Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык: Расейскае цемрашальства ў галіне культуры набывае агрэсіўныя формы


Анансаваная на 16 красавіка прэм’ера драмы «Нумар 44» швэдзкага рэжысэра Даніэля Эсьпіносы ў беларускіх кінатэатрах не адбудзецца. Расейская кампанія «Цэнтрал Партнэршып», якая займаецца пракатам фільму па матывах кнігі «Child 44» брытанскага пісьменьніка Тома Роба Сьміта ў Расеі, адклікала яго з кінатэатраў на загад Міністэрства культуры Расеі. Пад пагрозай санкцыяў тое ж самае мусілі зрабіць кінапракатчыкі ў Беларусі, Украіне і Казахстане. Ці азначае гэта, што цяпер у Маскве вырашаюць, што глядзець беларусам?

Драматург, аўтар сцэнараў да шэрагу мастацкіх фільмаў Андрэй Курэйчык у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што цяперашняя палітыка Крамля ў дачыненьні да культуры — дакладны адбітак таго, што адбываецца ў сучасным расейскім грамадзтве. Пры гэтым адметна, што імпэрскі шавінізм досыць камфортна суседнічае са стэрэатыпамі пра шчасьлівыя савецкія часы, а таму любая зьнешняя контрапрапаганда расцэньваецца як шкодная і нават небясьпечная:

«На жаль, расейскае цемрашальства пачынае прымаць агрэсіўныя формы ў галіне культуры. То бок ужо ня проста сабе забараняюць, а пачынаюць забараняць нешта рабіць суседзям. Мы бачым проста абуральныя выпадкі цэнзуры. У гэтым сэнсе вельмі паказальнай стала забарона опэры „Тангейзэр“ у Новасыбірску. Мы бачым сур’ёзную рэпэртуарную цэнзуру ў тэатрах, якая фактычна ўведзеная ў Расеі — цэнзура і самацэнзура. Дый з гэтым фільмам усё зразумела, хоць стужка відавочна накіраваная на выкрыцьцё канкрэтных злачынстваў сталінскага часу, якія адмаўляць немагчыма — тварыліся жахлівыя рэчы. Але цяпер у Расеі прасоўваецца іншая канцэпцыя: маўляў, гэта ўсё ачарненьне, нічога такога не было і г.д. Зноў бяруць на ўзбраеньне стары неэфэктыўны мэнэджмэнт. Але каму трэба, той знойдзе фільм у інтэрнэце і ўсё роўна яго паглядзіць. І гэта вельмі дарэчы як у сытуацыі з рэжысэрам Цімафеем Кулябіным і ягоным „Тангейзэрам“, так і ў выпадку зь фільмам „Нумар 44“. Па вялікім рахунку, гэта рэкляма для творцаў, бо ёсьць матыў пазнаёміцца з творчасьцю гэтых людзей».

Мастацкая стужка «Нумар 44» расказвае пра расьсьледаваньне сэрыі жорсткіх забойстваў у пасьляваенным СССР. Сам брытанскі пісьменьнік Том Роб Сьміт, які атрымаў за гэтую кнігу некалькі прэстыжных літаратурных прэміяў, раней апавёў Свабодзе, што ў аснову задумы легла гісторыя савецкага сэрыйнага забойцы Андрэя Чыкацілы. Галоўны герой і фільму, і кнігі — вэтэран вайны і супрацоўнік спэцслужбаў Леў Дзямідаў — расьсьледуе сэрыю забойстваў дзяцей, але апынаецца пад ціскам начальства, якое лічыць, што прызнаць існаваньне маньяка ў савецкім грамадзтве — тое самае, што і здрада дзяржаве.

Практычна той жа тэрміналёгіяй аргумэнтаваў забарону на фільм «Нумар 44» міністар культуры Расеі Ўладзімер Мядзінскі (афіцыйная заява зьмешчаная на сайце ведамства):

Уладзімір Мядзінскі

Уладзімір Мядзінскі

​«Не дзяржава, а Мордар, зь фізычнымі і маральна непаўнавартаснымі недачалавекамі, крывавае месіва ў кадры зь нейкіх оркаў і ўпыроў — вось у якой краіне адбываецца дзеяньне фільму. Так паказаная наша краіна — тая самая, якая толькі што перамагла ў Вялікай вайне, вырвалася ў лік усясьветных лідэраў і вось-вось запусьціць першага чалавека ў космас, — абураецца чыноўнік, намякаючы на правакатараў, якія хацелі запусьціць стужку ў шырокі доступ. — Фільм павінен быў выйсьці ў расейскі пракат, ён прайшоў увесь перадпракатны тэхналягічны ланцужок — пераклад, агучку, прэс-паказ, рэклямную кампанію. І на кожным зьвяне гэтага ланцужка зь ім мелі справу нашы людзі, нашы суграмадзяне — сучасныя, адукаваныя, прафэсійныя. І гэтае „кіно“ нікога не зачапіла! Як, чаму такое магло здарыцца?»

У сваім разгорнутым публічным абурэньні Мядзінскі ня згадвае пра неабходнасьць абараняць ад «псэўдатвору» грамадзянаў іншых краінаў. Але як здарылася, што загад на скасаваньне пракату атрымала Беларусь? Сытуацыю нашаму радыё патлумачыў генэральны дырэктар прадпрыемства «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш:

«Справа ў тым, што з расейскім праваўладальнікам у нас дамоўныя адносіны. „Цэнтрал Партнэршып“ — гэта буйная кампанія, у нас зь ёй доўгатэрміновае пагадненьне, якое кожны год пралянгуецца. Плюс на кожны фільм ідуць дадаткі да дамовы. То бок ёсьць пэўныя абавязаньні, і калі яны закрылі фільм, мы мусілі гэта прыняць да ведама. Дарэчы, яшчэ ўчора цягам дня яны казалі, што на Беларусь забарона не распаўсюджваецца, можаце паказваць. Але пры канцы дня мы атрымалі паведамленьне, што фільм неабходна закрыць. Трэба адзначыць, што мы яго нават ня бачылі, у нас крыху іншая сытуацыя. Калі экспэрты ў Расеі могуць глядзець напярэдадні ці нават за два дні, у нас проста ёсьць так званы электронны ключ, які адкрываецца ў дзень паказу згодна з дамовай. І калі б нават мы не падпарадкаваліся, яны маюць магчымасьць перакрыць сыгнал на электронны ключ, і мы ў любым выпадку не змаглі б яго паказаць. Страціў у гэтай гісторыі, найперш, „Цэнтрал Партнэршып“: яны купілі правы на фільм, і сродкі ім ужо ніхто ня верне, на рэкляму патраціліся, выдаткі на дыстрыбуцыю. Але гэта ўжо іх праблемы. У нас эканамічных стратаў няма, мы да гэтага паставіліся абсалютна спакойна».

Экспэрты салідарныя ў думцы, што татальная прывязка да Расеі, некалі санкцыянаваная вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, выходзіць бокам па ўсіх напрамках — ад эканомікі да культуры. У дадзеным выпадку, кажа драматург Андрэй Курэйчык, Расея ўжо пачынае дыктаваць умовы беларускім пракатчыкам — што паказваць, а што не:

Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык

«Фармальна такія спосабы ў расейцаў існуюць. Таму што спачатку правы купляюцца ўсё ж на Расею, і ўжо расейскі дыстрыбутар далей іх перадае на драбнейшыя тэрыторыі. Таму ў прынцыпе генэральныя рашэньні прымаюцца ў Маскве, за выключэньнем хіба што таго, калі беларускі дыстрыбутар кшталту „Менсквідэапракату“ ці нейкі камэрцыйны дыстрыбутар самастойна набываюць фільмы наўпрост на Захадзе. Але такое здараецца рэдка. Звычайна стужкі ўсё ж купляюцца ў Расеі, і ў расейскіх кампаніяў існуе рэсурс, як не прапусьціць той ці іншы фільм далей. І калі прынятае рашэньне на ўзроўні Міністэрства культуры Расеі — а кампаніі, якія займаюцца кіно, цяпер вельмі дакладна прыслухоўваюцца да думкі ведамства — было вырашана націснуць на ўсіх партнэраў. І выглядае, што гэта рэальны факт: уводзіцца пэўная цэнзурная палітыка, калі любая спроба крытыкаваць тое, што было за савецкім часам, разглядаецца як няправільная і небясьпечная».

На постсавецкай прасторы прэм’ера мастацкага фільму «Нумар 44» плянавалася 16 красавіка, але напярэдадні было прынятае рашэньне зьняць яе з пракату. Прадстаўнікі Міністэрства культуры і фірмы-пракатчыка выпусьцілі сумесную заяву, у якой абвінавацілі аўтараў фільму ў «скажэньні гістарычных фактаў, а таксама вобразаў і характараў савецкіх людзей». Расейскі бок сьцьвярджае, што на патрабаваньне Масквы сцэнар фільму некалькі разоў карэктаваўся, але канчатковы варыянт «рэвізораў» усё роўна не задаволіў.

XS
SM
MD
LG