Амбасадар Кіргізcтана ў Беларусі Кубанычбек Амураліеў прыступіў да працы ў Менску.
2 ліпеня 2015 пасол Кубанычбек Амураліеў уручыў копіі даверчых лістоў міністру замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімеру Макею.
«Падчас абмеркаваньня пытаньняў разьвіцьця кіргіска-беларускіх двухбаковых адносінаў бакі адзначылі ўзаемную зацікаўленасьць у актывізацыі супрацоўніцтва», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства замежных спраў Кіргізcтана.
22 траўня прэзыдэнт Кіргізcтана Алмазбек Атамбаеў падпісаў указ аб прызначэньні Кубанычбека Амураліева амбасадарам у Беларусі.
Кіргізcтан адклікаў свайго амбасадара зь Менску ў жніўні 2012 году.
Гэта было зроблена пасьля таго, як афіцыйны Менск не адрэагаваў на ноту кіргіскага боку адносна знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі абвешчанага ў міжнародны вышук Жаныбека Бакіева.
Малодшы брат зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які ўзначальваў пры ім службу дзяржаховы рэспублікі, быў сфатаграфаваны ў цэнтры Менску.
Пасол быў адкліканы ў Бішкек «для правядзеньня кансультацый у сувязі з сытуацыяй адносна знаходжаньня Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пасьля амбасадара звольнілі.
У сакавіку 2013 году МЗС Кіргізстана прызначыў Таланта Султанава часовым павераным у справах Кіргіскай Рэспублікі ў Беларусі.
Кіргіскі бок неаднойчы патрабаваў ад афіцыйнага Менску экстрадыцыі Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі. Раней суд у Бішкеку завочна асудзіў Бакіева і яго роднага брата Жаныша да вышэйшай меры — пажыцьцёвага зьняволеньня за арганізацыю масавага забойства ўдзельнікаў мітынгу на цэнтральнай плошчы Бішкека ў красавіку 2010 году. Жаныбек Бакіеў таксама прызнаны датычным да арганізацыі двух заказных забойстваў.
Сёлета ў лютым прэзыдэнт Кіргізстана Алмазбек Атамбаеў заявіў, што беларускія ўлады працягваюць даваць прытулак у сваёй краіне небясьпечным злачынцам. Міністэрства замежных спраў Кіргізстана выступіла з заявай, у якой асудзіла Беларусь за хаваньне на сваёй тэрыторыі людзей з клану Бакіева.