Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускнікі школ будуць здаваць Нацыянальны іспыт


Міністэрства адукацыі рыхтуе чарговую рэформу. У Беларусі хочуць увесьці незалежны іспыт у школе за 9-ю і 11-ю клясы, заявіў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1», паведамляе БелТА.

Рэформа закране два аспэкты правядзеньня выпускных экзаменаў у школах: прымаць іх будзе незалежная камісія, а ў сам іспыт дададуць частку, скіраваную на паступленьне ў ВНУ.

Пакуль мяркуецца, што ў 2019/2020 навучальным годзе падрыхтуюць і правядуць незалежную атэстацыю за 9-ю клясу, а ў 2021/2022 годзе пройдзе Нацыянальны іспыт за 11-ю клясу.

«Гэта вельмі важнае і няпростае пытаньне, але мы да гэтага рыхтуемся. Прымаць іспыт будуць не настаўнікі з канкрэтнай школы, а камісія настаўнікаў зь іншых школаў і ня толькі са школаў, каб ацэнка пры гэтым была больш аб’ектыўнай», — заявіў Жураўкоў.

Гэтыя зьмены закрануць дзяцей, якія цяпер вучацца ў 5-6-х клясах. Міністар адзначыў, што яны ўжо цяпер мусяць ведаць правілы гульні, паводле якіх будуць паступаць у ВНУ.

«Мы пастаянна абмяркоўваем пытаньне пра ўдасканаленьне формаў здачы іспытаў, каб адабраць найбольш здольных для навучаньня. Але, на жаль, абсалютна карэктнай і правільнай сыстэмы ацэнкі ведаў яшчэ ніхто не прыдумаў», — адзначыў Жураўкоў.

Паводле Міхаіла Жураўкова, форму Нацыянальнага экзамэну прапануецца зрабіць зьмяшанай, але базай застанецца цэнтралізаванае тэставаньне. Першая частка гэтага іспыту будзе праверкай ведаў за школу, а другая частка будзе неабходная толькі тым, хто сабраўся паступаць далей. У другой частцы выпрабаваньня прапануецца, акрамя пісьмовых адказаў, увесьці і вусныя. Гэтую частку, магчыма, будуць распрацоўваць самі ўнівэрсытэты ў залежнасьці ад спэцыяльнасьці, на якую прэтэндуе абітурыент.

Пры гэтым міністар удакладніў, што ўжо сёньня абітурыенты больш чым на 200 спэцыяльнасьцяў здаюць уступныя іспыты ў такой форме. Сярод іх — спартовыя, вайсковыя і творчыя спэцыяльнасьці. Міхаіл Жураўкоў падкрэсьліў, што пасьля ўвядзеньня рэформы заданьні для другой часткі будуць тычыцца любых спэцыяльнасьцяў. Паводле міністра, «мы пачынаем шырокае абмеркаваньне гэтых прапаноў. Учора, напрыклад, адбылося пасяджэньне студэнцкай рады, якой прапанавана выказаць сваю думку на гэты конт, плянуюцца сустрэчы з дэпутатамі, настаўнікамі і выкладчыкамі, бацькамі».

Як растлумачылі ў Міністэрстве адукацыі, пытаньне прапрацоўваецца на будучыню і ніякіх рэвалюцый самім выпускнікам як базавай (9-я кляса), так і сярэдняй (11-я кляса) прыступкі перажыць не давядзецца.

«Гаворка хутчэй ідзе аб праверцы той падрыхтоўкі, якую вядуць школы і гімназіі. Бо здаваць экзамэны выпускнікі будуць не сваім выкладчыкам, а незалежным камісіям, у якія будуць запрошаныя настаўнікі зь іншых школ, выкладчыкі ВНУ. У другой частцы Нацыянальнага іспыту, якая будзе тычыцца тых, хто вырашыць пасьля школы паступаць ва ўнівэрсытэты, заданьні плянуецца зрабіць рознымі для розных спэцыяльнасьцяў. Так, калі ўзяць такі прадмет, як матэматыка, то вельмі складана падабраць аднолькавыя заданьні для абітурыентаў, якія паступаюць на прыкладную матэматыку або на юрыдычныя спэцыяльнасьці», — сказалі ў Міністэрстве адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG