Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Сімаковіч: Магчыма, гэта будзе апошні канцэрт «Госьціцы»


19 студзеня фольк-тэатр «Госьціца» ладзіць калядны канцэрт, у якім выступяць прадстаўнікі ўсіх пакаленьняў калектыву за ягоную 28-гадовую гісторыю. Сьпевакі і пяюхі, скрыпачы і дудары, танцоркі і танцоўшчыкі, ляўрэаты і пераможцы пакажуць лепшыя калектыўныя творы «Госьціцы», прадэманструюць сольныя шэдэўры. Малая сцэна канцэртнай залі «Менск», на якой адбудзецца выступ, будзе аздобленая відэафрагмэнтамі з ранейшых праграмаў фольк-тэатру.

Стваральніца і мастацкая кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч кажа, што ўклала ў падрыхтоўку канцэрту надзвычайныя высілкі, каб прыхільнікі змаглі адчуць асаблівую асалоду ад таленту ейных выхаванцаў. Тым больш, што сцэнічныя выступы іх можна пабачыць вельмі рэдка. «Магчыма нават, — кажа спадарыня Сімаковіч, — гэта будзе апошні канцэрт «Госьціцы». На пытаньне чаму, яна з сумам зазначае, што мастацтва такога кшталту цяпер мала запатрабаванае публікай.

Так што прыхільнікам варта пасьпяшацца ўбачыць непаўторную дзею, якую стварае гэты ўнікальны калектыў. А то можа так і сапраўды стацца, што ўжывую «Госьціца» больш ня выйдзе на сцэну, пакінуўшы па сабе толькі запісы.

Нібы ў працяг мінорнага настрою ўспрымаецца і назва аўдыёдыска, які будзе прэзэнтаваны цягам канцэрту. «...І куды што падзелася?» — рарытэтны збор запісаў сьпеўнага рэпэртуару «Госьціцы» 1986-2005 гадоў. Да яго прапануецца аднайменны буклет з выявамі ледзь ня ўсіх удзельнікаў калектыву розных часоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG