Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты КХП БНФ, якія дачышчаюць Курапацкі лес: «Працавалі нават чыноўнікі, а грамадзкія актывісты пра Курапаты забываюць. Чаму?»


Талака ў Курапатах, архіўнае фота

Талака ў Курапатах, архіўнае фота

28 гадоў таму праз артыкул «Курапаты. Дарога сьмерці» Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва сьвет даведаўся пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя ад рук карнікаў НКВД загінулі сотні тысяч невінаватых беларусаў і грамадзянаў іншых краін. За гэты час намаганьнямі актывістаў, фактычна без удзелу дзяржавы ў Курапатах быў створаны народны мэмарыял памяці ахвяр рэпрэсій. Але ён патрабуе трывалай увагі і працы людзей, каб рабіць і падтрымліваць парадак. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды нагадаў актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі і заклікаў неабыякавых грамадзянаў прыходзіць сёньня ў Курапаты на чарговую, але вельмі важную талаку.

— Што трэба найперш зрабіць у Курапатах?

— За гэтыя дні і за гэтыя летнія месяцы трэбы вынесьці з магілаў і зь лесу гальлё, кустоўе і бярвеньне, якое пазразалі ўвесну сумесна з супрацоўнікамі лясной гаспадаркі. Праблема ў тым, што туды, у лес, тэхніка заходзіць ня будзе. Што мог лясгас прыбраць тэхнікай уздоўж дарог, тое прыбраў, але зь імі ў нас дамова, што ўглыб урочышча, па магілах, яны тэхніку ня пусьцяць. Таму вельмі патрэбныя нашы працоўныя рукі. Гаспадарнікі самі зьвярнуліся да нас па дапамогу, бо ў іх таксама рук не хапае, а гэта справа нашага гонару — паказаць, што можам сабрацца і талакой усё зрабіць. Гэта ў інтарэсах усіх, усёй нашай нацыі. Хто ва ўладзе, як кажуць, і хто не ва ўладзе.

— Нават чыноўнікі зь Мінлесгасу, праўда, не асабліва гэта афішуючы, на пачатку вясны правялі ў Курапатах суботнік. Чым, на вашу думку, дагэтуль важныя Курапаты?

— Прычыны шмат якіх праблем, якія мы цяпер перажываем, бяруць пачатак у тых гадах, пра якія сьведчаць Курапаты. Сказаў бы гэтак: каб убачыць маштабы нашай нацыянальнай трагедыі, трэба абавязкова прыйсьці ў Курапаты, пабачыць усё на свае вочы. Прайсьціся па гэтым лесе, які, асабліва ўвесну, калі зямля не зарасла травой і хмызьняком, раскрывае свае тайны. Бо вакол, якім кірункам ні пойдзеш, будзеш натыкацца на яміны, на правалы, якія насамрэч ёсьць магіламі. Гэта магілы соцень тысяч забітых, магілы беларускай эліты, зьнішчанай мэтанакіравана. Настаўнікаў, сялян, паэтаў, пісьменьнікаў, інжынэраў, рабочых, сьвятароў, беларускіх вучоных і беларускіх адраджэнцаў. Там ляжаць лепшыя прадстаўніку народу. У 1980 годзе КДБ ужо дакладваў наверх, што беларусаў як нацыі не існуе, але мы паўсталі. Менавіта паўсталі з курапацкіх магілаў. Нагадаю, 3 чэрвеня 1988 году зьявіўся артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты, а ўжо ў кастрычніку сюды адбылося шматтысячнае шэсьце, на якім быў зноў узьняты наш сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ праз год, на Дзяды, у Курапаты людзі прынесьлі і ўсталявалі трохмэтровы Крыж пакутаў. Гэтак быў запачаткаваны наш народны мэмарыял Курапаты. І з таго часу актывісты КХП БНФ, прыхільнікі незалежнасьці, простыя людзі ўпарадкавалі ў Курапатах гектары магілаў, усталявалі больш за тысячу крыжоў, якія, дарэчы, увесь час патрабуюць абнаўленьня, рамонту, дагляду.

Усталяваньне крыжа пакуты ў Курапатах ў 1989 годзе

Усталяваньне крыжа пакуты ў Курапатах ў 1989 годзе

— Вы адчуваеце недахоп грамадзкай увагі да Курапатаў, што зьвярнуліся па дапамогу?

— Справа ня ў тым, што хвалі ўвагі мяняюцца. То яны большыя, то меншыя, у залежнасьці ад палітычных кампаніяў. Увага павінна быць трывалай і сыходзіць ад прыхільнікаў розных палітычных плыняў, розных партыяў і абʼяднаньняў. Тым больш апазыцыйных, хоць гэта тычыцца ўсіх грамадзянаў. Таму я да іх і зьвяртаюся: шаноўныя спадары і спадарыні! Бярыце пальчаткі, бярыце адмысловую вопратку, каб пераапрануцца, і прыходзьце на талокі па суботах, якія пачынаюцца аб 11 гадзіне. Але ня каб папіярыцца перад камэрамі журналістаў, а проста папрацаваць. Сьмецьця, гальля хопіць на ўсіх. У КХП БНФ манаполіі на гальлё і бярвеньне ў Курапатах няма, таму заклікаем актывістаў з усіх рухаў і проста людзей прыйсьці і дапамагчы. Даводзіцца чуць, што КХП БНФ нібыта захапіў манаполію на Курапаты — дык прыходзьце, папрацуем разам і разам адзначымся. Бліжэйшая талака адбудзецца сёньня, у гэтую суботу. Далучайцеся, калі ласка, і будзем рабіць нашу агульную беларускую справу разам. Мы павінны памятаць пра сваіх продкаў і ўшаноўваць іх памяць.

— Дагэтуль актывісты КХП БНФ у сваіх выступах, скажу гэтак, выказваліся ня вельмі камплімэнтарна на адрас чыноўнікаў. Гэтая пазыцыя мяняецца?

— Проста бачна ўжо нейкае паразуменьне і там, што гэта наша агульнае. Наша гісторыя, наша сьвятыня. А таму не выпадае дзяліцца. Для нас што Хатынь, што Курапаты — гэта павінна быць аднолькава сьвятым месцам. Таму дзіўна бывае чуць нават не ад чыноўнікаў, а з боку актывістаў апазыцыі, што вось гэта ваша, а мы будзем іншым займацца. Хаця б раз на год кожнаму трэба прыйсьці сюды на талаку, як тыя чыноўнікі з упраў Мінлесгасу прыходзілі на свой суботнік, і тады будзе вынік відаць. Ён і цяпер ужо відаць. Ужо з кальцавой, з дарог вакол курапацкі лес добра праглядаецца, няма такіх хмызьнякоў, як былі. Але трэба рабіць гэта трывала і сіламі як мага большымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG