Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія кватэры прапануе дзяржава дзецям-сіротам пасьля інтэрнату. Гісторыя з Дубровенскага раёну


Сірата Аляксандар Каралёў у сацыяльнай кватэры

Сірата Аляксандар Каралёў у сацыяльнай кватэры

Аляксандар Каралёў ужо 5 гадоў чакае «гарантаванага» дзяржавай сацыяльнага жытла. У адчаі ён ужо пагадзіўся на зруйнаваную чатырохпакаёўку ў Станіславове. Але Дубровенскі райвыканкам адмовіўся даваць нават яе.

Аляксандру Каралёву ўлетку споўніцца 21 год. Жыцьцёвых набыткаў пакуль небагата: навучаньне ў школе і ў Смалянскім аграрным каледжы, марныя пошукі працы на малой радзіме — у Дубровенскім раёне, ды паездкі на заробкі ў Расею, каб было на што жыць. Каб выжыць — у літаральным сэнсе. Хлопец — сірата. Ягоная маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў на сваіх чатырох дзяцей, зь якіх Аляксандар — старэйшы.

«Я памятаю суд, калі мне тлумачылі, што маці ня ўправіцца з выхаваньнем нас чатырох. І таму, казалі, мне лепш прымірыцца са статусам сіраты. Тлумачылі, што так мне будзе значна лягчэй у жыцьці. Бо пра сіротаў павінна клапаціцца дзяржава», — згадвае Аляксандар.

Пра тое, што дзяржава, узяўшы на сябе клопат пра сірату, мусіць даць яму жытло, хлопцу распавялі падчас вучобы. Пакуль ён атрымліваў спэцыяльнасьць эканаміста ў каледжы — жыў у інтэрнаце. А потым, сказалі Аляксандру, яму павінны даць уласнае жытло.

Адміністрацыя каледжа яшчэ ў 2014 годзе паведаміла ў Дубровенскі райвыканкам, што хлопец-сірата сканчае навучаньне і мае патрэбу ў жытле. Адтуль адказалі: пра сытуацыю ведаем, нумар ільготнай чаргі Аляксандра Каралёва — 65.

Пра тое, што Аляксандру няма дзе жыць, у райвыканкаме ведаюць ужо не адзін год

Пра тое, што Аляксандру няма дзе жыць, у райвыканкаме ведаюць ужо не адзін год

Яшчэ да сканчэньня каледжу хлопец зьвяртаўся ў райвыканкам — цікавіўся, якія ў яго пэрспэктывы. Паводле ягоных слоў, не было сказана нічога суцяшальнага:

«У нас любяць паўтараць: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Я нарадзіўся ў Дуброўне, тут зьбіраўся і жыць. Таму вырашыў па сканчэньні каледжа ўзяць свабодны дыплём, каб самому неяк уладкоўвацца. Спэцыяльнасьць „эканаміст“ добрая, дык чаму б не? Але мне сказалі, што жытла для мяне ў Дуброўне няма. І з працай ня лепей: па спэцыяльнасьці няма, а некваліфікаваная — там такі заробак, што невядома як жыць. Асабліва калі наймаць кватэру, ня маючы сваёй».

Аляксандар апавёў, што мусіў паехаць на заробкі ў Расею. Праца там часовая — то ёсьць, то няма. Таму сёлета зноў задумаўся пра тое, каб «замацавацца» на роднай Дубровеншчыне. Пачаць вырашыў зноў-такі з пошукаў жытла — таго самага, гарантаванага сіротам дзяржаўным заканадаўствам.

«У райвыканкаме зноў сказалі, што ў Дуброўне жытла няма. Хоць у апошнія гады ў нас збудавалі некалькі шматпавярховікаў. Прапанавалі паглядзець афіцыйны сайт райвыканкаму і выбраць з таго, што прапануецца са свабоднага жытла. Я паглядзеў: там напісана, што гэта камэрцыйнае жытло, якое даюць „за плату ў часовае валоданьне на тэрмін да пяці гадоў“. Але мне паабяцалі, што кватэру, якую я выберу, перавядуць у статус сацыяльнага жытла, і яна будзе маёй. На тым і пагадзіліся. Я вырашыў, што варта пасяліцца бліжэй да райцэнтру. Самае блізкае — аграгарадок Станіславова, 3 км ад Дуброўна. І паехаў глядзець», — кажа Аляксандар.

