Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымчук Кудзінаў: Буйныя кампаніі ў Крым не заходзяць, баяцца санкцыяў


Уладзімер Кудзінаў

Уладзімер Кудзінаў

Год таму ў выніку ініцыяванага Крамлём «рэфэрэндуму» ўкраінскі Крым быў уключаны ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць заявіла пра незаконнасьць анэксіі, але Масква праігнаравала гэта, аргумэнтуючы «вымушаныя» захады «гістарычнай справядлівасьцю» і «супрацівам украінскаму нацыяналізму». За прамінулы час больш як 2 мільёны крымчукоў з украінскіх грамадзянаў ператварыліся ў расейскіх. А як склаўся лёс этнічных беларусаў, якіх, паводле апошняга ўкраінскага перапісу, у інтэрнацыянальным Крыме налічвалася 1,5%?

Самы знакаміты беларус, які быў пастаўлены перад фактам расейскага пратэктарату, — безумоўна, Максім Багдановіч. Пасьля леташняй «вызвольнай місіі» расейскіх «зялёных чалавечкаў» даносіліся эмацыйныя заклікі вярнуць песьняра на радзіму, але далей за словы не пайшло — Максім застаецца ляжаць на старых могілках у Ялце.

У параўнальна невялікім Крыме пры ўкраінскіх уладах досыць плённа дзейнічалі беларускія суполкі. Самыя вялікія зь іх — Севастопальскае таварыства беларусаў імя Багдановіча «Пагоня», Крымская садружнасьць беларусаў «Сябры», Крымскае беларускае культурна-асьветніцкае таварыства. Бальшыня з 35 тысяч чалавек, якія на агульнаўкраінскім перапісе прызналі свае беларускія карані, так ці інакш былі зьвязаныя са згаданымі арганізацыямі.

Надмагільны помнік Максіму Багдановічу ў Ялце

Надмагільны помнік Максіму Багдановічу ў Ялце

Скантактавацца зь беларускімі актывістамі, якія міжволі ператварыліся ў «новых рускіх», аказалася ня так лёгка. Украінскія тэлефонныя нумары не адказваюць, а іншых даведнікі не даюць: як патлумачылі ў «Белтэлекаме», паколькі расейская тэлефонная кадыфікацыя ў гэтым рэгіёне не прызнаная, стацыянарнай сувязі няма фізычна.

Але ж цалкам бяз сувязі са зьнешнім сьветам існаваць немагчыма. Адным з вынікаў рэйдэрскага захопу рынку сувязі стаў прыход у Крым расейскіх мабільных апэратараў. Праз аднаго зь іх удалося адшукаць Уладзімера Кудзінава — былога палітвязьня і экс-дэпутата Вярхоўнага Савету, які пасьля працяглай адседкі за нібыта эканамічныя злачынствы пераехаў у Севастопаль, тады яшчэ ўкраінскі. Як жывецца пад расейскай уладай?

«Я як быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, так ім і застаюся. Адзінае, што атрымаў від на жыхарства ў Расейскай Фэдэрацыі. Калі ўкраінскі від на жыхарства ў горадзе Севастопалі быў бестэрміновы, то Расея па сваіх законах дае толькі на 5 гадоў, пасьля чаго маеш права яго працягваць.

Мы спынілі вытворчасьць. З аднаго боку, поўная неакрэсьленасьць з пастаўкамі кармоў з Украіны. Зь іншага — вельмі дарагія ў параўнаньні з украінскімі кармы з Расеі

Што на сёньняшні дзень адбываецца ўвогуле? Пакуль збольшага толькі абмяркоўваем праекты з кампаніямі, якія нібыта і хочуць зайсьці ў Крым, але пры гэтым баяцца. У мяне дагэтуль бізнэс які быў? Вытворчасьць мяса бройлера і, адпаведна, яйка курынага сталовага, а таксама вытворчасьць сьвініны. Але мы спынілі вытворчасьць. З аднаго боку, поўная неакрэсьленасьць з пастаўкамі кармоў з Украіны. Зь іншага — вельмі дарагія ў параўнаньні з украінскімі кармы з Расеі.

Зразумела, што нешта ў выніку праясьніцца, але факт, што буйныя кампаніі ў Крым не заходзяць, яны проста баяцца санкцыяў. Справа ў тым, што ўвесь расейскі бізнэс будуецца на танных крэдытах — пад 5–6% гадавых — з Эўразьвязу і ЗША. Адпаведна, мае месца фактар стрымліваньня: ніхто ня ведае, як будуць разгортвацца падзеі нават у наступным месяцы, ці скончыцца вайна ў Данбасе, якія зьмены магчымыя ў Расеі, на постсавецкай прасторы ўвогуле. Бо, само сабой, хацелася б, каб усюды было пабудаванае дэмакратычнае грамадзтва».

Русафільскія настроі ў Крыме дазвалялі паставіць яго ў адзін шэраг зь некаторымі рэгіёнамі Ўсходняй Украіны. Значная частка насельніцтва ўсталяваньне расейскай улады шчыра вітала, баючыся, з аднаго боку, украінскіх нацыяналістаў, а з другога — спадзеючыся на падвышэньне ўзроўню жыцьця. У іх ліку — і сакратарка Крымскай садружнасьці беларусаў «Сябры», жыхарка Сымфэропалю Людміла Айзенштэйн:

«Што зьмянілася? У настроі — абсалютна нічога. Людзі як былі задаволеныя, шчасьлівыя, так і засталіся. Усё добра, усе ў добрым настроі. Ну, вядома ж, не без складанасьцяў: хтосьці страціў працу, хтосьці перабудоўваецца пад новыя рэаліі. Таму, вядома, крыху ёсьць цяжкасьці, але, у прынцыпе, 80% задаволеныя і шчасьлівыя. Я сама бачу, гляджу, мы тут усім цікавімся. Асабіста я таксама вельмі шчасьлівая, сяджу вось на офісе, нада мной два сьцягі — расейскі і беларускі.

Асабіста я таксама вельмі шчасьлівая, сяджу вось на офісе, нада мной два сьцягі — расейскі і беларускі

Ня буду хаваць, бытавыя праблемы ёсьць, бязь іх ніяк: нехта жыў не прапісаны, цяпер займаецца гэтай справай. Можа быць не задаволены, бо няпроста да новага прыстасавацца. Але ж усё роўна давядзецца гэта прайсьці, правільна зрабіць, аформіць. Нехта грамадзянства пацьвярджае, нехта шукае працу, бо, прыкладам, украінскія банкі амаль адразу пазачыняліся. Ну, паадчыняліся расейскія, жыцьцё ідзе. Так, застаўся бяз працы — справа жыцейская — ня вельмі яму радасна. А хто на плыву ды ўсё нармальна, дык ясна, што задаволены. Тым больш, людзям зразумела патлумачылі: трэба перацярпець, перачакаць, усё наладзіцца і будзе добра».

Тым часам Уладзімер Кудзінаў з уласных назіраньняў градус усеагульнага шчасьця ацэньвае як нашмат ніжэйшы. І калі да абвалу расейскага рубля ў пэнсіянэраў заставалася ілюзія заможнасьці ў пераліку на ўкраінскія кошты, то цяпер карціна прынцыпова іншая:

«Калі ўзяць яшчэ год таму, то многія, безумоўна, былі задаволеныя: кошты на прадукты заставаліся ўкраінскія, а пэнсіі і заробкі ўжо пачыналі быць расейскія. А сёньня яно выходзіць так, што заробкі засталіся мінулагоднія (пры амаль двухразовай дэвальвацыі рубля), а цэны ўпэўнена растуць да расейскіх, яны ўжо зусім не ўкраінскія. Адпаведна, пакупніцкая здольнасьць, можна казаць упэўнена, упала ўдвая.

То бок кошты падскочылі як мінімум разы ў два, а даходы насельніцтва як былі год таму, так і засталіся нерухомымі. Людзі гэты спад, несумненна, адчуваюць. Таму, я лічу, самае галоўнае, які б ні быў урад у Крыме — ці расейскі, ці ўкраінскі, ці нават беларускі, — гэта абараніць тыя сацыяльныя масы людзей, якія найбольш церпяць. Найперш гэта тычыцца пэнсіянэраў і тых, хто мае абмежаваньні да працы. Каб яны не пакутавалі хоць бы што да забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня».

А як ацаніць індэкс шчасьця крымчукоў, калі адвязацца ад каўбасы і зірнуць на стан грамадзтва з вышыні маральнасьці? Жыхар Севастопаля, прарасейскага яшчэ за часамі ўкраінскай дзяржаўнасьці, Уладзімер Кудзінаў канстатуе: разам з расейскімі парадкамі ў Крым прыйшло і непрыманьне іншадумства:

Калі ўзяць і параўнаць Расею, Украіну, Беларусь і Казахстан, аснову постасавецкай прасторы, то толькі ва Ўкраіне нараджаюцца парасткі дэмакратыі

«Ну што тут сказаць? Рэаліі такія, што мы сёньня жывём у Расейскай Фэдэрацыі. Калі ўзяць і параўнаць Расею, Украіну, Беларусь і Казахстан, аснову постасавецкай прасторы, то толькі ва Ўкраіне нараджаюцца парасткі дэмакратыі. Чалавек можа свабодна штосьці выказаць, не прыніжаючы іншых, і не баяцца за гэта перасьледу. А ва ўсіх іншых выпадках адразу ж трапляеш пад каўпак ФСБ, калі ты ў Расеі, ці на заметку да КДБ, калі ў Беларусі. Толькі за тое, што ты „іншы“ чалавек, зь іншай думкай.

Таму я лічу, што самае галоўнае, каб у любой дзяржаве на першым месцы была свабода слова і гарантаваньне дэмакратычных правоў. А ўжо на другім этапе каб дадаваліся ўсе іншыя жыцьцёвыя аспэкты...

Даводзіцца шмат зь людзьмі размаўляць, але, на жаль, пазыцыя аднолькавая: ад нас мала залежыць, які лёс Крыму наканаваны далей. То бок, ці гэта будзе траістае кіраваньне — Турэччыны, Расеі і Ўкраіны — чаго многія не выключаюць, спасылаючыся на кіпрскі досьвед. Магчыма ж такое? Ці гэта будзе цалкам расейская мадэль, калі мець на ўвазе пабудову структуры грамадзтва, ці нешта іншае, уключна зь вяртаньнем украінскай мадэлі. Варыянты пакуль застаюцца».

Усясьветная супольнасьць не прызнала крымскага «рэфэрэндуму», спасылаючыся на тое, што, найперш, мела месца расейская анэксія часткі ўкраінскай тэрыторыі, а па-другое, сам «плебісцыт» быў прыдуманы і зрэжысіраваны ў Маскве.

XS
SM
MD
LG