Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар менскай міліцыі выдаліў з фэйсбуку пост з фота дзяўчыны пасьля 500 камэнтароў


Карэспандэнт Свабоды папрасіў кіраўніка прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага расказаць, чым скончылася апытаньне на ягоным посьце ў Фэйсбуку ад 11 лістапада.

Ластоўскі разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота дзяўчыны, якая зьнялася ў майтках каля помніка Перамогі ў Менску. «Як быць? Зразумець і дараваць ці знайсьці і пакараць?» — папрасіў міліцыянт парады ў аўдыторыі.

Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ня будзе камэнтаваць свой пост і патлумачыў, чаму ўжо выдаліў яго са сваёй старонкі:

— Бо ідзе і ідзе плынь камэнтароў. Але што магчыма было сказаць, дык ужо сказана. Таму вырашыў выдаліць, бо пайшлі па другім коле.

— Дык будзе міліцыя шукаць гэтую дзяўчыну, каб пакараць?

— Гэта не ад мяне залежыць. Мая роля ў гэтай гісторыі скончылася.

— А ці ёсьць склад хуліганства ў дзеяньнях гэтай дзяўчыны?

— Камэнтаваць нічога ня буду. На гэтым мае паўнамоцтвы закончыліся.

— Сярод камэнтароў больш тых, хто за тое, каб «дараваць», ці за тое, каб «пакараць»?

— Недзе 50 на 50. Разумееце, раніцай было недзе 460 ці 500 камэнтароў. Падлічыць дакладна — для гэтага няма і часу. Спрэчка была паміж тымі, хто кажа, што такі здымак гэта нармальна і тымі, хто кажа, што гэта амаральна. Сьцісла: дапушчальна ці недапушчальна гэтак рабіць? А хто перамог, я ня ведаю. І які будзе вынік, ня ведаю. Калі ён будзе, мы пра гэта даведаемся. Бо імя гэтай дзяўчыны ўжо вядомае, а далей — паглядзім.

Выпадкі, калі менскія міліцыянты жорстка рэагуюць на пэўныя здымкі ў інтэрнэце, сталі ня рэдкімі. Найбольш гучная гісторыя адбылася пасьля зьяўленьня ўлетку фотаздымку зь менскага мікрараёну Сухарава. На здымку былі дзяўчына і хлопец, якія ранкам займаліся сэксам наўпрост на вуліцы. У выніку ўдзельнікаў полавага акту знайшлі і асудзілі за хуліганства да папраўчых працаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG