Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Экспэрты ў абарону Курапатаў»: за мэмарыялізацыю і супраць эксгумацыі


Курапаты

Курапаты

Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» правялі прэсавую канфэрэнцыю ў справе падрыхтоўкі да правядзеньня Нацыянальнага конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў, які мае працоўную назву «Мэмарыял Курапаты». Актывісты паведамілі, што конкурс зьяўляецца складковай часткай шматгадовага руху беларускага грамадзтва за належнае ўшанаваньне месца згубы ахаяраў сталінскіх рэпрэсій — мэмарыялу Курапаты як Нацыянальнага нэкропалю беларускага народу. Стратэгія мэмарыялізацыі Курапатаў складаецца з наступных частак: часавы пэрыяд мэмарыялізацыі, прастора мэмарыялізацыі, матэрыяльны зьмест, а таксама навуковае забесьпячэньне мэмарыялізацыі.

Марат Гаравы, архіўнае фота

Марат Гаравы, архіўнае фота

«Галоўнай мэтай конукурсу ёсьць прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да тэмы Курапатаў. Першым крокам у яго правядзеньні будзе дакумэнтальна-мастацкая выстава, якая адкрыецца ў Менску 30 лістапада, напярэдадні Дзядоў. На ёй будуць прапанаваныя для агляду артэфакты, знойдзеныя ў выніку раскопак у Курапатах, а таксама іншых месцах масавых расстрэлаў. Гэта таксама кнігі, дакумэнты, публікацыі, аўдыё і відэаматэрыялы, дакумэнтальныя стужкі. Падчас гэтай выставы будзе абвешчаны пачатак конкурсу. Зараз мы рыхтуем канцэпцыю конкурсу, і адным з этапаў канцэпцыі ёсьць стратэгія мэмарыялізацыі Курапатаў. Да гэтага падштурхнула і нашая праца, і іншыя падзеі, у тым ліку — намеры польскага боку правесьці эксгумацыю ў Курапатах», — паведаміў адзін з актывістаў ініцыятывы Марат Гаравы.

Польская арганізацыя «Нацыянальная рада памяці змаганьня і пакутаў» вядзе перамовы з уладамі Беларусі пра новую эксгумацыю ў Курапатах з мэтай пошуку так званага «Беларускага катынскага сьпісу» — сьлядоў забойства афіцэраў і жаўнераў польскага войска, закатаваных у першыя дні вайны каля расейскай Катыні і, магчыма, на тэрыторыі Беларусі. З гэтай нагоды яшчэ адзін удзельнік курапацкай ініцыятывы Вінцук Вячорка паведаміў:

Вінцук Вячорка, архіўнае фота

Вінцук Вячорка, архіўнае фота

«Давялося сустрэцца і паразмаўляць з прадстаўніком польскай дэлегацыі — гэта Анжэй Кунэрт — ён сакратар, гэта значыць кіраўнік „Нацыянальнай рады памяці змаганьня і пакутаў“. Гэта дзяржаўны орган, які займаецца ўшанаваньнем памяці палякаў, якія былі героямі войнаў. Наколькі можна меркаваць паводле размовы са спадаром Кунэртам, пакуль што ў іх адбываюцца кантакты з урадавымі структурамі Беларусі. Мы, аднак, падкрэсьлівалі, што ў сытуацыі Курапатаў вельмі важна зважаць на становішча апошніх двух дзесяцігодзьдзяў і ўсё ж такі ўзмацніць кантакты з незалежнымі навукоўцамі, грамадзкімі актывістамі і структурамі, якія займаюцца праблемай Курапатаў. Наколькі можна зразумець, пакуль што да пэўных канчатковых дамоўленасьцяў справа не дайшла. Са свайго боку мы лічым і выклалі гэта ў стратэгічным дакумэнце, што пэрыяду эксгумацыі мусіць папярэднічаць вычарпальны пэрыяд навуковых дасьледаваньняў: архіўных і матэрыяльных, а таксама на іншых аб’ектах акрамя Курапатаў. Ужо тады надыходзіць пэрыяд, калі трэба абмяркоўваць, на якіх умовах, пад чыім кантролем такая эксгумацыя мусіць адбывацца.

Думаю, што варта вітаць цікавасьць польскага боку да курапацкай праблемы, бо гэта змушае і цяперашнія ўлады Беларусі не рабіць выгляду, што Курапатаў няма. Іншая рэч — ніколі не забываймася, каму Курапаты муляюць, — яны ж не перастаюць муляць. І таму тут самым правільным кірункам будзе максымальная супраца польскага боку, дзяржаўнага і грамадзкага, польскіх навукоўцаў — найперш зь беларускімі навукоўцамі і грамадзкасьцю».

Напярэдадні кіраўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Ігар Кузьняцоў заявіў пра заўчаснасьць ініцыятывы прадстаўнікоў урадавых колаў Польшчы. Ён таксама заклікаў зацікаўленыя бакі перш як рабіць эксгумацыю ў Курапатах грунтоўна і навукова вывучыць архіўную гісторыю масавых рэпрэсій у Курапатах, а таксама ў іншых месцах масавых рэпрэсій у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG