Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух Салідарнасьці «Разам» патрабуе самароспуску ЦВК


Старшыня руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык
Старшыня руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык

У адмысловай заяве, прынятай 16 ліпеня, гучыць пэрсанальны зварот да сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, Вадзіма Іпатава, Мікалая Лазавіка, Васіля Бушчыка, Алены Дмухайлы, Аляксандра Дудко, Сяргея Каліноўскага, Сяргея Кацубы, Міхаіла Пятрушына, Марыны Рахманавай, Алега Сьліжэўскага, Івана Шчурка з заклікам скласьці свае паўнамоцтвы.

«Самую важную ролю ў правядзеньні выбарчых фарсаў замест выбараў у нашай краіне адыгрывае Цэнтральная Выбарчая Камісія (ЦВК). Гэта ня толькі „вясёлы балаганчык“, але і орган, які нясе пэрсанальную адказнасьць за тое, што ніводная краіна цывілізаванага сьвету за апошнія 19 гадоў ніколі не прызнавала свабоднымі і справядлівымі выбарамі той працэс, які арганізоўваюць беларускія чыноўнікі», — гаворыцца ў заяве.

Актывісты «Разам» зьвяртаюць увагу на тое, што кіраўніцтва ЦВК яшчэ да разгляду дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы гаварылі пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча:

«Кіраўніцтва ЦВК цяпер ужо публічна абвесьціла пра гатоўнасьць чарговы раз парушыць беларускае заканадаўства і адмовіць ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Такая адмова тлумачыцца толькі тым, што Аляксандар Лукашэнка баіцца гэтага беларускага палітыка».

Рух Салідарнасьці «Разам» у якасьці адзінай магчымасьці для правядзеньня ў будучым свабодных і справядлівых выбараў бачыць тэрміновы самароспуск ЦВК.

«Усе іншыя праўныя варыянты блякаваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Таму мы публічна зьвяртаемся да Лідзіі Ярмошынай, Вадзіма Іпатава, Мікалая Лазавіка, Васіля Бушчыка, Алены Дмухайлы, Аляксандра Дудко, Сяргея Каліноўскага, Сяргея Кацубы, Міхаіла Пятрушына, Марыны Рахманавай, Алега Сліжэўскага, Івана Шчурка з патрабаваньнем пайсьці ў адстаўку. Нагадваем гэтым асобам, што ў судах, якія ўжо адбываліся над дзеячамі аўтарытарных і таталітарных рэжымаў розных краінаў сьвету, словы „я проста выконваў загады“ толькі абцяжарвалі віну злачынцаў».

***

А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG