Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія дні сакавіка, са спазьненьнем на два тыдні, людзі нарэшце атрымалі жыроўкі. Звычайна квіткі на аплату жыльлёва-камунальных паслуг прыходзяць чысла 12–13-га. А гэтым разам новыя тарыфы былі падпісаныя толькі 23 сакавіка, і супрацоўнікі ЖКГ за пару дзён павінны былі зрабіць пераразьлікі.

Натуральна, пасьля таго як кіраўнік дзяржавы абурыўся ростам тарыфаў, народ чакаў істотнага паніжэньня квартплаты. Істотнага паніжэньня так і не заўважылі.

Кідаецца ў вочы, што ў гэтым месяцы на блянках не пазначана, якая доля жыльлёва-камунальных паслуг кампэнсуецца дзяржавай, а якая — платнікам.

Некаторыя ўладальнікі кватэр прызнаюць, што ў параўнаньні са студзенем жыроўкі сапраўды патаньнелі. Праўда, у каго толькі на 2 тысячы, а ў каго — і на ўсе 300 тысяч. А разабрацца ў тарыфах і расшыфроўках, плюсах і мінусах недасьведчанаму чалавеку ня надта лёгка.

За звычайную трохпакаёвую панэльку ва Ўруччы агульнай плошчай 64 квадратныя мэтры за студзень трэба было заплаціць 583 тысячы. За люты — 383 тысячы. Амаль на 100 тысяч менш у лютым налічылі за ацяпленьне (148 тысяч супраць 240, 5 тысяч за студзень). Зрабілі пераразьлік за карыстаньне ліфтам (агулам на 30 тысяч менш), мінус 15 тысяч за тэхабслугоўваньне, мінус 10 тысяч — за асьвятленьне пад’езда, яшчэ пару дробных зьніжак за нейкія дадатковыя паслугі.

За такую ж па плошчы трохпакаёўку на праспэкце Пераможцаў за студзень налічылі больш як 700 тысяч, але ў лютым зрабілі пераразьлік, і заплаціць давядзецца толькі 214 тысяч. Амаль на 100 тысяч у лютым менш, чым у студзені, налічылі за ацяпленьне. Зрабілі пераразьлік за тэхабслугоўваньне, прыбіраньне пад’езда, карыстаньне ліфтам — агулам на 100 тысяч на карысьць кватэраўладальніка. Толькі за «асьвятленьне дапаможных памяшканьняў» вернуць 84 200 рублёў.

За палутарку-«хрушчоўку» ў сталічным завулку Калініна на першым паверсе за люты налічылі толькі на 2 тысячы менш, чым за студзень — 314 тысяч. Гаспадыня Валянціна Сьцяпанаўна абураная:

«Абяцалі істотна зьнізіць квартплату. Дом без капітальнага рамонту, бязь ліфта, безь сьмецьцеправода, лямпачкі ўкручваем самі — за што плацім? Квартплату зьнізілі на 2 тысячы — курам на сьмех».

А вось за трохпакаёўку-«сталінку» па вуліцы Карла Маркса ў лютым давядзецца заплаціць на 140 тысяч больш, чым у студзені.

Не сьціхаюць жарсьці і ў сацыяльных сетках: «Пасьля пераразьліку квартплата зьменшылася на 5 тысяч, а шуму нарабілі па тэлеку. Падобна да паказухі, каб народ уціхамірыць», — піша Дэн.

Вэтэран піша: «Нічога не зьмянілася, у нас калёнка „пераразьлік“ засталася пустой. Так што БАЛДА нікуды не сышоў, ён усё яшчэ прысутнічае».

Ангіна: «Ня ведаю, што там зьменшылася, у мяне ў жыроўцы кошт толькі расьце. І ў цяперашняй вырас істотна».

Атрымаць афіцыйны камэнтар у Мінкамунгасе ці Разьлікова-даведачным цэнтры не ўдалося — тэлефоны цэлы дзень занятыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG