Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўлады аднавілі перасьлед журналістаў-фрылансэраў


Ларыса Шчыракова, журналістка. Архіўнае фота

Ларыса Шчыракова, журналістка. Архіўнае фота

Пасьля непрацяглага зацішша, зьвязанага, хутчэй за ўсё, зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі, на Гомельшчыне аднавіўся наступ уладаў на свабоду слова.

Адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП, складзены 4 студзеня капітанам міліцыі Гомельскага РАУС Раманам Цітовым, атрымала праз пошту журналістка-фрылансэр, сябра ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова. Яна здымала ў пасёлку Ўрыцкае сюжэт пра сірату Віктара Янчанку, якога ўлады зьбіраюцца выселіць з кватэры. Відэаздымкі скарыстаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», і цяпер міліцыя вінаваціць журналістку нібыта ў незаконным вырабе й распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Гэта пяты пратакол, складзены на Шчыракову, пачынаючы са студзеня 2015 году. У папярэдніх трох яе таксама вінавацілі ў незаконным вырабе й распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, яшчэ ў адным яе віной быў названы нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які журналістка здымала на відэа ў Сьветлагорску.

Агулам Шчыракова паводле рашэньняў судоў заплаціла дзяржаве за «працу без акрэдытацыі» і «ўдзел у пікеце» 8,9 мільёна рублёў.

Пры канцы цяпер ужо мінулага году за супрацоўніцтва зь беларускамоўным тэлеканалам «Белсат», які трансьлюе свае праграмы з тэрыторыі Польшчы, аднавіўся перасьлед яшчэ аднаго гомельскага журналіста-фрылансэра — Кастуся Жукоўскага. Праз пошту ён атрымаў у новым годзе ўжо два пратаколы, складзеныя 28 сьнежня маёрам Калінкавіцкага РАУС Уладзімерам Паўловічам і 29 сьнежня маёрам Кармянскага РАУС Аляксандрам Марозавым. Фрылансэра Жукоўскага таксама вінавацяць у «незаконным вырабе й распаўсюдзе прадукцыі СМІ» ў зьвязку зь відэакамэнтарамі пра зьбіцьцё радыкальна настроенымі калінкавіцкімі футбольнымі заўзятарамі маладзёна з Жыткавічаў і за сюжэт «Жыхары Кармы без вады зь лістапада».

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

У абодвух выпадках маёры заяўлялі, што Жукоўскі ня меў права рабіць нейкія відэаздымкі для замежнага спадарожнікавага тэлеканалу, бо ня мае акрэдытацыі ў беларускім МЗС у якасьці карэспандэнта замежнага СМІ.

Напярэдадні калядных сьвятаў Кастусю Жукоўскаму тэлефанавалі зь Веткаўскага РАУС з патрабаваньнем прыехаць у міліцыю дзеля складаньня чарговага адміністрацыйнага пратаколу. Гэтым разам — наконт відэаздымак мясцовых малаказаводу й ткацкай фабрыкі, якія апынуліся ў крызісным стане.

«Ад лістапада я зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, займаюся стварэньнем інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку й відэа. Беларускае заканадаўства і міжнародныя пагадненьні, якія падпісала Беларусь, гарантуюць грамадзянам права на збор і распаўсюд інфармацыі. Акрэдытацыя ў Міністэрстве замежных спраў не патрабуецца, бо я не зьяўляюся штатным супрацоўнікам „Белсату“», — кажа прадпрымальнік Жукоўскі.

Дарэчы, летась на падставе пратаколаў міліцыі раённыя суды шэсьць разоў штрафавалі Кастуся Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат». Агулам сума штрафаў склала 31,5 млн рублёў.

А ўсяго ў 2015 годзе паводле артыкула 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў.

XS
SM
MD
LG