Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект зон аховы ўрочышча Курапаты зацьверджаны. Што з Дарогай сьмерці і «Бульбаш-холам»?


Пашырэньне дарогі каля Курапатаў, архіўнае фота

Пашырэньне дарогі каля Курапатаў, архіўнае фота

Міністэрства культуры зацьвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца зьнішчэньня ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Менскі раён)».

Адпаведную пастанову ад 1 сьнежня 2014 году публікуе сёньня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Ці зьмененая ў выніку плошча ахоўнай тэрыторыі? На гэтыя і іншыя пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. Ён адзначыў, што праект яго ў цэлым задавальняе.

«Мы ў асноўным захавалі ўсе парамэтры. Гэта тэрыторыі, якія зьяўляюцца ахоўнымі зонамі. І ахоўная зона, і зона рэгуляваньня забудовы і аховы ляндшафту цалкам забясьпечваюць захаваньне помніка гісторыі і дазваляюць праводзіць увекавечваньне памяці ў любых формах, калі такое рашэньне будзе прынятае».

Карэспандэнт: «Ахоўныя зоны скарочаныя параўнальна зь першасным праектам?»

Чарняўскі: «Не. Проста пракладка некаторых лініяў і межаў удакладненая. Яны прывязаныя да больш дакладнага картаграфічнага матэрыялу. Праведзены аналіз мапы 30-х і 40-х гадоў, суаднесены з сучаснай геападасновай.. Я думаю, больш дакладныя прывязкі іх зробленыя».

Карэспандэнт: «„Дарога сьмерці“ захавалася ў межах ахоўных зон?»

Чарняўскі: «Траса дарогі на вёску Драздова захавалася. Ахоўная зона як праходзіла, так і праходзіць, пакідаючы ў межах ахоўнай зоны вось гэтую былую трасу дарогі, якая таксама лёгка ўстанаўліваецца па картах».

Карэспандэнт: «А як урэгулявана пытаньне з «Бульбаш-холам»?

Чарняўскі: «Мяжа была ўдакладнена яшчэ ў 2013 годзе з улікам наяўнасьці інжынэрных камунікацыяў, трох вадаводаў. Таму гэты рэстаранны комплекс трапляе ў зону рэгуляваньня забудовы. Ужо функцыі — гэта як бы ня нашы пытаньні».

Карэспандэнт: «Што будзе далей з урочышчам Курапаты, чаго чакаць пасьля апублікаваньня пляна?»

Чарняўскі: «Ня ведаю. Міністэрства культуры не зьяўляецца ўласьнікам гэтай тэрыторыі. Яно можа толькі рэгуляваць адносіны захаваньня, пры наяўнасьці дакумэнтацыі разглядаць яе, узгадняць альбо даваць заўвагі па дакумэнтацыі. На сёньняшні дзень гэта гістарычная тэрыторыя, якая захоўваецца ў тым выглядзе, у якім ёсьць».

Тым часам у грамадзкасьці, якая цягам апошніх гадоў была ўстрывожана сытуацыяй вакол урочышча Курапаты, застаюцца пытаньні.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што перш чым ацэньваць зацьверджаны праект, неабходна канкрэтна азнаёміцца на мапе з новымі зонамі аховы.

«Я ведаю толькі па чутках, што тое, што распрацоўваў Вадзім Гліньнік год таму, — ён тады даваў 240–250 мэтраў ад ляснога масіву на ўсход да Дарогі сьмерці і потым яшчэ 50 мэтраў на ўсход ад Дарогі сьмерці, — цяпер гэтая зона скарочаная. Дарога сьмерці ўваходзіць у ахоўныя зоны, а за Дарогай сьмерці межы ахоўнай зоны праходзяць літаральна за 5–6 мэтраў. Канкрэтна я магу сказаць пасьля знаёмства з графічнымі матэрыяламі. Але ўскосныя дадзеныя ёсьць, што Дарога сьмерці захавалася ў межах ахоўных зон. Нягледзячы на тое, што ахоўныя зоны скарочаныя ад першаснага праекту».

«Бульба-хол» каля Курапатаў

«Бульба-хол» каля Курапатаў

Археоляг Мікола Крывальцэвіч адзначае, што спачатку трэба канкрэтна высьветліць, якія зоны аховы зацьверджаныя і ў якім варыянце.

«Таму што праблема палягала ў тым, што большая палова поля паміж лесам і „Экспабелам“ павінна ўвайсьці ў зону аховы. Бо ўключала ў сябе дарогу, па якой прывозілі зьняволеных з турмаў ці арыштаваных на расстрэлы. І, безумоўна, гэтая дарога таксама павінна быць часткай мэмарыялу і павінна выкарыстоўвацца пры мэмарыялізацыі ўсяго помніка і захоўвацца. Затым праблема з той тэрыторыяй, якая была паміж Курапатамі і так званым „Бульбаш-холам“. Там таксама частка зоны ўжо забудаваная, а яна павінна была быць ахоўнай зонай. Безумоўна, там таксама паўстае праблема, бо частка будынкаў павінна зносіцца. Таму тут трэба ведаць праект і што ім зацьверджана. Бо пра гэта гаворка ішла вельмі даўно, а што атрымалася ў выніку?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG