Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык здыме Кулінковіча ў сэрыяле пра Шабаны


Апэратар Аляксандар Крупіна і рэжысэр Андрэй Курэйчык

Апэратар Аляксандар Крупіна і рэжысэр Андрэй Курэйчык

Мы робім альтэрнатыву пампэзным і шкурным праектам кшталту «Авэля», — кажа рэжысёр Андрэй Курэйчык пра свой новы сэрыял «ГараШ». Адным з галоўных герояў сыткома стане лідэр «НэйраДзюбеля» Аляксандар Кулінковіч.

Сцэнарыст самых касавых расейскіх фільмаў «Любовь-морковь», «Службовы раман. Наш час», «Ёлкі» і скандальна вядомага ў Беларусі сэрыяла «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык сабраў каманду, каб давесьці, што ў Беларусі можна зьняць якаснае кіно незадорага.

Грошы на фільм зьбіраюць праз краўдфандынг. Далучыцца можа кожны ахвотны. На 15:00 13 траўня сабралі 4 мільёны рублёў з 80 патрэбных — гэта значыць 5% сумы.

«ГараШ» — чорная камэдыя з жыцьця менскага мікрараёна Шабаны. Там у гаражнай аўтамайстэрні апынаецца малады беларус, якога дэпартавалі са Штатаў пасьля пяці гадоў амэрыканскага жыцьця.

«Гэта фільм пра тое, як беларус з заходнім мысьленьнем сутыкаецца з нашым беларускім „саўком“. Мне здаецца, што асноўная хвароба нашай краіны — гэта саўковасьць мысьленьня, — тлумачыць Андрэй Курэйчык сваю задуму. — Гэта ня толькі герб, сьцяг, калгасы, „Дажынкі“... Гэта тычыцца ўсяго нашага побытавага існаваньня. Хоць пры гэтым у нас ёсьць парасткі сапраўднай эўрапейскасьці. Ёсьць элемэнты арыстакратызму культурнага, але аб’ектыўна краіна загрузла ў саўковым стане. Гэта наш спосаб прыстасаваньня.

Падчас пробаў

Падчас пробаў

І тут зьяўляецца новы беларускі герой, які гэтага ня хоча і з гэтым змагаецца. У гэтым увесь канфлікт гэтай камэдыі».

На ролю такога героя Віталя Барзова ў першы дзень кінаспробаў прыйшлі хлапцы з прафэсійнай адукацыяй, досьведам здымак у расейскіх сэрыялах, рэкляме і працы на сцэнах беларускіх тэатраў.

Другі рэжысэр Аляксандра Барысава і рэжысэр Андрэй Курэйчык

Другі рэжысэр Аляксандра Барысава і рэжысэр Андрэй Курэйчык

«У цябе ў Амэрыцы была мара, пляны, сябры, праца — усё было добра. І раптам — аблом, цябе пасадзілі ў самалёт і выслалі... Так бывае. Ты амаль стаў амэрыканцам... А цяпер табе трэба апраўдаць сваё існаваньне тут... Ты сабе кажаш, што і тут можна жыць, і тут я даб’юся», — кажа Курэйчык на спробах маладым акторам.

У рэалізацыі ідэі разам з Андрэем Курэйчыкам удзельнічаюць іншыя ініцыятары праекту. Гэта кампазытар Дзьмітры Фрыга, зь якім Курэйчык ужо супрацоўнічаў на сэрыяле «Вышэй за неба». Апэратар Аляксандар Крупіна, аўтар кліпаў для Vinsent, Amaroka, Greenpills і іншых беларускіх гуртоў і выканаўцаў. І апэратар Мікіта Пінігін.

Сапраўдная зорка фільму — лідэр «НэйраДзюбеля» Аляксандар Кулінковіч. Ён здымецца ў ролі ўладальніка аўтамайстэрні, куды трапляе галоўны герой.

«Павінен жа быць свой Гайзэнбэрг (галоўны герой сэрыяла Breaking Bad. — РС), доктар Быкаў (галоўны герой расейскага сэрыяла „Інтэрны“. — РС). Гэта „дарослы“ герой, — распавядае Курэйчык, прызнаўшыся, што вельмі хоча зьняць у праекце Кулінковіча. — Ён філёзаф, які будзе вучыць нашага героя жыцьцю ў Беларусі. Хто, як не Кулінковіч, будзе вучыць выжываньню тут, нягледзячы на ўсе забароны, „сьпісы“ і ўсё астатняе? І столькі гадоў заставацца сабой. Калі паслухаць ягоны апошні альбом — „На Марс!“, то гэта ўсё адно шчырая і вялікая музыка. А гэта вялікая рэдкасьць. Жыць пад такім прэсінгам і ня скурвіцца, ня сьпіцца — гэта цяжка».

Падчас пробаў

Падчас пробаў

Андрэй Курэйчык заяўляе, што ў гэтым праекце ня хоча над сабой «аніякіх прадусараў, начальнікаў і чыноўнікаў». І запрашае ўсіх людзей у сапрадусары — напрыклад, праз краўдфандынг.

«Мы робім гэта па-нонканфармісцку, без кампрамісаў з кімсьці», — сьцьвярджае рэжысэр.

Курэйчык кажа, што мільённыя бюджэты на кіно — гэта міт. «Цяпер, каб здымаць кіно, трэба ня так шмат. Мы вядома, хочам аплаціць працу артыстаў, але беларускія акторы не каштуюць так шмат. Будуць выдаткі на бэнзін. Касьцюм купіць. Але гэта ня тыя выдаткі, якіх мы баімся. Бо гэта вельмі вялікая асалода. Мы цудоўна бавім час», — распавядае Курэйчык.

Тое, што бюджэт будзе невялікі, стваральнікаў праекту ня моцна турбуе. «Затое мы ад анікога не залежым, нікому нічога ня вінныя. І ніякае ўмоўнае ПРАААН ня будзе дзяўбсьці мне мозг, якую сцэну пакінуць, а якую не пакінуць», — кажа Курэйчык, згадваючы канфлікт вакол зьнятага ім на замову ПРАААН сэрыяла «Вышэй за неба», калі здымачную групу адхілі ад постпрадакшна.

Андрэй Курэйчык і кампазытар Дзьмітры Фрыга

Андрэй Курэйчык і кампазытар Дзьмітры Фрыга

«Пілёт» (пробны выпуск) здымуць ужо ў чэрвені за 4–5 здымачных дзён. У верасьні Курэйчык абяцае закрытыя прэм’еры, да таго ж карціну пашлюць на фэстывалі. «І будзем прапаноўваць беларускім каналам, мне будзе вельмі цікавая іх рэакцыя», — падсумоўвае рэжысэр.

Кастынг

Кастынг

Шабаны як месца дзеяньня абраныя нездарма. Маляўнічыя ляндшафты ўжо легендарнага менскага раёну і своеасаблівы лад жыцьця яго насельнікаў для Курэйчыка — «найвышэйшы пункт саўку». Менавіта з гэтага асяродзьдзя можа выйсьці, на думку рэжысэра, іншае беларускае кіно.

Падчас пробаў

Падчас пробаў

«Калі цэнтар гораду яшчэ прыведзены ў парадак, амаль Эўропа, хай і са сталінскім ампірам, то нашы мікрараёны ня зблытаеш ні з чым. Мы хочам зразумець гэты сюррэалізм у беларускім мысьленьні, разгадаць яго, — кажа Курэйчык. — Мы хочам знайсьці новую эстэтыку кінападачы. Гэта будзе эстэтычна, візуальна незвычайнае для Беларусі кіно, дзе мы будзем ірваць шаблёны і звычайныя ўяўленьні пра тое, што беларускае кіно — традыцыйнае, цураецца экспэрымэнтаў, што гэта ваенныя фільмы — Тураў, Пташук і так далей».

Апэратар Аляксандар Крупіна і кампазытар Дзьмітры Фрыга

Апэратар Аляксандар Крупіна і кампазытар Дзьмітры Фрыга

«Не, можа быць іншае беларускае кіно! — заяўляе аўтар. — Можа быць хуліганскае беларускае кіно, іранічнае, з чорным гумарам — вось такое беларускае кіно, якога вельмі не хапае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG