Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створана працоўная група, каб правесьці конкурс па мэмарыялізацыі Курапатаў


Выступае Марат Гаравы

Выступае Марат Гаравы

Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» зладзілі круглы стол у справе Нацыянальнага конкурсу па мэмарыялізацыі ўрочышча. Удзел у абмеркаваньні ўзялі вядомыя грамадзкія актывісты, мастакі, скульптары, археолягі і краязнаўцы.

З уступным словам выступіла археоляг Валянціна Вяргей, якая нагадала гісторыю адкрыцьця Курапатаў і працы дзьвюх дзяржаўных камісіяў у 1988 і 1998 гадах. Высновы гэтых камісіяў былі аднолькавыя: у Курапатах пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

Журналіст Марат Гаравы нагадаў гісторыю некалькіх спробаў мэмарыялізацыі ўрочышча: дзяржаўную пастанову ад 1989 году ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў, а таксама дзьве ініцыятывы грамадзкасьці: творчы конкурс ад 1993 году і канцэпцыю мэмарыялу ад 2002 году. Усе гэтыя спробы, аднак, не былі рэалізаваныя. Тым часам патрэба мэмарыялізацыі Курапатаў паўстае ўсё вастрэй, падкрэсьліў Марат Гаравы:

«Конкурс у справе мэмарыялізацыі Курапатаў павінен стаць адказам з боку беларускай грамадзкасьці і беларускай інтэлігенцыі забудоўнікам „Бульбаш-холу“ і агулам дзяржаве на тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. А менавіта — ідзе скарачэньне ахоўнай зоны. Дзяржава падтрымлівае і пакрывае захоп ахоўнай зоны Курапатаў. З поўначы гэта пасёлак Сонечны, з захаду — „Бульбаш-хол“, існуе пагроза і з усходняга боку, дзе плянуецца міжнародны выставачны комплес.

Культуроляг Вацлаў Арэшка дадаў:

«Праблема яшчэ ў чым: калі на пачатку 1990-х гадоў Курапаты разам з Чарнобылем былі знакавымі зьявамі ў сьвядомасьці беларусаў, найважнейшымі ў справе адраджэньня незалежнасьці Беларусі, то цяпер сытуацыя зусім інакшая. Прыйшло новае пакаленьне, якое вырасла ў інфармацыйнай прасторы гэтай дзяржавы, і Курапаты перасталі быць ня толькі знакавай зьявай і памятным гістарычным сымбалем, але многія нават ня ведаюць, што такое Курапаты.

Курапаты перасталі быць ня толькі знакавай зьявай і памятным гістарычным сымбалем, але многія нават ня ведаюць, што такое Курапаты

Таму асноўная задача — прыцягнуць увагу да Курапатаў ня толькі вядомых мастакоў і скульптараў, але і маладых творцаў і грамадзтва агулам. Неабходна вярнуць беларускаму народу знакавасьць Курапатаў, бо яны сыходзяць з нашай сьвядомасьці, зь Беларусі. Тым часам нам актыўна навязваюць канцэпцыю „русского мира“, а моладзь ня мае знакаў беларускай ідэнтычнасьці. Таму знакавасьць Курапатаў паспрыяе ўмацаваньню маральнасьці і гістарычнай памяці народу».

Мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка таксама падкрэсьліў неабходнасьць інфармацыйнай кампаніі ў справе папулярызацыі і мэмарыялізацыі Курапатаў сярод жыхароў Зялёнага Лугу і шырэйшай грамадзкасьці. А таксама заклікаў удзельнікаў справы мэмарыялізацыі Курапатаў да адказнасьці ў працы:

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

«Зразумела, што курапацкая справа — гэта ня месца для самапіяру любой цаной. Тут кожны чалавек і група, якія гэтым займаюцца, павінны сябе стрымліваць і не набываць на гэтым псэўдакапіталу. Гэта павінна быць вельмі моцнае пачуцьцё сьціпласьці, самакантролю і салідарнасьці з тымі, хто гэтым займаецца. Кажу пра гэта таму, што ўсялякае здараецца. Але тут сабраліся людзі, для якіх гэта аксіёма».

Таксама слова бралі вядомыя мастакі, архітэктары і грамадзкія актывісты, якія выказвалі сваё бачаньне канцэпцыі мэмарыялізацыі ўрочышча.

У выніку круглага стала актывісты грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» стварылі працоўную групу па распрацоўцы праекту канцэпцыі адкрытага Нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю мэмарыялізацыі Курапатаў. У яе склад увайшлі сябры ініцыятывы, сярод якіх культуроляг Вацлаў Арэшка, мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка, археоляг Валянціна Вяргей, журналіст Марат Гаравы, старшыня асацыяцыі ахвяраў палітрэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты» Вацлаў Нямковіч. Акрамя таго, да працоўнай групы далучыліся мастакі Алесь Марачкін, Генадзь Драздоў, Мікола Купава, скульптары Алесь Шатэрнік, Гэнік Лойка, мастацтвазнаўца Ірына Лаўроўская, краязнавец Аляксей Галіч, прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Алесь Макаў. Яны маюць падрыхтаваць канцэпцыю мэмарыялу, якая будзе прапанаваная для грамадзкага абмеркаваньня. Затым будзе абвешчаны адкрыты Нацыянальны конкурс на лепшую ідэю мэмарыялізацыі Курапатаў. Першае паседжаньне працоўнай групы адбудзецца ўжо на наступным тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG