамках Усходняга партнэрства, заявіў, што на саміце ў Рызе Беларусь хоча быць прадстаўлена на вышэйшым узроўні.

27 лютага 2014 года на выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем у Рызе Эдгарс Рынкевічс выказаў надзею на хуткае падпісаньне дамовы аб лібэралізацыі візавага рэжыму.

«Мы абмяркоўвалі, што было б добра, калі б да рыскаму саміту Ўсходняга партнэрства быў заключаны дагавор аб лібэралізацыі візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю», — цытавала Рынкевічса прэсавага служба беларускага МЗС.

Аб намеры Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ заявіў Уладзімір Макей 29 лістападзе 2013 на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG