Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паведамляе сайт afn.by, 22 сьнежня на нарадзе з банкірамі Нацбанк рэкамэндаваў абмежаваць спрэд паміж курсам куплі і курсам продажу валюты ў 5%.

Гэта азначае, што банкі абавязалі павысіць курс куплі валюты ў насельніцтва. Таму з 23 сьнежня курс пакупкі даляра ў насельніцтва будзе меншы за рэальны курс продажу на 5%.

Продаж наяўнай валюты фізычным асобам ажыцьцяўляецца з 30% камісіяй. Таму рэальны курс продажу складае ўмоўна не 11118 рублёў за даляр, а прыкладна 14460 рублёў.

У гэтым выпадку курс пакупкі наяўнай валюты не павінен быць ніжэйшым за 13700 рублёў.

Паводле afn.by, «падобны фінт рэгулятара дазваляе зрабіць невялікае адрозьненьне ў сутнасьці ўведзенай 30% даніны. Калі для юрыдычных асобаў уведзены 30% падатак, то для фізычных асоб уведзена (якім дакумэнтам?) простая 30% камісія, прызначэньне якой дагэтуль застаецца таямніцай».

Паводле парталу, Нацбанк у чарговы раз наступіў на граблі пад назвай «множнасьць курсаў» і дэ-факта прызнаў 30%-ю дэвальвацыю беларускага рубля.

Tut.by адзначае, што такое рашэньне прынятае для таго, каб павялічыць прывабнасьць продажу валюты насельніцтвам менавіта ў абменьніках, а не на «чорным» рынку.

Таксама Нацбанк яшчэ раз нагадаў банкам пра абавязковую выдачу ўкладаў насельніцтву па іх патрабаваньні, незалежна ад таго, скончыўся тэрмін укладу або не, а таксама незалежна ад таго, у якой валюце зроблены ўклад.

Паводле тлумачэньня да прэзыдэнцкага ўказу ад 20 сьнежня 2014 году, камісійны збор у 30%, які бярэцца пры продажы валюты фізычным асобам, банкі ўключаюць у даходы ад рэалізацыі. Гэты даход вызваляецца ад падатку.

Камэнтуючы сытуацыю карэспандэнту Свабоды, эканаміст Яраслаў Раманчук адзначыў, што банкі пачалі сур’ёзна абмяркоўваць пытаньне пра радыкальнае закрыцьцё абменных пунктаў.

«Таму што банкіры не будуць працаваць як дабрачынныя арганізацыі. Улады хацелі б усё перакласьці на плечы банкаў, на плечы насельніцтва. Але атрымаецца так, што банкі сваё возьмуць. І колькасьць абменных пунктаў будзе значна скарачацца. Замест таго, каб зрабіць дэвальвацыю і рынкавы курс, улады зрабілі падатак. Усе разумеюць, што гэта дэ-факта дэвальвацыя, але кожная з дзяржустановаў кажа, што дэвальвацыі няма. А адзін дрэнны крок цягне за сабой дзесяць дрэнных крокаў. Ён не давядзе ні да нармалізацыі на рынку сытуацыі з валютай, ні да таго, што валюты будзе хапаць. Гэта проста працяг разлажэньня банкаўскай, фінансавай сыстэмы і эканомікі ў цэлым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG