Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Садануць ці гагакнуць? Як беларусы карыстаюцца "антылайкамі" Facebook. ІНФАГРАФІКА


Нашаму пасту з пазытыўнай навіной вы хутчэй гагакніце, з хутчэй сумнай — саданёце, але найбольш імаверна, што проста лайкнеце яго.

Тыдзень таму ў сацыяльнай сетцы зьявіліся альтэрнатывы лайкам-падабайкам. Да кнопкі «Мне падабаецца» дадаліся альтэрнатыўныя варыянты — «Міла», «Хаха», «Ого», «Смутак» і «Злосьць». Па аналёгіі са словам «лайкнуць» ад іх ангельскіх назваў можна ўтварыць дзеясловы «лаўкнуць», «гагакнуць», «ваўкнуць», «садануць» і «ангарнуць».

Свабода прааналізавала статыстыку рэакцыяў на свае пасты ў Facebook. Ад вечара 24 лютага да вечара 3 сакавіка мы напісалі ў сваёй суполцы 105 пастоў (зьвярніце ўвагу: на Facebook мы публікуем далёка ня ўсе навіны з сайта). Яны атрымалі бяз малага 25 тысяч рэакцыяў у выглядзе падабаек і «антылайкаў», у сярэднем больш за 235 рэакцыяў на пост. Дзякуй, мы вас таксама лаўкаем!

Паглядзець у высокім разрозьненьні

Найбольш распаўсюджанай рэакцыяй на пост застаецца падабайка: 89,33% ад усіх рэакцыяў. Зь іншых рэакцыяў самая папулярная — «Хаха», а самая непапулярная — «Смутак», у чатыры разы менш скарыстаная за «Хаха».

Верагодна, «антылайкі» ўводзіліся для таго, каб карыстальнікі маглі выказаць сваё стаўленьне і да нэгатыўных пастоў. Дзіўна ставіць падабайку хвораму коціку, але для Facebook выгадна, каб вы адрэагавалі на любага вам коціка, нават калі ён хворы, каб паказваць вам больш фота ад гаспадара гэтага коціка.

На самой справе, пасты з навінамі, якія можна аднесьці хутчэй да кепскіх, дагэтуль атрымліваюць на фэйсбуку «Свабоды» менш лайкаў. На паўстоні хутчэй добрых (а таксама сьмешных і адукацыйных) пастоў прыходзіцца 19 тысяч рэакцыяў, тады як на хутчэй кепскія навіны ў пастах — менш за 6 тысяч. Але да кепскіх навінаў, што праўда, заўважна больш ставяць «Смутак» і «Злосьць».

Дарэчы, новым «антылайкам» прыдумалі нямала альтэрнатыўных вэрсіяў і тлумачэньняў. Магчыма, вы прапануеце добры пераклад словам «Love», «Haha», «Wow», «Sad» i «Angry»? Альбо ўтворыце ад іх больш удалыя дзеясловы? Пішыце ў камэнтары пад гэты пост! І не забывайцеся нас лайкаць.

XS
SM
MD
LG