Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купіў дзесяць эўра і я задаволены» — гарадзенцы пра крызіс


Два дні таму ўлады абяцалі, што дэвальвацыі ня будзе, а 19 сьнежня валюта падаражэла на 30 працэнтаў. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці панясе хто-небудзь адказнасьць за гэты падман? Адказваюць гарадзенцы.

— Я вось цяпер паехаў, мне было трэба тэрмінова купіць валюты. Нідзе не прадаюць. Я заехаў на вакзал, там чарга, няма ў продажы даляраў. Ну я вось купіў дзесяць эўра і я задаволены. Трэба зыходзіць з таго, што наша ўся эканоміка беларуская, яна разьлічаная, каб выплочваць крэдыты. Нашу краіну фінансуюць не ў краіне, а з розных краінаў. І таму, паколькі нам даюць грошы ў доўг, насельніцтва павінна плаціць за гэта. Расплачваемся ж валютай, а не беларускімі рублямі.

— І валютчыкі, і шэры рынак паявіцца. Канечне: хоць якая мера, хоць нешта робіцца. Увогуле першае ўражаньне было, што гэта правільнае рашэньне, каб зьбіць ажытяаж. Але паразважаў: гэта папросту схаваная дэвальвацыя ўсяго толькі. Ну й паявіцца рынак валютчыкаў. Ён заўсёды быў, скажам, яго ніколі да канца ня зьнішчылі.

— Гэта выходзіць ня проста падман, дэвальвацыя будзе па-любому, мы нікуды ня дзенемся. Таму што Расея зробіць, працэнтаў восемдзесят нават будзе, таму што выйсьця няма. Ну а мы працэнтаў на сорак... Адназначна будзе, нас проста падманваюць.

— Дык у нас кожныя паўгоду такое бывае. Усё як было — так і застанецца, не пагоршыцца, я думаю, ну куды ўжо?

— Калі трыццаць працэнтаў нацэнка — гэта тая ж самая дэвальвацыя. Даляр куплялі, дапусьцім за 10870, а сёньня за 14000, то што гэта? Усё, дэвальвацыя. Калі цэны ў крамах застануцца, то не ўпадзе ўзровень жыцьця, а калі цэны пойдуць уверх, то будзе падаць.

— Канечне, яно будзе заўважна, асабліва па заробках, па старых, па пэнсіях. Будзе адчувальна.

— Я гэтай справай не камандую, за гэта не адказны. Але я думаю, што ў нас будзе, як у Расеі. Пуцін сказаў: цягам двух гадоў будзе цяжка. Так і ў нас будзе: два гады. А потым выжывем.

XS
SM
MD
LG