Аднак убачанае проста агаломшыла. Тое, што прапанавана на сайце Дубровенскага райвыканкаму, для жыцьця чалавека, нават і бяздомнага, абсалютна непрыдатна.

Лясная вуліца, дом 2

Лясная вуліца, дом 2

Чатырохпакаёвая кватэра ў доме № 2 па вуліцы Лясной выглядае нібыта пасьля стыхійнага катаклізму: выламаныя дзьверы і аконныя рамы, з падлогі выдраны дошкі, газавая пліта ў непрацоўным стане ляжыць пасярод кухні. Пра тое, што тут усё-ткі пагаспадарыла не падступная стыхія, а людзі, сьведчаць непрыстойныя надпісы на сьценах. І яшчэ тое, што ў кватэры няма аніякага сантэхнічнага абсталяваньня. Апрача забруджанай ванны, якой усё адно карыстацца нельга. Усё астатняе, відаць, «зьехала» разам з ранейшымі насельнікамі.

Гэтая кватэра ўжо некалькі гадоў стаіць пустая, апавядае суседка з кватэры на трэцім паверсе:

«Тут ужо шмат гадоў ніхто не жыве. Колішні гаспадар перасяліўся ў іншую кватэру, а тут лазілі розныя — і бамжы жылі, і падлеткі залазілі праз балькон — кватэра ж на першым паверсе. І ведаеце як страшна? Тут жа газ падключаны! Падведзены, труба ёсьць, толькі адчыні заглушку, паднясі запалку — і ўвесь дом узьляціць угару! Чаму ніхто не глядзіць, чаму нікому няма справы?»

Жыхарка кватэры № 3

Жыхарка кватэры № 3

Даведаўшыся, што кватэру ў такім стане аддаюць 20-гадоваму хлопцу-сіраце, жанчына-пэнсіянэрка ледзьве ня плача:

«Што ж ён тут зробіць, а? Тут жа нічога няма, тут жа ўсё трэба рабіць за свае грошы. А дзе ты іх возьмеш, хлопчык? Засяляйся, жыві! Але — як тут жыць? Што ў нас парабілася? Якая безгаспадарчасьць! Вунь побач дом — дык і зусім без вакон стаіць. Закінулі, і ўсё. А трэба ўсяго толькі было дах падлатаць, і былі б камусьці кватэры. Але ж не, толькі ўсё парасьцягвалі! У нас жа чэргі на жытло, а тут усё толькі развальваецца, і нікому справы няма! Данясіце да Лукашэнкі, што тут творыцца!»

Суседзі распавялі Аляксандру, што пустая кватэра ёсьць і на трэцім паверсе. Яна ў крыху лепшым стане. Аднак у пераліку вольнага жытла, разьмешчанага на сайце райвыканкаму, яе няма. Затое ў суседзяў ёсьць ключ, і яны шчыра раяць хлопцу засяляцца сюды — тут на першы погляд хаця б крыху чысьцей.

Кватэра ў такім стане лічыцца «лепшай»

Кватэра ў такім стане лічыцца «лепшай»

Суседні двухпавярховы цагляны дом, зарослы хмызамі, сапраўды зеўрае пустымі прагаламі замест вокнаў. Мясцовыя помнікі архітэктуры — збудаваныя напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя так званыя «дамы для рабочых» — і то выглядаюць лепш, хоць гадоў ім нашмат болей...

Тут даўно не жывуць

Тут даўно не жывуць

Цыратай закрытыя вокны і ў яшчэ адным доме паблізу, дзе таксама ёсьць вольныя кватэры. Яны меншыя — двухпакаёвыя. І выгодаў меней — ацяпленьне не цэнтральнае, а пячное. Аднак выглядаюць кватэры такімі ж закінутымі: печка даўно развалілася, падлога прагніла, дый уся кватэра — у гнятліва неахайным стане.

Печка непрацоўная

Печка непрацоўная

Кватэра вымагае істотнага рамонту

Кватэра вымагае істотнага рамонту

Аляксандар сам уздымае пытаньне пра так званыя «прэзыдэнцкія» домікі:

«Мне такога нават не прапаноўвалі. Відаць, усё занята. Гэта па-першае. Па-другое, тады трэба ўладкоўвацца на працу ў мясцовую гаспадарку. А працы для мяне няма. Дарэчы, глядзеў сайт вакансіяў, у раёне патрабуюцца трактарысты, кіроўцы бульдозэра, экскаватара. Заробак — ад трох да трох з паловай мільёнаў. Нават калі я ўладкуюся, то як зрабіць рамонт у кватэры з такім заробкам? Выходіць, зноў трэба ехаць шукаць працы ў Расеі?»

Пытаньне, што ён зробіць найперш, калі згодзіцца на прапанаванае жытло, ставіць Аляксандра ў тупік:

«Проста ня ведаю! Напэўна, найперш трэба ставіць дзьверы, бо іх практычна няма — суседзі забілі дошкай, дый усё. Потым трэба, мусіць, адрамантаваць хоць адзін невялікі пакойчык, каб было дзе жыць. Так, і кухню — каб гатаваць есьці. Гэта значыць, трэба купляць новую газавую пліту, а таксама ўнітаз, ванну — як бяз гэтага... ну, і нейкую ж мэблю. Колькі гэта будзе каштаваць, я проста не ўяўляю! Я пытаўся ў выканкаме, ці дапамогуць мне зрабіць рамонт. Сказалі — не, каб нават і не разьлічваў!»

Ільля, 19-гадовы малодшы брат Аляксандра, таксама разглядаў прапанаваныя кватэры. Браты ў роўных умовах: абодва сіроты, абодва паўналетнія і абодва маюць права на сацыяльнае жытло.

«У нас яшчэ ёсьць малодшыя брат і сястра, яны яшчэ малыя. Што яны вырашаць, калі стануць самастойнымі, — ня ведаю. Але я паглядзеў на гэта ўсё і вырашыў: ня буду я нічога прасіць, нічога патрабаваць, неяк уладкуюся сам. Наладжу асабістае жыцьцё, будзе ў мяне сямʼя. Але ўбухаць прорву грошай замест таго, каб атрымаць годнае жытло, як належыць па законе, — гэта не для мяне!» — цьвёрда кажа Ільля, паглядзеўшы кватэры ў Станіславове.

Аляксандар жа схіляецца да таго, каб паціху рамантаваць чатырохпакаёўку, якая немаведама колькі стаіць нежылая, без акон, безь дзьвярэй, без сантэхнікі:

«Усё-ткі я напісаў заяву, што згодны. Цяпер мне 20, і калі пачну рабіць нешта цяпер, то да 25 гадоў у мяне будзе хаця б нейкі ўласны куток. У нас няма блату, няма знаёмстваў, таму даводзіцца разьлічваць выключна на ўласныя сілы. Пакуль малады, буду працаваць што ёсьць моцы, старацца зарабляць. Калі яшчэ памаруджу — то зусім нічога не дачакаюся. На чарзе я стаю ўжо 5 гадоў, а з прапановаў — толькі во гэтыя разваліны. Раз так, то нічога ня зробіш. Толькі крыўдна: абяцаюць адно, а на справе — вось такі ён, клопат пра сіротаў».

Аднак начальнік аддзелу ЖКГ Дубровенскага раёну Тамара Сапегіна ўсе спадзяваньні хлопца разьбіла ўшчэнт: 13 красавіка прайшло пасяджэньне жыльлёвай камісіі, якая пастанавіла, што хлопцу і гэтую кватэру не дадуць. І ўвогуле — не дадуць аніякай.

«Так, мы ведаем пра гэтую праблему. У нас ёсьць пустыя кватэры, і мы самі яму прапанавалі, і Аляксандар Каралёў напісаў заяву, што хоча яе мець... Але мы яе не дамо! Там трэба рабіць рамонт, а ў нас няма грошай. Таму вырашылі проста кватэру яму не даваць. Нягледзячы нават на тое, што ён сам гатовы яе добраўпарадкаваць. Вы ж разумееце, ён яшчэ дзіцё. Будзем яму шукаць нешта іншае, будзем».

На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, Аляксандар Каралёў стаіць з 2011 году — калі яму споўнілася 16. За гэты час «нешта іншае» так і не знайшлося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG