Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарнікі ў Кіеве — за эўраінтэграцыю, сяброўства зь Беларусьсю і мір на ўсходзе (ФОТАГАЛЕРЭЯ)


Ва Ўкраіне праходзіць галасаваньне за кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнай Рады. На ўчастках Кіева назіраецца высокая актыўнасьць. Кіяўляне каля выбарчых участкаў падзяліліся сваім меркаваньнем адносна таго, якой павінна быць новая Рада, а таксама пра стасункі з Расеяй і Беларусьсю.

«Курс на Эўропу. Мы павінны ўмацоўваць мяжу з Расеяй. Беларусь, нам падабаецца значна больш,» — кажа выбарнік Аляксандар.

«Ужо стаміліся гэтую Раду выбіраць. Але надзея не пакідае, што нейкія пазытыўныя зрухі будуць. Падтрымліваю курс Пятра Парашэнкі. Зараз столькі наварацілі зь Януковічам: ад мытнага зьвязу адмовіліся, ад эўраінтэграцыі — таксама,» — кажа пэнсіянэр Станіслаў.

«Эўрапейскі курс падтрымліваю. Безумоўна, трэба ўмацаваць мяжу з Расеяй, зь беларусамі трэба сябраваць,» — кажа Тацяна.

«Нам патрэбна дэмакаратычная Рада, якая трымаецца эўрапейскага курсу. Мяжу з Расеяй трэба абавязкова ўмацоўваць. Наконт Беларусі... мяне прыемна зьдзівіў апошні выступ Лукашэнкі, паводле якога Крым усё ж украінскі, што таго, што робіць Расея, рабіць нельга. Мы братнія народы і трэба мірна усё вырашаць. Нам нічога ад Расеі не патрэбна, мы хочам сябраваць зь ёй і гандляваць, але мы таксама хочам далучыцца да цывілізаванай Эўропы, каб жыць у вольнасьці і дабрабыце,» — кажа спадарыня Валянціна.

«З Данецку ўсё крычалі: пачуйце нас! Ды вы нас пачуйце таксама! Мы ж тут таксама не ў раскошы гэтыя гады жылі, атрымлівалі тыя ж сьціплыя грошы, ашчаджалі. Дзяліліся усімі дабротамі справядліва», — адзначае спадарыня Ганна.

«Я бы хацела, каб слова не разыходзілася са справай, каб былі ў Радзе новыя людзі, бо старыя кадры сябе вычарпалі. Каб не было карупцыі. Спадзяемся, што выбары зьменяць жыцьцё да лепшага. Да Беларусі мы вельмі добра ставімся. Расея, на жаль, паказала сябе ня зь лепшага боку. Але сьцяна паміж намі таксама не ўратуе. Трэба шукаць згоду, агульныя нейкія рэчы», — кажа маладая кабета Алена.

«Па-першае, нам патрэбны мір, па-другое, трэба разьвіваць сацыяльныя праграмы, адраджаць эканоміку, ствараць працоўныя месцы, і самае галоўнае — барацьба з карупцыяй, люстрацыя таксама неабходна. Як з Расеяй... Я сама расіянка, але зараз вельмі нэгатыўна стаўлюся. Пакуль Пуцін пры ўладзе, у нас з Расеяй нічога добрага ня будзе. Мы нават сваякоў расейскіх ня можам пераканаць, так крыўдна, што яны трапілі пад уплыў прапаганды», — кажа пажылая сямейная пара.

«З Расеяй і Беларусьсю трэба сябраваць. Але ж тое, што зараз, сяброўствам не назавеш, вось у чым справа...», — заўважае малады чалавек Андрэй.

«Мы хочам, каб быў падтрыманы курс на эўраінтэграцыю. Стасункі з Расеяй... Народ тут не вінаваты, вінаватае кіраўніцтва Расеі. Да Беларусі мы ставімся добра. Хоць ваш прэзыдэнт, як кажуць, „і нашым і вашым“, але мы яго разумеем, пад якім ён ціскам знаходзіцца», — кажа спадарыня Валянціна.

«Пажадана, каб было як мага болей новых асобаў, не марыянэтак-алігархаў, а самастойных, з новымі ідэямі, каб Рада працавала зладжана, арыентавалася на адну мэту: паляпшэньне жыцьця, культуры. Стасункі з Расеяй і Беларусьсю... Вельмі нэгатыўна ставімся да прапаганды расейскіх СМІ, яны сеюць варажнечу паміж нашымі народамі. Украінцы проста хочуць быць вольнымі, незалежнымі палітычна і эканамічна. Мы за тое, каб было цывілізаванае супрацоўніцтва з Расеяй і краінамі Захаду», — кажуць дзьве студэнткі Вольга і Аксана.

Старшыня выбарчай камісіі Кіева № 800077 Мікола Юрчанка падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад галасаваньня:

Мікола Юрчанка

Мікола Юрчанка

«Выбары праходзяць вельмі спакойна. Ніякіх пытаньняў няма. Людзі ахвотна ідуць галасаваць. За першыя 2 гадзіны прагаласавала каля 20% выбарнікаў. Усе памылкі, якія былі на мінулых выбарах, выпраўленыя (тады сябраў камісіі было толькі 12, а зараз 16, да таго ж аб’ём працы тады быў велізарны).

Ён таксама выказаў сваё меркаванне, чаму гэтыя пазачарговыя выбары важныя для Украіны:

«У мінулай Радзе шмат было дэпутатаў ад Партыі Рэгіёнаў. Многія з рэгіяналаў зараз у вышуку. Некаторыя дэпутаты пасыходзілі са сваіх фракцый, таму праца Рады вельмі нестабільная. Таму я лічу рашэньне пра датэрміновыя выбары абсалютна правільным. Нам патрэбны легітымны, працаздольны заканадаўчы орган».

26 кастрычніка ва Ўкраіне праходзяць пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду. Мяркуецца, што ў парлямэнт могуць прайсьці 5-7 палітычных сілаў.

Арцём Лява

XS
SM
MD
LG