Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі суд спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да незалежнай журналісткі


Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

5 лютага судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Ўладзімер Сьцяпанаў спыніў адміністрацыйную справу паводле артыкула 22.9 у дачыненьні да гомельскай журналісткі-фрылансэра, сябра ГА «БАЖ» Ларысы Шчыраковай, паколькі скончыўся двухмесячны тэрмін, цягам якога можна прыцягваць парушальніка да адказнасьці.

Мясцовая міліцыя вінаваціла Ларысу Шчыракову ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Гутарка ідзе пра сюжэт на тэлеканале «Белсат» пад назовам «Жахлівыя ўмовы беларускіх інвалідаў», паказаны ў праграме «Аб’ектыў» 3 сьнежня 2015 году. У ім распавядалася, што ў Беларусі пражывае больш за паўмільёна чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі Аднак, хоць дзяржава заяўляе пра сваю сацыяльную арыентаванасьць, паўнавартаснае ўключэньне інвалідаў у грамадзкае жыцьцё застаецца праблемаю, а сапраўднае безбар’ернае асяродзьдзе ў гарадах — толькі на паперы.

У амаль 3-хвілінным сюжэце відэаздымкі пра дзяўчыну-інваліда са Сьветлагорску займалі 40 сэкунд. Гэта не перашкодзіла мясцовым міліцыянтам абвінаваціць Ларысу Шчыракову і ў вырабе сюжэту як прадукцыі СМІ, і ў яго распаўсюдзе.

«Я тэлефанавала сёньня ў суд, і мне паведамілі пра спыненьне адміністрацыйнай справы. Сама я на суд ня езьдзіла, даслала толькі свае пярэчаньні і папрасіла разгледзець справу без маёй прысутнасьці. Я не зьяўляюся журналістам нейкіх замежных СМІ, ня маю зь імі працоўных стасункаў, таму на мяне не распаўсюджваецца патрабаваньне абавязковай акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў. Я разьмяшчаю свае відэаздымкі на старонцы ў YouTube. Міліцыя, аднак, не высьвятляла, якім чынам яны трапляюць на „Белсат“ — проста шаблённа штампуе абвінавачаньні на адрас журналістаў-фрылансэраў», — кажа Шчыракова.

Гэта ўжо другая спыненая адміністрацыйная справа ў дачыненьні да незалежнай журналісткі. Напярэдадні судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Алена Шайн таксама спыніла аналягічную адміністрацыйную справу ў дачыненьні да незалежнай журналісткі. Cудзьдзя прыйшла да высновы, што не было падзеі адміністрацыйнага правапарушэньня 7 сьнежня 2015 году, як цьвердзіла міліцыя ў адміністрацыйным пратаколе, накіраваным для разгляду ў суд.

XS
SM
MD
LG