Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінцу — 10 сутак. АМАПавец: «Лагвінец біўся галавой аб аўтамабіль»


Алесь Лагвінец на судзе. 27 сакавіка 2017 году

Суд Маскоўскага раёну прысудзіў палітыку Алесю Лагвінцу 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прысуд вынес судзьдзя Віктар Казак. Пасьля абвяшчэньня выраку ў судзе скандавалі «Ганьба!».

Лагвінец быў гвалтоўна затрыманы каля свайго дому 23 сакавіка, разам зь ім затрымалі яго сына, але пазьней адпусьцілі. Суткі пачынаюць лічыцца ад 23 сакавіка — Лагвінец мае выйсьці на волю 2 красавіка.

На судзе над палітыкам Лагвінцом сьведка-АМАПавец Аляксандар Кавальчук заявіў, што Лагвінец сам сабе нанёс цялесныя пашкоджаньні.

«Лагвінец біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля. Мы надзелі яму кайданкі. Цялесныя пашкоджаньні Лагвінец нанёс сабе сам, біўшыся галавой аб аўтамабіль», — заявіў Кавальчук.

Алесь Лагвінец глядзіць у вочы АМАПаўцу Аляксандру Кавальчуку

Алесь Лагвінец глядзіць у вочы АМАПаўцу Аляксандру Кавальчуку

Яго паказаньні пацьвердзіў старшы лейтэнант АМАП Аляксандар Цюніс, які таксама выступаў сьведкам. Лагвінец жа ўстаў, каб паглядзець у вочы Кавальчуку, назваў таго хлусам. Ён заяўляе пра зьбіцьцё і выкраданьне.

Лагвінца спрабавалі судзіць за «дробнае хуліганства» ў дзень затрыманьня, 23 сакавіка. Але з суду яму выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезьлі ў лякарню. Са слоў сына, у Алеся Лагвінца страсеньне, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа. У лякарні яго пільнавалі «людзі ў цывільным».

***

Пасьля масавых затрыманьняў на акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ​ў Беларусі чакаюць судоў у панядзелак да сотні чалавек, паводле зьвестак Беларускага хэльсынскага камітэту. Прыблізна столькі жа — паводле сьпісу «Вясны». Агулам за два дні затрымана было каля тысячы чалавек. Да Дня Волі суды над «недармаедамі» ішлі два тыдні. Свабода вядзе жывы блог чарговага дня судоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG