Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя ня хочуць заводзіць справу пра віцебскія Курапаты


масавыя пахаваньні пад Віцебскам
масавыя пахаваньні пад Віцебскам

Крымінальная справа па факце знаходкі пад Віцебскам ля вёскі Хайсы чалавечых парэшткаў на месцы масавых расстрэлаў пакуль не заведзеная.

Віцебскія актывісты, якія патрабуюць устанавіць, чые парэшткі дагэтуль ляжаць непахаванымі ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, атрымалі адказ з абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту.

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і іншыя ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» лічыць, што гэта парэшткі расстраляных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пра расстрэлы, якія адбываліся ў 1930-х гадох у гэтых мясьцінах, згадваюць мясцовыя жыхары. Таму віцебскія актывісты патрабуюць, каб адказныя службы правялі праверку, а мясцовыя ўлады далі дазвол пахаваць парэшткі па хрысьціянскім абрадзе і ўсталяваць памятны знак пра трагічныя падзеі. З гэтым яны яшчэ ў лістападзе мінулага году зьвярнуліся ў пракуратуру, міліцыю і Сьледчы камітэт.

У адказе за подпісам намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту Ігара Мяцеліцы гаворыцца, што «па выніках праверкі старшым сьледчым першага сьледчага аддзяленьня Віцебскага раённага аддзелу СК вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы на падставе п.2 ч.1 артыкула 29 КПК Рэспублікі Беларусь». Аднак упраўленьне працэсуальнага кантролю лічыць, што праверка была недастаткова поўная, і «матэрыял з указаньнямі накіраваны начальніку Віцебскага РА СК для арганізацыі правядзеньня дадатковай праверкі».

Як напісалі з абласнога ўпраўленьня СК, раённы аддзел мусіць паведаміць актывістам пра вынікі праверкі, а таксама наконт рашэньня пра пахаваньне парэшткаў. Раней ініцыятарам праверкі ў гэтым адмаўлялі — Яну Дзяржаўцаву паведамілі, што парэшткі накіравалі на экспэртызу ў Менск, але што да вынікаў, то гэта, маўляў, грамадзкасьці ня тычыцца.

Між тым грамадзкасьць вельмі зацікаўленая, каб праўда пра чалавечыя парэшткі адкрылася. Жыхары бліжэйшых вёсак яшчэ ў 1990-я гады зьвярталіся ў мясцовы сельсавет, міліцыю і да праваслаўнага сьвятара, каб нарэшце зрабіць парадак і каб чалавечыя парэшткі не ляжалі раскіданымі па лесе. У сельсавеце абяцалі «разабрацца», але на косткі і чарапы, часам у неглыбокіх ямінах, а часам проста прыкапаныя, дагэтуль натыкаюцца грыбнікі.

12 лістапада мінулага году віцебскія актывісты ўпершыню ўшанавалі памяць загінулых тут людзей — а пра іх гвалтоўную сьмерць спрачацца не выпадае, бо ў знойдзеных чарапах добра відаць адтуліны ад куль. На ўскрайку лесу недалёка ад вёскі Хайсы, дзе самыя вялікія яміны з парэшткамі, паставілі тры крыжы. Каля аднаго зь іх, дзе актывісты зрабілі сымбалічную магілу, сьвятар грэка-каталіцкай царквы айцец Зьміцер адслужыў паніхіду.

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» лічаць, што гэтага недастаткова. Яны вырашылі працягваць зьбіраць сьведчаньні тых, хто памятае пра сталінскія расстрэлы 1930–50-х гадоў. Прычым ня толькі каля вёсак Хайсы і Дрыкольле, а па ўсім Віцебскім раёне, ці нават шырэй — па ўсёй Віцебскай вобласьці. І зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам з прапановай усталяваць у Віцебску помнік ахвярам сталінізму, што загінулі на тэрыторыі вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG