Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лас Бульбас» — мультсэрыял пра Лукашэнку ў стылі «Футурамы» (відэа)


Галоўны адмоўны герой сэрыялу, кіраўнік агародніннай дзяржавы - Клубень

Галоўны адмоўны герой сэрыялу, кіраўнік агародніннай дзяржавы - Клубень

У сеціве зьявіліся тры сэрыі новага мультыплікайнага сэрыялу «Лас Бульбас». Мультфільм робіцца прафэсійнымі мультыплікатарамі і агучваецца акторамі з розных краінаў. У ім лёгка пазнаецца беларуская рэчаіснасьць.

У мульфільме намякаюць на Беларусь...

У мульфільме намякаюць на Беларусь...

Сюжэт «Лас-Бульбаса» разгортваецца ў агародніннай краіне, якой шмат гадоў кіруе нязьменны лідэр Клубень. Малады чалавек Картош выпадкова трапляе ў сакрэтную кватэру кіраўніка і застае яго за пажыраньнем суайчыннікаў. Картош вырашае распавесьці ўсім пра гэты жах. У гэтым яму дапамагаюць мама і верныя сябры Павучок і Прафэсар, а супраць яго дзейнічае ўся дзяржаўная машына. Галоўны герой пройдзе праз мноства выпрабаваньняў, перш чым даб’ецца праўды.

У гэтым, на першы погляд, выдуманым фантастычным сюжэце закадаваная беларуская рэчаіснасьць — распавёў Радыё Свабода кіраўнік праекту Павал Марозаў.

Павал Марозаў: «Гэты мультсэрыял ствараецца для беларусаў, таму што ў беларусаў, на жаль, няма гэтак званай папулярнай анімацыі, як на Захадзе вядомыя сэрыялы Футурама, Сімпсаны. У Беларусі гэта жанр ніяк не прадстаўлены. Мы зрабілі спробу зрабіць нешта такое сьмешнае для шырокага кола гледачоў."

Франак Вячорка: «У першых сэрыях можна пабачыць шмат супадзеньняў з рэчаіснасьцю. А што і хто, акрамя галоўнакамандуючага, кіраўніка гэтае выдуманае краіны мае рэальныя прататыпы?»

Павал Марозаў

Павал Марозаў

Павал Марозаў: «Гэта дастаткова закрытая краіна. Пэрсанажы ў сэрыяле жывуць ізалявана ад усяго сусьвету. І там адбываюцца рэчы, якія, у незалежнасьці ад іх сур’ёзнасьці ці несур’ёзнасьці, успрымаюцца неяк унікальна. Шмат якія пэрсанажы маюць свае, калі не прамыя, то ўскосныя паралелі з рэчаіснасьцю. Галоўны герой — гэта тыповы студэнт Беларусі, тынэйджэр, які жыве, ня думае пра палітыку ці іншыя сур’ёзныя рэчы, пакуль сам выпадкова не сутыкуецца з гэтай рэчаіснасьцю. Яго маці — прафэсар. Усе яны маюць нейкіх сваіх альтэрэгаў у беларускім грамадзтве»

Франак Вячорка: «Калі не сакрэт, хто гэты сэрыял робіць? Хто прыдумляе сюжэты?»

Служба аховы кіраўніка дзяржавы. Кадр з мультсэрыялу "Лас Бульбас"

Служба аховы кіраўніка дзяржавы. Кадр з мультсэрыялу "Лас Бульбас"

Павал Марозаў: «Каманда інтэрнэйшэнал. Вядома, касьцяк каманды — беларусы, якія жывуць у Беларусі і за мяжой, у Эстоніі, ва Ўкраіне, але ёсьць і нашыя калегі — з Расеі, Украіны, якія нам дапамгаюць. Агулам — чалавек 15, якія нам дапамагаюць рабіць сэрыял».

Павал Марозаў — беларускі грамадзкі дзяяч, сябра Рады БНР, сустваральнік інтэрнэт-тэлебачаньня «АРУ ТВ». Заснавальнік супольнасьці «Трэці шлях» і адзін з аўтараў «МультКлюбу» — сатырычнай анімацыі пра Лукашэнку, за што быў перасьледаваны па артыкуле «Паклёп у дачыненьні да Прэзыдэнта Беларусі». Ад 2006 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі ў Эстоніі. Тры сэрыі мультыплікацыйнага сэрыялу ўжо можна паглядзець «Вконтакте» і на youtube, а таксама на сайце «Радыё Свабода».

Наступная сэрыя зьявіцца напрыканцы студзеня.






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG